Ваеннага пенсіянера, які ўдарыў кантралёра і абразіў прэзідэнта, асудзілі на тры месяцы арышту
Яшчэ 6 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вайсковага пенсіянера Міхаіла Рудко, якога абвінавачвалі ў гвалце ў дачыненні да службовай асобы – кантралёра Мінсктранса Паўла Максімовіча і абразе прэзідэнта.
Справу разглядала суддзя Алена Жывіца, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівала Ульяна Рудніцкая. ПЦ “Вясна” у межах маніторынгу палітычна матываваных крымінальных справаў ажыццяўляў назіранне за дадзенай справай.
У чым вінавацілі ваеннага пенсіянера?
Згодна з агучаным абвінавачаннем, 23 верасня 2020 года каля 7:20 раніцы ў дачыненні да Міхаіла Рудко быў распачат адміністрацыйны працэс за безбілетны праезд у тралейбусе №27 на прыпынку грамадскага транспарту “Механіка-тэхналагічны каледж” па вул. Казінца, 12. У сувязі з тым, што ў мужчыны пры сабе не было дакументаў, якія сведчаць асобу, яму было прапанавана пакінуць тралейбус і застацца на прыпынку грамадскага транспарту чакаць нарад міліцыі. Яшчэ ў тралейбусе паміж пасажырам і кантралёрам завязалася моўная сварка, падчас якой Міхаіл Рудко выказваўся нецэнзурна, паказваючы сваё негатыўнае стаўленне да дзеючай улады.
Дзяржаўная абвінаваўца Ульяна Рудніцкая ў сваёй прамове падкрэсліла, што, акрамя гвалту ці пагрозы ўжывання гвалту ў адрас службовай асобы – кантралёра (ч. 1 арт. 366 КК), абвінавачаны здзейсніў злачынства ў стане алкагольнага ап'янення, “маючы і рэалізуючы адзіны намер, накіраваны на публічную абразу прэзідэнта, намер і жаданне публічна і ў непрыстойнай форме зняважыць гонар і годнасць дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі, у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў, выказваючы адкрытую праяву варожасці, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, кіруючыся нізіннымі намерамі, якія выяўляліся ў жаданні прадставіць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у зневажальным стане ў вачах грамадскасці, і ў прысутнасці старонніх грамадзянаў наўмысна і супрацьпраўна публічна абразіў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнку, а менавіта выказваў у славеснай форме фразы з ненарматыўнай лексікай, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта, выяўленую ў непрыстойнай форме”. Па меркаванні пракурора, Міхаіл Рудко здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
У судовым паседжанні абвінавачаны настойваў, што быў цвярозым, напярэдадні ўвечары выпіў дзве няпоўных паўлітровыя бутэлькі піва, выказаўся ў адрас прэзідэнта пасля болевага прыёму Паўла Максімовіча, які, паводле яго слоў, выкруціў яму руку, чым траўміраваў сухажылле:
“Так, пасля болю, які адчуў, сказаў вельмі дрэннае слова”, - патлумачыў Міхаіл Рудко.
Сваё эмацыйнае стаўленне да сітуацыі Міхаіл Рудко спрабаваў пацвердзіць дакументальна, падаўшы даведку аб траўме галавы і пераломе чэрапа, атрыманага яшчэ ў 2011 годзе. Пракурор выступіла супраць далучэння дадзенага дакумента, суддзя адхіліла хадайніцтва абвінавачанага.
Што стала вядома ў судзе?
Як высветлілася ў судовым паседжанні, у чаканні нарада міліцыі пацярпелы Павел Максімовіч перашкаджаў абвінавачанаму, заступаў дарогу, каб той не схаваўся ад кантралёраў. У ходзе сваркі, згодна абвінавачванню, Міхаіл Рудко нанёс удар у вобласць твару, парваў куртку і зламаў металічнае жазло, якое належыць пацярпеламу. Матэрыяльны ўрон ад дзеянняў ваеннага пенсіянера склаў 15 рублёў. У ходзе гэтай сваркі абвінавачаны сказаў, што не збіраецца плаціць штраф і, тым самым, карміць АМАП, пасля чаго нецэнзурна выказаўся ў адрас Лукашэнкі, што было зафіксавана на відэарэгістратар «Dozor».
Міхаіл Рудко віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам. Аднак цягам усяго судовага следства некалькі разоў мяняў сваё стаўленне да абвінавачвання. На апошнім пасяджэнні мужчына ўжо адмаўляў сваю віну па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Павел Максімовіч заявіў іскавыя патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2 500 рублёў, якую абгрунтаваў тым, што яму давялося некалькі дзён хадзіць на працу з апухлай пасля ўдару губой.
Абвінавачаны прызнаў грамадзянскі іск часткова, пагадзіўшыся выплаціць матэрыяльную шкоду ў памеры 15 рублёў і кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 50 рублёў. Штраф за безбілетны праезд Міхаіл Рудко аплаціў праз тыдзень пасля інцыдэнту.
Адвакат абвінавачанага ўдакладніла ў Паўла Максімовіча, ці знаходзіўся ён на бальнічным, на што пацярпелы адказаў адмоўна.
Нарад міліцыі прыбыў на прыпынак толькі праз 1 гадзіну і 40 хвілін пасля першага званка ў дзяжурную частку Кастрычніцкага РУУС Мінска. Як растлумачыў Павел Максімовіч, згодна са службовай інструкцыяй, кантралёр грамадскага транспарту не мае права затрымліваць пасажыра, у якога пры сабе няма дакументаў, што сведчаць асобу, такія паўнамоцтвы маюцца толькі ў міліцыі. Пасля прыбыцця супрацоўнікаў міліцыі, кантралёр перадаў ім безбілетнага пасажыра, а яны ўжо даставілі Міхаіла Рудко ў Кастрычніцкае РУУС Мінска, дзе яго апытваў следчы.
Ульяна Рудніцкая задавала пытанні абвінавачанаму:
“Калі вас схапіў кантралёр, пры чым тут прэзідэнт?”
На што абвінавачаны адказаў: “У мяне быў болевы шок”.
Дзяржабвінаваўца ўдакладніла, ці называў Міхаіл Рудко прозвішча прэзідэнта, на што атрымала адказ:
“Так, пры кантралёру сказаў два словы ў выніку болевага шоку”.
Пасля гэтага пракурорка спытала ці меў на ўвазе абвінавачваны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Міхаіл Рудко адказаў суха: “Так точна... Сказаў ад болю”.
Ульяна Рудніцкая перайшла да допыту пацярпелага і пасля некалькіх пытанняў па абставінах інцыдэнту ўдакладніла, ці прыцягваўся пацярпелы да дысцыплінарнай адказнасці падчас працы кантралёрам. Павел Максімовіч растлумачыў, што кантралёрам прапрацаваў з 2013 года па 13 лістапада 2020 г., на дадзены момант працуе грузчыкам УП «Спецкамунаўтатранс», звольніўся ў сувязі са сканчэннем кантракта. Пасля гэтага абвінавачаны ўстаў і прамовіў:
“Павел Міхайлавіч, скажыце суду праўду, вас звольнілі пасля інцыдэнту са мной?!”.
На пытанне Ульяны Рудніцкай былы кантралёр адказаў:
“Было, што сыходзіў з маршруту на дзве гадзіны”.
Пасля адказу дзяржаўны абвінаваўца зачытала характарыстыку Паўла Максімовіча з Мінстрансу, згодна з якой пацярпелы прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці, у апошні раз за адсутнасць на працоўным месцы некалькі гадзін 8 сакавіка, рэзюмавала: “Характарыстыка ў вас адмоўная”.
У судовым паседжэнні некалькі гадзін вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы: спачатку пракурорка зачытвала расшыфроўку размовы пацярпелага і абвінавачанага з запісу відэарэгістратара, на якой зафіксавана як Міхаіл Рудко неаднаразова адказвае на пытанні Паўла Максімовіча нецэнзурнай лексікай. Пасля суддзя Алена Жывіца, павярнуўшы ноўтбук да залы, вывучала ўсё змесціва відэазапісу інцыдэнту, што меў месца 23 верасня мінулага года. Суддзя ўдакладніла ў былога кантралёра:
“Калі бачылі, што чалавек канфліктны, узбуджаны, для чаго падначвалі і правакавалі Рудко на агрэсіўныя паводзіны словамі: “Давайце, кажыце! На суткі паедзеце!” Для чаго гэта было рабіць з вашага боку?”
Павел Максімовіч адказаў: “Само выскачыла”.
У судзе былі заслуханы паказанні сведкі – другога кантралёра грамадскага транспарту. Трэці кантралёр у якасці сведкі ў суд не з'явіўся з-за знаходжання на лініі, у сувязі з чым суддзя ўсклала на пракурора абавязак забяспечыць яго яўку для паўнаты судовага разбору. У судовым паседжанні быў абвешчаны перапынак.
Што вызначылі эксперты?
15 студзеня ў судовым паседжанні працягнулася даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы. Так, пракурорка Ульяна Рудніцкая зачытала пратакол агляду, праведзенага следчым і спецыялістам з Камітэта судмедэкспертыз. Прыводзім цікавыя вытрымкі ацэнкі сказанага ў адрас Лукашэнкі:
“Маецца выказванне нецэнзурнага зместу, якое складаецца з дзвюх лексем. Ужываецца ў значэнні “мужчына аднаполай сэксуальнай арыентацыі”; альбо ў значэнні “зняважлівае, абразлівае, аб адчуваннях аб тым, хто выклікае моцнае раздражненне, гнеў, пагарду”; альбо негатыўнае выказванне, абразлівае аб любым юнаку, мужчыне, які выклікае пагарду знешнасцю, супастаўнае з вобразам гамасэксуаліста”.
Як адзначаецца ў заключэнні спецыяліста, “выказванне да Лукашэнкі нецэнзурнае, устанавіць актуальнае значэнне лексемы не ўяўляецца магчымым, так як магчыма рэалізацыя любога з прыведзеных значэнняў”.
У ходзе далейшага вывучэння матэрыялаў справы стала вядома, што абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, але ў 2011 г. быў пацярпелым па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 147 КК – “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”. Тады Міхаіла Рудко збілі, яму быў выстаўлены дыягназ: “адкрытая цяжкая чэрапна-мазгавая траўма, пералом зводу асновы чэрапа справа з ціскам мозгу, востра-масіўная эпідуральная гематома левай скронева-цемянной патылічнай вобласці, субдуральная гематома левага паўшар'я”, з якім ён знаходзіўся на лячэнні ў БХМД. На гэты раз і пракурор, і судзьдзя палічылі неабходным далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы копію эпікрыза.
Пасля далучэння дакументаў, якія пацвярджаюць траўму галавы, суддзя паставіла пытанне аб прызначэнні па справе амбулаторнай судова-псіхіятрычнай экспертызы ў дачыненні да абвінавачанага. Перад экспертам былі пастаўлены наступныя пытанні:
- Ці пакутаваў абвінавачваны падчас здзяйснення грамадска небяспечнага дзеяння на хранічнае псіхічнае захворванне, часовае расстройства псіхікі, недаўсціп ці іншы хваравіты стан псіхікі?
- Ці пакутуе абвінавачаны ў цяперашні час на хранічнае псіхічнае захворванне або расстройства, недаўсціп ці іншы хваравіты стан псіхікі?
- Ці быў здольны абвінавачаны ў поўнай меры ўсведамляць фактычны характар грамадска небяспечнага дзеяння, якое яму інкрымінуецца, кіраваць ім у момант здзяйснення злачынства і ў цяперашні час?
- Ці можа абвінавачаны самастойна бараніць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе, альбо ўдзел абаронцы абавязковы?
- Ці пакутуе абвінавачаны хранічным алкагалізмам, наркаманіяй і таксікаманіяй?
- Ці мае патрэбу абвінавачаны ва ўжыванні прымусовых мераў бяспекі і лекавання да асобаў, якія пакутуюць хранічным алкагалізмам, наркаманіяй і таксікаманіяй?
- Ці ёсць у абвінавачанага супрацьпаказанні да такога лекавання?
Правядзенне экспертызы было даручана Упраўленню камітэта судэкспертыз па Мінску цягам аднаго месяца. З мэтай скарачэння тэрміну правядзення экспертызы суддзя дазволіла эксперту для патрэбных даследаванняў прыцягнуць псіхолагаў, лекараў-кансультантаў і іншых спецыялістаў, адмысловыя веды якіх неабходны для правядзення даследавання, а таксама скарыстаць архіўную медычную дакументацыю, а ў доступ экспертаў прадставіць матэрыялы крымінальнай справы. На час правядзення экспертызы вытворчасць па справе была прыпыненая.
Паводле праведзенай экспертызы ў абвінавачанага выяўлена псіхічнае расстройства - захворванне ў форме арганічнага эмацыйнага няўстойлівага расстройства. У перыяд здзяйснення інкрымінаваных дзеяў мог усведамляць свае дзеянні і кіраваць імі.
Адвакат абвінавачанага заявіла хадайніцтва пра далучэнне да матэрыялаў справы паштовай квітанцыі на суму 15 рублёў, якія абвінавачаны выслаў пацярпеламу ў якасці кампенсацыі матэрыяльнай шкоды. Суддзя задала пытанне пацярпеламу, ці атрымаў ён гэтыя грашовыя сродкі. Максімовіч заявіў, што ніякіх паштовых пераводаў ад абвінавачанага не атрымваў. Тады Алена Жывіца ўдакладніла ў абвінавачанага, ці вярнулі яму грошы, на што ён адказаў сцвярджальна.
Якія пазіцыі былі агучаныя падчас спрэчак бакоў?
У ходзе спрэчак бакоў прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання Ульяна Рудніцкая сцвярджала, што віна абвінавачанага даказаная ў поўным аб'ёме. У якасці змякчальнай віну акалічнасці пракурорка прывяла спробу кампенсацыі абвінавачаным нанесенай шкоды.
У якасці абцяжарвальнай віну акалічнасці пракурорка папрасіла прызнаць здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап'янення.
Па артыкуле аб гвалце ў дачыненні да кантралёра (арт. 366 КК) пракурорка прасіла прызначыць пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы. Па артыкуле аб абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) - арышт тэрмінам на тры месяцы. Вынікова Ульяна Рудніцкая папрасіла суд пакараць Міхаіла Рудко арыштам тэрмінам на тры месяцы, а таксама задаволіць іскавыя патрабаванні пацярпелага з улікам прынцыпу разумнасці і справядлівасці.
Пацярпелы Павел Максімовіч у спрэчках папрасіў суд “пастражэй пакараць” абвінавачанага.
Адвакатка абвінавачанага прасіла суд апраўдаць абвінавачанага па артыкуле пра гвалт у дачыненні да службовай асобы, паколькі ў яго дзеяннях адсутнічаў намер на гвалт. Абаронца таксама прасіла выключыць з абвінавачання здзяйсненне дзеянняў у стане алкагольнага ап'янення ў сувязі з тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць дакументы, якія паказваюць на наяўнасць алкаголю ў крыві. Адвакатка прывяла норму з КПК пра прэзумпцыю невінаватасці, паводле якой усе сумневы тлумачацца на карысць абвінавачанага.
Па артыкуле аб абразе прэзідэнта абаронца прасіла прызначыць найбольш мяккае пакаранне, паколькі сказанае яе падабаронным стала следствам траўміруючага дзеяння з боку пацярпелага. Адвакатка таксама прасіла суд улічыць выключна станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага, а таксама адсутнасць у яго судзімасці.
У апошнім слове Міхаіл Рудко заявіў, што прызнае сябе вінаватым па артыкуле аб абразе прэзідэнта, пры гэтым сказанае ім стала следствам болевага шоку. Віну ў гвалце ў дачыненні да службовай асобы абвінавачаны не прызнаў.
30 красавіка пасля спрэчак суддзя абвясціла аб сыходзе ў дарадчы пакой, але прысуд не вынесла. Алена Жывіца вырашыла выклікаць і дапытаць эксперта ў якасці сведкі.
4 траўня сведка ў суд не з'явіўся, пасля чаго пракурор вырашыла прад'явіць абвінавачванне зноўку.
На працэсе 13 траўня абвінавачаны заявіў, што не прызнае сваю віну ні па адным з артыкулаў.
Што вырашыў суд?
У выніку суддзя Алена Жывіца вырашыла, што віна Міхаіла Рудко даказаная, і пакарала яго па сукупнасці двух злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім арыштам на тэрмін 3 месяцы. Да ўступлення прысуду ў сілу абвінавачваны будзе па-ранейшаму знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Міхаіла Рудко:
- працэсуальныя выдаткі, выдаткаваныя дзяржаўнай судова-экспертнай установай, на набыццё расходных матэрыялаў у суме 12 капеек;
- кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу Паўлу Максімовічу ў памеры 2000 рублёў, а таксама 15 рублёў у кошт шкоды, прычыненай злачынствам;
- дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў 75 капеек.
Алена Жывіца вынесла прыватную пастанову аб парушэнні, дапушчаным следчым пры вынясенні пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе Міхаіла Рудко, – адсутнічала дата здзяйснення злачынства, што пацягнула прад'яўленне новага абвінавачвання ў ходзе судовага разбору і адпаведна зацягванне тэрмінаў разгляду крымінальнай справы. Суд пастанавіў аб выкладзеных фактах давесці да начальніка Кастрычніцкага раённага аддзела СК для прыняцця мер рэагавання і недапушчэння падобных парушэнняў у далейшай працы, і абавязаць даць адказ суду аб прынятых захадах на працягу месяца.
На дадзены момант, гэта самы доўгі крымінальны працэс па палітычных матывах, які цягнуўся больш за пяць месяцаў.