Прысуд палітвязню Аляксандру Раентаву: пяць год калоніі агульнага рэжыму Дапоўнена
У судзе Фрунзенскага раёну Мінска вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня Аляксандра Раентава. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342 КК і ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядаў суддзя Андрэй Млечка. Бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Таратынка. Пацярпелыя — Хоміч, Дзмітрый Агіевіч, Андрэй Свядыш.
На папярэднім пасяджэнні адбываліся спрэчкі бакоў.
Пазіцыя дзяржабвінавачвання
Пракурор Таратынка заявіў, што віна Аляксандра Раентава цалкам даказаная па ўсіх складах прадстаўленага абвінавачвання.
Было даказана, што Раентаў быў адміністратарам чата “Палігон”.
З паказанняў пацярпелага Хоміча вынікае, што Раентаў удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 29 жніўня, а таксама кіраваў натоўпам, паказваючы напрамак руху.
15 лістапада ён сустрэўся з групай грамадзян і прайшоў з імі па маршруце і затым выйшлі на праезную частку на вуліцы Някрасава. На дыску з аператыўнага назірання відаць, што група цалкам займала праезную частку, чым перашкаджала руху грамадскага транспарту.
З аналізу паведамленняў чата “Палігон” зафіксавана распаўсюджванне дэструктыўнай інфармацыі.
Паказанні сведак, што Раентаў не заклікаў іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах не могуць быць прынятыя судом, бо асобы не кампетэнтныя і аказваюць садзейнічанне Раентову. А адзін з іх прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
"З чэрвеня па снежань арганізоўваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што відаць з таго, што ён арганізоўваў збор удзельнікаў шляхам размяшчэння паведамленняў у чаце, кіраваў іх дзеяннямі, меў зносіны з удзельнікамі несанкцыянаваных мерапрыемстваў", кажа пракурор
Актыўна супраціўляўся з ужываннем гвалту: хапаў пацярпелага Агіевіча за перадплечча, што відаць на відыёзапісе.
Змякчальныя абставіны - наяўнасць малалетняга дзіцяці на ўтрыманні.
Пракурор прасіў пакараць Раентава па ч.1 арт 342 КК – пазбаўленнем волі на тры гады, па ч.2 арт. 363 – таксама пазбаўленне волі на тры гады
Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначыць - пазбаўленне волі 5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму.
Таксама спагнаць на карысць пацярпелага Свядыша 1 000 рублёў маральнай кампенсацыі.
Пазіцыя абароны Раентава
Адвакат кажа, што па эпізодзе за 15 лістапада ў матэрыялах справы ёсць дадзеныя з Мінсктранса, што транспарт ішоў па раскладзе. Тым самым Раентаў з іншымі асобамі не перашкаджалі руху грамадскага транспарту. Дзеянні Раентава не спалучаныя з непадпарадкаваннем супрацоўнікам унутраных спраў, бо за ім толькі назіралі, іншых узаемадзеянняў з ім не было.
Па эпізодзе 29 жніўня ўсе пацярпелыя сцвярджаюць, што зайшлі ў сярэднія дзверы, аднак на відэа відаць, што гэта не так.
Ніхто з пацярпелых за медыцынскай дапамогай не звяртаўся.
Відэазапіс мае прыкметы мантажу, што відаць няўзброеным вокам. Апроч гэтага прысутнічае накладанне гуку.
Сам пацярпелы Агіевіч сказаў, што ня можа апазнаць сваіх калег, паколькі на іх не відаць знакаў адрознення.
“У Раентава не было намеру да супраціву. Бо не даказана было, што можна было ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў міліцыі, яны не прадставіліся належным чынам, не папярэдзілі пра ўжыванне да Раентава фізічнай сілы. Таму прашу апраўдаць і адмовіць у грамадзянскім пазове пацярпеламу,” – заяўляе адвакат.
Палітвязень Аляксандр Раентаў адмовіўся даваць паказанні
17 траўня агалошаны прысуд: прызнаць вінаватым па ўсіх эпізодах абвінавачвання і прызначыць пакаранне:
па ч.1 арт. 342 КК – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады;
па ч. 2 арт. 363 КК - пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады.
Шляхам частковага накладання прысудаў канчатковы прысуд - пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму.
Суд таксама задаволіў зыск пацярпелага Свядыша - 1 000 рублёў маральнай кампенсацыі.