viasna on patreon

Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць

2021 2021-05-18T09:45:00+0300 2021-07-26T09:43:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest_perekrestok_khorovody_2020_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы студзеня брэсцкія суды пачалі разглядаць адну з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі — «справу карагодаў». Праз месяц пасля выбараў, 13 верасня, на Маршы герояў у Брэсці на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі і танчылі. "На скрыжаванні ўсё было прасякнута гармонамі шчасця", казалі на судзе абвінавачаныя. Тады для разгону каля тысячы ўдзельнікаў акцыі ўпершыню быў ужыты вадамёт, а потым узбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Колькасць фігурантаў «справы карагодаў» падбіраецца пад сотню: па гэтай справе затрымліваюць і цяпер. Суды адбываюцца ў канвеерным парадку — судзяць «партыямі». На дадзены момант агулам на лаву падсудных па гэтай справе патрапіла ўжо 58 чалавек, з іх за кратамі знаходзяцца адзінаццаць палітзняволеных. Цяпер у Брэсце ідзе ўжо чацвёрты суд па гэтай справе. «Вясна» распавядае, хто судзіць фігурантаў «справы карагодаў» і ў якіх «палітычных» справах яны яшчэ «засвяціліся». 

brest_perekrestok_khorovody_2020_1.jpeg
Брэст 13 верасня. Фота: МУС

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.

Судовы канвеер па "справе карагодаў" распачаў Святаслаў Каліна

kalina_brest.jpeg
Суддзя Святаслаў Каліна. Фота: "Белсат"

Першы суд па «справе карагодаў» пачаўся 20 студзеня. Пратэстоўцаў судзілі ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Справу разглядаў суддзя Святаслаў Каліна. 

На лаве падсудных, сярод абвінавачаных, апынулася тады палітвязняволеная настаўніца англійскай мовы Марына Глазава. Па гэтай справе яна правяла два месяцы ў СІЗА. Гэта была адзіная на той момант фігурантка гэтай справы, у дачыненні да якой абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Потым гэтая практыка атрымала даволі шырокі распаўсюд.

25 лютага Каліна вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў":

  • Ярашук Яраслаў, Марына Глазава– 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
  • Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").

У Брэсце судзяць адразу 10 чалавек па "справе карагодаў". Не ўсе прызнаюць сваю віну

У судзе Ленінскага раёна Брэста 20 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкула 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава.

Справа "парванай курткі" і "скрадзенай рацыі". Каго яшчэ судзіў Каліна

Святаслаў Каліна – вядомы ў Брэсце «палітычны» суддзя. З пачатку выбарчай кампаніі за ўдзел у акцыях ён асудзіў на штрафы і суткі мінімум 15 чалавек. За ўдзел у акцыі супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы 14 ліпеня ён арыштаваў на 15 сутак Яўгена Сіняка – фігуранта «справы карагодаў», якога цяпер разам з палітзняволеным сынам Арсеніям судзяць у чацвёртай «партыі». Раней ён пакараў за ўдзел у пратэстах больш за дзесятак праціўнікаў заводу АКБ, праваабаронцаў Уладзіміра Вялічкіна і Тамару Шчапёткіну, незалежных журналістаў. На суткі ў 2018 годзе ён адпраўляў блогера Аляксандра Кабанава (цяпер палітзняволены).

Цяпер Каліна судзіць яшчэ па крымінальных «палітычных» справах. Так, ён асудзіў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў) на 2 гады «хатняй хіміі» Дар'ю Палякову за парваную куртку міліцыянта 25 кастрычніка.

Таксама Каліна разглядаў справу аб "скрадзенай" рацыі. Нагадаем, падчас нядзельнай акцыі ў Брэсце 20 верасня Дзмітрыя Шчурко паспрабавалі затрымаць трое чалавек без апазнавальных знакаў, у чорнай вопратцы і балаклавах. Людзі побач з Дзмітрыем сталі арганізоўвацца ў счэпку, завязалася бойка. Дзмітрыя "адбілі" пратэстоўцы, пасля чаго мужчына ўбачыў рацыю, якая ляжыць на зямлі. Ён яе падняў, "ні з якога падсумка не выхопліваў". Каліна асудзіў Дзмітрыя на 2 гады «хатняй хіміі» па ч. 1 арт. 205 (Крадзеж).

Суддзя Святаслаў Каліна таксама разглядаў крымінальную справу супраць экс-кіроўцы школьнага аўтобуса Мікалая Вакуліча, які напаў на медыка 5 студзеня ў Брэсце. Паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) яго пакаралі на 2 гады "хіміі".

Пачаў адпраўляць у калонію. Дзмітрый Шурын судзіў другую «дзесятку»

Суддзя Дзмітрый Шурын
Суддзя Дзмітрый Шурын

Паралельна з першым працэсам у гэтым жа судзе Ленінскага раёна Брэста пачалі судзіць яшчэ адну «дзясятку». Іх справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын. Ён распачаў практыку вынясення прысудаў па гэтай справе, якія рэальна звязаныя з пазбаўленнем волі. 15 сакавіка Шурын асудзіў Дзмітрыя Буневіча і Аляксея Арцецкага (цяпер палітзняволеных) да 1 года і 8 месяца і паўтары гады калоніі агульнага рэжыму адпаведна. Яшчэ шэсць чалавек ён пакараў "хіміяй" і "хатняй хіміяй":

  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
  • Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.

Дзяржаўнае абвінавачванне ў гэтым працэсе падтрымлівалі пракуроры Юшчук і Ляшок. 

"Справа карагодаў" у Брэсце: судзяць другую дзесятку

У судзе Ленінскага раёна Брэста 15 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксаза ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам.

Асудзіў падлетка за спробу спаліць дзяржаўны сцяг

Суддзя Дзмітрый Шурын «засвяціўся» на судах усіх пратэстных актыўнасцях у Брэсце. Раней ён актыўна судзіў за «кармленне галубоў», потым пачаў судзіць людзей, якія былі затрыманыя за ўдзел у акцыях, звязаных з выбарамі.

Суддзя Ленінскага раёна Шурын асудзіў 17-гадовага кобрынца Арцёма Зелянкова па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса да 6 месяцаў "хатняй хіміі" за спробу спаліць 27 верасня дзяржаўны сцяг у Брэсце каля фантана на цэнтральнай вуліцы горада.

Па "справе карагодаў" прызнала вінаватымі адразу 14 чалавек, палітвязня адправіла ў калонію. Трэцюю "партыю" вяла Іна Клышпач

Суддзя Іна Клышпач
Суддзя Іна Клышпач

Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня асудзіў яшчэ 14 фігурантаў па "справе карагодаў". Дзяржабвінавачванне па справе падтрымлівалі Бараноўскі і Алена Шарко. Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі:

  • палітзняволены грамадзянін Расіі Даніла Чамаданаў — 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7);
  • мясцовая актывістка Алена Гнаук, Марыя Скакавец і Васіль Чарнецкі — 2 года "хатняй хіміі";
  • Віктар Лабко, Сяргей Наліўка і Кірыл Луд, студэнты Уладзіслаў Навіцкі і Радзівон Кандрацюк — 2 гады "хіміі";
  • Вікторыя і Алена Лысковіч (маці і дачка) — 1,5 "хіміі";
  • лекар Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўска, маці чатырох дзяцей Людміла Луцкая — 1,5 "хатняй хіміі".

"На скрыжаванні ўсё было прасякнута гармонамі шчасця": у судзе па "справе карагодаў" у Брэсце пачаўся допыт абвінавачаных

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 16 красавіка працягнуўся суд суд над трэцяй партыяй абвінавачаных па "справе карагодаў". 

"Вам я дарую, вызваляю ад асабістай адказнасці за мой прысуд". Што сказалі фігуранты "справы карагодаў" у апошнім слове

Перад тым, як суддзя Іна Клышпач сышла ў дарадчы пакой для пастановы прысуду 7 траўня, абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.

1 красавіка вынесла прысуд па "справе падвешанага пудзілы"

Калі суддзі Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын і Святаслаў Каліна ладзілі “судовыя канвееры”, на якіх ужо дзясяткі берасцеўцаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях, шэсцях і мітынгах. То ў судзе Маскоўскага раёна Іна Клышпач была не такой актыўнай па “палітычных” адміністрацыйных справах. Але 8 лістапада адразу на 15 сутак яна адправіла мясцовага актывіста Андрэя Шарэнду за ўдзел у восеньскай акцыі пратэсту ў Мінску.

1 красавіка Клышпач асудзіла па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзйсненае групай асоб) за вывешванне пудзіла ў Брэце Андрэя Коласа да 3 гадоў «хіміі», палітычных зняволеных Вольгу Завадскую і Юлію Бодак — да 3 гадоў «хатняй хіміі». Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года яны вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расліннасці пудзіла і прывезлі да месца "імправізаванага пакарання" на Варшаўскай шашы, дзе яго падвесілі.

На адной лаве падсудных — тры палітвязні па "справе карагодаў". Іх судзіць старшыня суда Сяргей Маручак

Суддзя Сяргей Маручак
Суддзя Сяргей Маручак

Чацвёртую «партыю» фігурантаў «справы карагодаў» 14 траўня пачаў разглядаць старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка. Справа знаходзіцца на стадыі допыту абвінавачаных.

Справа размаляванага Леніна і ўлётак з "абражальным зместам". Каго яшчэ судзіў старшыня суда

Ілюстрацыя валанцёркі
Ілюстрацыя валанцёркі "вясны": суддзя Маручак і дзяржабвінаваўца Шастачук на судовым пасяджэнні пятага красавіка 2021

Сяргей Маручак таксама знакаміты праз адміністрацыйныя суды за “кармленне галубоў” у Брэсце.

У красавіку ў Маручак асудзіў 33-гадовага Аляксандра Кашпанава па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу  да 2,5 гадоў "хіміі" за расклейванне улётак са звесткамі абразлівага характару ў дачыненні да супрацоўніка Ленінскага РАУС Брэста Андрэя Хвесюка. Тэкст улёткі пра Хвесюка быў узяты з аднаго з телеграм-канала. Там сцвярджалася, што міліцыянт "пасля затрыманняў 9-11 жніўня асабіста збіваў затрыманых у спартзале за тое, што яны няправільна стаялі перад ім на каленях". Таксама Хвясюк называўся "капітанам гестапа". На судзе міліцыянт заявіў пазоў на 1000 рублёў для кампенсацыі яму маральнай шкоды: суддзя задаволіў пазоў. 

Таксама Маручак асудзіў па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу шэсць хлопцаў на тэрміны ад 2,5 года «хатняй хіміі» да 3 месяцаў арышту за нанясенне надпісаў віду "3%" на помнік Леніну ў пасёлку Дамачава (Брэсцкі р-н). 

Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў"

На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства