viasna on patreon

Людмілу Царану асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі" за рэпост аб участковым у тэлеграме Дапоўнена

2021 2021-05-06T10:59:00+0300 2021-05-06T11:09:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_carana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Царану на першай лаве ў судзе. Фота spring96.org

Людміла Царану на першай лаве ў судзе. Фота spring96.org

У судзе Пружанскага раёна разглядаецца крымінальная справа супраць Людмілы Царану паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса - "Паклёп".

Справу вядзе суддзя Ігар Жытко. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляе памочніца пракурора Вераніка Манец.

Пацярпелым па справе прызнаны участковы міліцыянт Сяргей Уродніч.

На першае пасяджэнне ў суд прыйшло больш за 10 супрацоўнікаў міліцыі ў якасці слухачоў. Жанчына спрабавала даведацца, ці законна яны знаходзяцца на працэсе, ці не павінны ў дадзены дзень і час выконваць свае абавязкі па ахове грамадскага парадку, казала, што прысутнасць такой колькасці міліцыянтаў маральна на яе цісне, расцэньвае гэта як акт застрашвання.

Згодна з абвінавачваннем, Людміла Царану, маючы намер на распаўсюд загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць участковага інспектара Уродніча, 9 снежня 2020 года ў перыяд часу з 12.03 гадзін да 18.06 гадзін, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы ў зоне дзеяння базавай станцыі мабільнага аператара, выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, які належыць ёй, наўмысна абраўшы спосаб распаўсюджвання ілжывых звестак, разлічаны на азнаямленне шырокага нявызначанага кола асобаў, убачыла ў неўстаноўленым следствам телеграм-канале пост - фатаграфію пацярпелага ў форменным абмундзіраванні з публікацыяй яго персанальных дадзеных, у тым ліку, што ён "ілжэсведчыць ў судах і фабрыкуе пратаколы", - які змяшчае не адпавядаючыя рэчаіснасці звесткі, істотна прыніжае гонар і годнасць асобы, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскасці, зрабіла капіраванне дадзенай фотавыявы і размясціла інфармацыю пра Уродніча ў тэлеграм-группе "Пружаны / Пружана".

sud_pruzany_.jpg

Такім чынам, на думку абвінавачвання, размясціла паклёп аб участковым інспектары Пружанскага РАУС, які з'яўляецца прадстаўніком улады і знаходзіцца пад асаблівай абаронай дзяржавы, чым здзейсніла распаўсюджванне загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу, г.зн. злачынства, прадугледжанае арт. 188 Крымінальнага кодэкса.

Віну Людміла Царану не прызнала, адмовілася ад дачы паказанняў у судзе.

Пацярпелы Сяргей Уродніч суду растлумачыў, што 11 снежня 2020 года пры заступленні на службу даведаўся, што на сайце "Пружаны / Пружана" былі размешчаныя яго асабістыя дадзеныя: прозвішча, імя, імя па бацьку, дзень, месяц і год нараджэння, індэтыфікацыйны нумар, і пазначана, што ён ілжэсведчыў у судах па адміністрацыйных справах, звязаных з арт. 23.34 КаАП (у старой рэдакцыі – заўв. рэд.). Было каля 1000 праглядаў дадзенай інфармацыі на той момант. Уродніч падаў заяву, яго выклікалі ў Следчы камітэт, дзе следчы сказаў, што ёсць падазрэнні, што дадзеную інфармацыю размясціла Людміла Царану, з якой ён быў знаёмы выключна па працы.

Якіх-небудзь канфліктаў ці непрыязных адносін паміж пацярпелым і абвінавачванай не было, праводзіў раней праверку за ўхіленне яе сынам ад праходжання тэрміновай службы. Абвінавачаная заявіла, што гэты факт не мае дачынення да справы, і "гэтая гісторыя таксама яшчэ не скончаная".

Таксама Уродніч паведамім, што ён склаў сем пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 23.34 КаАП. Па ўсіх пратаколах падчас судовых разглядаў былі прынятыя рашэнні, пры гэтым судом не было ўстаноўлена, што ён гэтыя справы сфабрыкаваў. У якой колькасці судовых пасяджэннях выступаў сведкам - не памятае.

У дачыненні да абвінавачанай такога пратаколу пацярпелы не складаў, у суд не накіроўваў.

Заяўляў грамадзянскі пазоў на пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, у судзе іскавыя патрабаванні падтрымаў. Размешчаную інфармацыю лічыць зневажальнай, негатыўна ацэначнай, пагардлівай для яго. Пакуты яго заключаліся ў тым, што некаторыя знаёмыя, даведаўшыся інфармацыю, перасталі з ім мець зносіны, з'явіліся рознагалоссі з жонкай, якая стала яго схіляць да таго, каб ён не працягваў працаваць у міліцыі. Кампенсацыю плануе адправіць на дапамогу дзецям.

На пытанне суддзі, ці выбачылася абвінавачаная перад пацярпелым, Уродніч адказаў: "Ні разу". Пры гэтым у запісу, які праслухалі ў ходзе судовага пасяджэння, выразна чуваць, як Людміла Царану папрасіла ў яго прабачэння ў РУУС, на што ўчастковы інспектар адказаў: "Прабачэнні прынятыя".

Пасля гэтага суд перайшоў да даследавання пісьмовых матэрыялаў справы. Сярод іншага ў іх ёсць заключэнне эксперта-лінгвіста, станоўчыя характарыстыкі і пісьмовыя паказанні абвінавачанай, якія яна давала ў ходзе папярэдняга следства.

На допыце ў следчага Людміла Царану патлумачыла, што знаходзілася дома, праглядала навіны ў тэлеграме, убачыла фотаздымак свайго ўчастковага ў форме. Раней яна з ім была знаёмая як з участковым, часам звярталася да яго па бытавых пытаннях. Убачыўшы інфармацыю, зрабіла яе рэпост у канал "Пружаны / Пружана", але не ўспрымала інфармацыю як ілжэсведчанне ў дачыненні да Уродніча, падзялілася публікацыяй без усялякай мэты.

Таксама быў заслуханы аўдыёзапіс допыту абвінавачанай.

5 траўня ў судзе працягнулася разбіральніцтва па справе. Абвінавачаная заявіла хадайніцтва аб прыпыненні вытворчасці па справе на час правядзення праверкі, бо накіравала ў Следчы камітэт заяву на прыцягненне Сяргея Уродніча да крымінальнай адказнасці за ілжэсведчанне на папярэднім судовым пасяджэнні. Таксама Людміла Царану падала заяву аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да яе, бо у яе дзеяннях адсутнічае склад злачынства па арт. 188 КК: яна не размяшчала першапачатковай публікацыі ў тэлеграм-канале "Чорная кніга Беларусі", а толькі скапіравала яе адтуль, мяркуючы, што размешчаныя звесткі аб участковым інспектары - праўдзівыя. 

"Калі грамадзянін памыляўся адносна сапраўднасці распаўсюджванай інфармацыі, мяркуючы, што атрымаў яе з крыніцы, годнай даверу, крымінальная адказнасць выключаецца", - падкрэсліла ў заяве абвінавачаная. 

Аднак суд не прыняў гэта да увагі, адмовіў у задавальненні хадайніцтва. 

Пасля прайшлі спрэчкі бакоў. Пракурор прасіла суд прызнаць Людмілу Царану вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць на карысць пацярпелага 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Прысуд быў агучаны 6 траўня ў 9.30 раніцы. 

Суд пагадзіўся з прапановай пракурора і асудзіў Людмілу Царану на 1,5 года "хатняй хіміі". Абвінавачаная павінна выплаціць і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Сяргею Уроднічу ў памеры 1000 рублёў

За слова "скот" пад фота ўчастковага жанчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі"

У судзе Пружанскага раёна 30 сакавіка разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да Людмілы Карасоўскай, якую абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка міліцыі Дзмітрыя Казарэнкі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства