У Беларусі 33 палітзняволеныя дзеячы культуры. Маніторынг ПЭН-цэнтра парушэнняў культурных правоў
Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў першую ў гэтым годзе справаздачу пра маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Арганізацыя прыводзіць асноўныя вынікі і тэндэнцыі:
- За 1-ы квартал 2021 года зафіксаваны 291 выпадак парушэння правоў, што складае амаль 50% ад агульнага аб’ёму зафіксаваных выпадкаў за ўвесь 2020-ы год (593). Але ідэнтычная колькасць выпадкаў была ў 4-м квартале 2020-га года (292), калі машына рэпрэсій (а гэта асноўны змест маніторынгу) раскруцілася ўжо напоўніцу. Такім чынам, можна сцвярджаць, што рост рэпрэсій і ціск, якія асабліва моцна выявіліся з 2-га паўгоддзя 2020 года, не слабне і набывае дадатковыя формы.
- Па стане на 31.03.2021 з агульнага ліку палітычных вязняў у краіне – 325 чалавек – 33 адносяцца да дзеячаў культуры. Яшчэ 4 дзеячы культуры прыгавораныя судом да абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (у прастамоўі – “хімія”). Усяго за 1-ы квартал былі асуджаныя 12 чалавек з ліку тых, у дачыненні да каго вядзецца крымінальны пераслед: прыгавораныя да 1,5-3 гадоў абмежавання свабоды (“хіміі”) або да 2-8 гадоў калоніі.
- Асноўныя “тэмы” ціску, або адрасаты рэпрэсій:
- Літаратура: выдаўцы, выдавецтвы, літаратары.
Адбываліся затрыманні і допыты выдаўцоў: Генадзя Вінярскага, Алеся Яўдахі, Андрэя Янушкевіча. Блакіроўка рахункаў выдавецтваў – “Янушкевіч” і “Кнігазбор”. Не пропуск мытняй кніг Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя” і “Беларуская нацыянальная ідэя” аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова. Дыскрэдытацыя шэрагу кніг з дапамогай сюжэтаў на нацыянальным тэлебачанні. Аднабаковае скасаванне дамоваў на рэалізацыю “Белсаюздрукам” выданняў, сярод якіх ёсць прэса з кантэнтам па тэме культуры: газета “Новы Час”, часопіс “Наша Гісторыя”. Прызнанне экстрэмісцкай кнігі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Ігара Ільяша “Беларускі Данбас” і суд у дачыненні да журналіста Рамана Васюковіча, які здзейсніў правоз двух экзэмпляраў кнігі ў Рэспубліку Беларусь да прызнання яе экстрэмісцкай. Судовы працэс за захаванне кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя”, набытай раней ў дзяржаўнай кніжнай краме і канфіскаванай да таго, як у ёй былі знойдзеныя “прыкметы праяў экстрэмізму”. А таксама затрыманне пенсіянераў за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” – чытанне ў цягніку кніг беларускіх пісьменнікаў: Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і іншых класікаў. Пытанне міліцыянера на допыце гучала так: “А чаму вы чытаеце гэтыя кнігі? Гэта апазіцыйная літаратура”.
- Арт-прасторы
ПЭН-цэнтр фіксуе тэндэнцыю, накіраваную на стварэнне перашкод для дзейнасці незалежных культурных прастораў. У пачатку студзеня ў аднабаковым парадку ўладальнік памяшкання скасаваў дамову арэнды з Культурніцкім хабам “Ок16”, у выніку чаго былі адмененыя ўсе (пераважна тэатральныя) мерапрыемствы. Пазней прыходзілі з ператрусам у “Другі паверх” і “Крылы халопа” – забраныя дакументы і тэхніка, ажыццяўляюцца шмалікія праверкі: ад пажарнай інспекцыі да Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Прымусова закрыўся гродзенскі бар і арт-прастора “Трэцяе месца”, гомельскі Red Pub, ствараліся складанасці мінскаму музычнаму клубу “Графіці”. Адменены фестываль сучаснага мастацтва Moving Art Festival, цалкам зачынілася арт-прастора MAF.
- Крамы з сімволікай
ПЭН-цэнтр зафіксаваў факты стварэння перашкод для дзейнасці крамаў, якія гандлююць нацыянальнай сімволікай і адзеннем: “Князь Вітаўт”, Symbal.by, “Росквіт”, “Мой модны кут”, Vokladki, БЧБ.бел, “Адметнасць”, “Цудоўная крама”, “Хамелеон”, LSTR Adzieńnie, майстэрні Moj rodny kut. Частка з іх была вымушаная спыніць сваю дзейнасць цалкам або часткова.
- Пытанні спрэчнай памяці: крымінальныя справы пра “рэабілітацыю нацызму”
– “Польская справа”, якая масава разгарнулася ў сакавіку па факце мерапрыемства, праведзенага з нагоды Дня памяці “выклятых жаўнераў” у польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце. У выніку было затрыманае кіраўніцтва не прызнанага ў Беларусі Саюза палякаў, дырэктары грамадскіх школ пры ім: Ганна Панішава, Аляксандр Наводнічы, Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая, адбыліся ператрусы ва ўстановах у Гродне, Брэсце, Баранавічах, Лідзе, Ваўкавыску.
– Крымінальныя справы на Алеся Пушкіна (мастака) і Паўла Мажэйку (кіраўніка цэнтру) за дэманстрацыю партрэта ўдзельніка антыбальшавісцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара на выставе ў “Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гродне.
– Адмена паказу спектакля і пагрозы ўзбуджэння крымінальнай справы ў адрас акцёраў тэатральнай пастаноўкі “Кадыш” (таксама павінна была праходзіць у “Цэнтры гарадскога жыцця” ў г. Горадні, тэма спектакля – Халакост).
4. Акрамя таго, у дачыненні да дзеячаў культуры працягнуліся:
- звальненні нязгодных, раней заўважаных у актыўнай грамадзянскай пазіцыі супрацоўнікаў тэатраў: Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; музеяў: Музея гісторыі Магілёва, Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Музея Беларускага Палесся; адукацыйных устаноў: Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і іншых месцаў;
- адмовы музыкам і артыстам ў правядзенніканцэртаў і выдачы гастрольных пасведчанняў;
- адвольныя затрыманні, выклікі на допыты, спробы пранікнення ў кватэры, арышты за карыстанне гістарычнай сімволікай і іншыя выпадкі.
У дачыненні культурных правоў:
- Стварэнне перашкод у ажыццяўленні права на карыстанне прадуктамі культуры: адвольнае затрыманне слухачоў курсаў беларускай мовы ў Ваўкавыску; канвойнае суправаджэнне экскурсій ці затрыманне экскурсантаў у Полацку, Навагрудку, Мінску; арышт гледачоў канцэрта ў Смалявічах.
- Парушэнні, звязаныя з выкананнем Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, факты дыскрымінацыйнага стаўлення да беларускай мовы.
-
5. ПЭН-цэнтр таксама вылучае тэндэнцыю мэтанакіраванай дыскрэдытацыі дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ. Асобна былі прааналізаваныя 123 артыкулы у найбуйнейшым дзяржаўным выданні краіны, і зафіксавана 237 дыфамацыйных/зняважлівых выказванняў у адрас 89 дзеячаў культуры. Часцей за іншых выказванні, што зняслаўлівалі гонар і дзелавую рэпутацыю, былі здзейсненыя ў адрас Мікалая Халезіна, Марыі Калеснікавай, Юліі Чарняўскай, Ксеніі Фёдаравай, Уладзіміра Мацкевіча, Віктара Бабарыкі і Наталлі Каляды.
6. Таксама асобна фіксуюцца шматлікія выпадкі:
- барацьбы з сімваламі (ліквідацыя бела-чырвона-белай сімволікі) і акцыямі салідарнасці пратэстнага руху;
- «якасці» мэнеджменту дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры.