У Магілёве асудзілі журналістаў, Паўла Севярынца паставілі на ўлік. Хроніка палітычнага пераследу 15 траўня
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дому, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Віцебск
У Віцебску ўвечары 15 траўня быў затрыманы Іван Кулько.
Брэст
Увечары 14 траўня ў Брэсце затрымалі сябра прафсаюзу РЭП Аляксандра Сахарука, піша Белсат.
Ён паспеў сказаць сябрам, што затрыманы на 72 гадзіны і перабывае ў Ленінскім РАУС Брэста. Аляксандр Сахарук – вядомы грамадскі актывіст, ветэран-афганец.
Магілёў
У Магілёве адбыліся суды над затрыманымі журналістамі Аляксандрам Бураковым і Уладзімірам Лапцэвічам, а таксама над старшынём абласной арганізацыі АГП Уладзімірам Шанцавым. Усіх траіх затрымалі 12 траўня каля будынку Магілёўскага абласнога суда, дзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова і Андрэя Войніча.
Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча асудзілі на 20 сутак арышту кожнага, а Уладзіміра Шанцава – на 15 сутак.
Як піша тэлеграм-канал MAYDAY, на пасяджэнні Аляксандр Буракоў распавёў, што ён падвяргаецца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Затрыманаму не даюць нармальна спаць ужо некалькі начэй, бо рэгулярна ладзяць праверкі з распрананнем дагала ў калідоры, а таксама не перадалі перадачу, якую сваякі Буракова занеслі ў ІЧУ яшчэ ў чацвер.
Таксама журналіст пацвердзіў, што пачаў галадоўку.
Стала вядома, што палітыка Паўла Севярынца паставілі на прафілактычыны ўлік як экстрэміста. Пра гэта распавяла ягоная жонка Вольга на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Гэта ў тэорыі цягне за сабой цэлы комплекс мер, які падбіраецца да кожнага індывідуальна, наколькі я зразумела з апісанняў іншых родных. Патрэбна гэта толькі для таго, каб ламаць чалавека ў турме.
У выніку нам ад Пашы перасталі прыходзіць лісты, увогуле. У яго камеры правялі такі шмон, што з матрацам выставілі за дзверы не толькі яго, як «экстрэміста», але і ўсіх астатніх сукамернікаў, намякаючы, што церпяць яны вось з-за гэтага аднаго».
Інфармацыя будзе дапаўняцца