viasna on patreon

Сілавікі прыйшлі да TUT.BY. Хроніка пераследу 18 траўня Дапоўнена

2021 2021-05-18T18:43:00+0300 2021-05-19T11:34:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zolatava-sud-1-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У офіс TUT.by і да журналістаў прыйшлі сілавікі 

Марына Золатава ў судзе. Фота:
Марына Золатава ў судзе. Фота: "Вясна"

Як паведамляе сам TUT.BY, у офіс TUT.by прыйшлі сілавікі. Адразу некалькі рэдактараў TUT.BY паведамляюць пра тое, што да іх прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У тым ліку да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай. Таксама TUT.BY піша, што акрамя таго не адказваюць на званкі супрацоўнікі рэдакцыі, якія былі ў офісе.

Сілавікі выламалі дзверы на паверсе, дзе жыве галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава. Відавочцы кажуць, што гэта было прыкладна ў 10.20. Быў моцы шум і грукат. 


Паведамляецца, што таксама прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў офіс hoster.by. Гэта падцвердзіў сузаснавальнік партала Кірыл Валошын.

Абноўлена. Дырэктара кампаніі hoster.by затрымалі пасля ператрусу, піша "Медыязона"Сяргея Павалішава вывелі з офіса, у якім праходзіў ператрус. Пасля 15:00 супрацоўнікаў кампаніі сталі выпускаць з кабінетаў у іх офісе. Там яны сядзелі пад наглядам сілавікоў падчас ператрусу.


Дзверы рэдакцыі TUT.BY запячатаныя поліэтыленам, піша "Еўрарадыё". "Белсат" дадае, што дзверы таксама зафарбаваныя балончыкам з унутранага боку.

ДФР прыйшоў і ў рэгіянальныя офісы TUT.BY. Днём у офісах TUT.by у Брэсце і Гомелі скончыліся ператрусы, піша TUT.BY. Cілавікі канфіскавалі ўсю тэхніку і дакументы, а таксама мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў. Ператрусы таксама праводзіліся ў офісах TUT.by у Віцебску, Магілёве і Гродне.


Паведамляецца, што ў офісе av.bу таксама сілавікі. Тэлефоны на сайце кампаніі не адказваюць.

Супрацоўнік av.by паведаміў, што ў іх была планёрка па анлайн-сувязі, у нейкі момант ён пачуў шум і выкрайкі, каб усе выключылі тэлефоны. Пасля гэтага сувязь знікла і ўдзельнікі анлайн-сустрэчы, якія, як мяркуецца, былі ў офісе, перасталі выходзіць на сувязь. Да гэтага моманту супрацоўнікі av.by не ведаюць, што адбываецца ў іх у офісе.

Паведамляецца, што пасля ператрусу затрыманы дырэктара av.by Дзмітрый Геранін. Ён грамадзянін Расеі.

Дапоўнена: Дзмітрый Геранін пасля допыту быў адпушчаны пад падпіску аб неразгалошванні. Ён знаходзіцца дома.


Як піша Onliner.by, прыкладна з 11 гадзін раніцы не выходзіць на сувязь журналіст Onliner Аляксандр Чарнуха, які паехаў да офіса tut.bу асвятляць падзеі. Таксама, як паведамляе "Еўрарадыё", пасля таго, як на першы паверх офіснага будынка, дзе месціцца рэдакцыя TUT.BY, прыйшлі сілавікі ў масках, перасталі выходзіць на сувязь журналісты незалежных выданняў, якія там працавалі. Сярод іх Арцём Маёраў з "Беларусы і рынак", Дар'я Буракіна з tut.bу, Алена Доўнар з "Белсата". Верагодня, усе яны затрыманыя. 

Дапоўнена: журналіст Арцём Маёраў знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.


КДК пракаментаваў справу TUT.BY, у дачыненні да службовых асоб ТАА "ТУТ БАЙ медыя" распачата крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

"Наша Ніва" апублікавала фармулёўку з пастановы на ператрус па справе TUT.BY:

"Пастанова аб правядзенні ператрусу ад 18 траўня 2021 года, зацверджаная намеснікам дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК палкоўнікам фінансавай міліцыі Пракапуком. Санкцыянавана Генеральным пракурорам Андрэем Іванавічам Шведам.

У вытворчасці ДФР КДК знаходзіцца крымінальная справа №21088000009 паводле падазрэння Чэкінай Л. Ю. за ўчыненне злачынства, прадугледжанага ч. 6 арт. 16 ч. 2 арт. 242 КК "Ухіленне ад выплаты падаткаў".

У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена, што дырэктар ТАА "Тут Бай медыя" Чэкіна Л. Ю., дзейнічаючы ў групе з галоўным бухгалтарам названага Таварыства Асад А. В. пры саўдзеле іншых асоб, ухіліліся ад выплаты ПДВ за 2020 год у асабліва буйным памеры".


Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", на сувязь не выходзіць супрацоўнік магілёўскага офіса TUT.BY Андрэй Дзюбайла. Ён не падымае трубку. Таксама на сувязь перасталі выходзіць супрацоўнікі TUT.BY у рэгіёнах, у тым ліку ў Магілёве.


Сузаснавальнік tut.by Кірыл Валошын паведамляе, што дамен партала заблакаваны. Сайт у многіх не адкрываецца. Таксама заблакаваныя яго люстэркі. Мінінфарм пракаментаваў блакаванне сайту:

«На падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі пастанавіла абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу tut.bу і яго копіяў.

Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.bу.

У дадзеных матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL».


Удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская не выходзіць на сувязь. Пра гэта паведамляе яе дачца.

Абноўлена ў 15:30. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", на дадзены момант удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіцца пад канвоем у прыёмным пакоі першай бальніцы (ГКБ №1 Мінска). У яе праблемы з сэрцам. Паводле звестак TUT.BY, Юлія Чарняўская перанесла гіпертанічны крыз.

Дапоўнена: Як паведаміла дачка Юліі Чарняўскай, жанчына не з’явілася дома пасля выпіскі са шпіталю, дзе яна знаходзіцца - невядома. 


Сярод затрыманых сёння — СЕО стартапа RocketData Дар'я Данілава. Яе затрымалі на паркоўцы. Як піша TUT.BY, па словах брата Дар'і, не выходзіць на сувязь муж Дар'і.

У RocketData пракаментавалі сітуацыю з затрыманнем дырэктара кампаніі Дар'і Данілавай:

"Дашу выклікалі, так як яна займае кіруючую пасаду на адным з праектаў TUT.bу, да якога на дадзены момант ёсць пытанні. Гэта ніяк не звязана з Rocketdata, мы працуем у поўным баявым рэжыме і на сувязі з усімі кліентамі".


Ператрус праходзіць і ў журналіста TUT.by Алены Талкачовай. Да яе прыйшлі два супрацоўнікі Дэпартамента фінансавага кантролю КДК, піша Onliner.

Статус Алены пакуль не вызначаны. З ёй у кватэры знаходзіцца адвакат Таццяна Курадавец. Суседзяў Алены панятымі не пусцілі. Разам з супрацоўнікамі ДФР прыйшлі яшчэ двое мужчын у цывільным. Следчыя да яе прыехалі з Магілёўскага і Гродзенскага ДФР КДК.

Як піша TUT.BY, сёння раніцай супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусам да рэдактараў TUT.BY Ганна Рудэнка і Вольга Саўкіў, цяпер яны на волі. Ператрус скончыўся бліжэй да абеду. Як перадаюць нашы калегі, у іх канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутары, тэлефоны, у тым ліку непрацуючыя), а таксама банкаўскія карты. Ператрус праходзіў у рамках крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара і галоўнага бухгалтара кампаніі.

Працэсуальнага статусу ў рэдактараў няма. Аператыўнікі растлумачылі, што прыйшлі да супрацоўнікаў TUT.BY, таму што ў іх дома могуць знаходзіцца доказы па справе. У наступным, кажуць супрацоўнікі ДФР, рэдактараў могуць выклікаць на допыт.

Усё яшчэ працягваецца Ператрус у журналісткі TUT.BY Алены Талкачовай (да яе ў кватэру змагла трапіць адвакат), галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай (ёй выламалі дзверы ў тамбуры) і намесніка галоўрэда Максіма Гайко.

Намеснік галоўнага рэдактара TUT.by Максім Гайко выйшаў пасля допыту ў ДФР. Ён застаецца пад падпіскаю аб неразгалошванні.


Журналістку TUT.bу Алену Талкачову забралі на допыт у ДФР, паведамляе Onliner.


Каля 15 гадзін сілавікі выйшлі з кватэры галоўрэда TYT.BY Марыны Золатавай. Бачна, што яны выносяць тэхніку. Яе саму вывелі праз “чорны выхад” і ўвезлі, піша "Еўрарадыё"


Праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне супрацоўніцы TUT.BY Дар'і Брыль. Сілавікі раніцай прыйшлі да яе дадому. У кватэры, дзе яна жыве з суседкамі, правялі ператрус. Забралі тэхніку ў Дар'і і суседак. Пасля гэтага сілавікі забралі Дар'ю з сабой.


Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", таксама ператрус дома праходзіць у праграміста TUT.BY Віталя Каліноўскага. Ён не выходзіць на сувязь. 

Дапоўнена: праграміст выдання Віталь Каліноўскі адпушчаны дадому. Ён пад падпіскай.


У намесніка галоўнага рэдактара TUT.by ператрус адбыўся на трох адрасах, піша "Баж". Спачатку аператыўнікі прыйшлі ў кватэру брата Максіма Гайко. Затым разам з ім паехалі ў загарадны дом. Трэці адрас – кватэра, дзе жывуць сваякі жонкі Гайко. Канфіскавалі ўсю тэхніку, асабістыя зберажэнні, сям'я не змагла зняць наяўных з банкаўскіх картак. Максіма павезлі на допыт у ДФР. Ягоны працэсуальны статус нам пакуль невядомы.


На 19 гадзін 18 траўня вядома, што ў цэнтральным офісе TUT.BY працягваецца ператрус. Супрацоўнікі, якія раніцай прыйшлі на працу, усё яшчэ не выходзяць на сувязь. Па апошняй інфармацыі затрыманыя як мінімум 14 чалавек, паведамляе @tutby_official:

  • галоўная рэдактарка Марына Золатава - затрыманая на 72 гадзіны, у статусе падазраванай;
  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесніца бухгалтаркі Марыя Новік;
  • намесніца дырэктаркі Ірына Рыбалко;
  • дырэктарка па персаналу Надзея Адамовіч;
  • намеснік галоўнай рэдактаркі Максім Гайко;
  • журналістка Алена Талкачова - затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна;
  • інжынер-праграміст Віталь Каліноўскі;
  • бізнес-аналітык Вадзім Трусаў;
  • начальніца аддзела маркетынгу Ганна Заяц;
  • начальніца аддзела продажаў Марына Кушнярэвіч;
  • менеджэр Андрэй Аўдзееў.
  • рэдактарка Вольга Лойка - затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Праваабаронцам стала вядома, што супрацоўніцу TUT.BY Ганну Воранаву забралі з дома ў 10 гадзін раніцы. Дзе знаходзіцца затрыманая - дагэтуль невядома. 


На 21.30 гадзін вядома, што з офіса TUT.BY паступова адпускаюць людзей. Прыкладна, па адным чалавеку ў 10 хвілін.

Супрацоўніца, якую адпусцілі, расказала, што ў офісе агулам застаецца яшчэ каля 20 чалавек. Сілавікі забралі ў іх тэлефоны і з кожнага бяруць падпіску аб неразгалошванні.


Журналістаў Аляксандра Чарнуху, Алену Доўнар, Дар'ю Буракіну, якіх раніцаю затрымалі каля офісу TUT.by, адпусцілі дадому.


Крыміналка ў Брэсце 

Зміцер Бекалюк у судзе. Фота: ПЦ
Зміцер Бекалюк у судзе. Фота: ПЦ "Вясна"

Да аднаго з лідараў пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў Берасці Змітра Бекалюка прыйшлі з ператрусам, піша "Белсат".Ён распачаўся каля 21-й гадзіны, у доме застаюцца жонка і двое дзяцей. Сам Зміцер у лякарні. Таксама вядома, што датычна Змітра Бекалюка распачалі крымінальную справу.


Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства