viasna on patreon

Мінск: па пяць гадоў пазбаўлення волі – паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу

2021 2021-05-20T12:00:06+0300 2021-05-21T12:46:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja_admin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У судзе Маскоўскага раёну Мінска вынесеныя прысуды Паўлу Аўчараву і Эмілю Гусэйнаву. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 363 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага.

Пакаранне прызначана шляхам паглынаня менш строгага пакарання больш вялікім: пяць гадоў пазбаўлення волі – паводле арт. 293, год пазбаўлення волі – паводле арт. 342, год пазбаўлення волі – паводле арт 363. 

Справу разглядзела суддзя Святлана Бандарэнка.

Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Бізюк. Ён быў упэўнены, што віна абвінавачаных поўнасцю даказаная, і прасіў прызначыць абодвум наступныя пакаранні: чатыры з паловай гады пазбаўлення волі – паводле артыкула 293 КК, год – паводле арт. 342 КК, год –  паводле арт. 363 КК. Шляхам частковага складання пакаранняў, пракурор папрасіў прызначыць абодвум абвінавачаным канчатковы тэрмін – пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён папрасіў канфіскаваць транспартны сродак. 

“Абмяжоўвалі права добрапрыстойных грамадзян”

Аўчарава і Гусэйнава прызналі вінаватымі ў тым, што 23 верасня з 21.00 да 23.00 яны заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія загадзя былі спланаваныя пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі. Гэта пацягнула парушэнне работы “Мінсктранса”. Таксама – “абмяжоўвалі права добрапрыстойных грамадзян на спакойны адпачынак і свабоднае перамяшчэнне”, аказалі супраціў супрацоўнікам МУС.

Згодна з абвінавачаннем, у верасні яны падрыхтавалі аўтамабіль, дзе захоўвалі прылады злачынства, экіпіроўку, загадзя вывучыўшы правілы іх выкарыстання. Напрыклад, Гусэйнаў знаходзіўся каля ст.м. “Пушкінская” у бронекамізэльцы і накаленніках для абароны.

Аўчараў і Гусэйнаў знаходзіліся ў аўтамабілі, сігналілі. Супраціў выказаўся ў дзеяннях Гусэйнава, калі той заблакаваў дзверы, утрымліваўся за стырно і не хацеў выходзіць з машыны. Супраціў Аўчарава – непадпарадкаванне патрабаванням адчыніць дзверы, нежаданне выходзіць з машыны, утрымліванне рукамі за сядушку.

“Хацеў паказацца перад дзяўчынай больш мужным”

Гусэйнаў распавёў, што ў той дзень яны з Аўчаравым знаходзіліся прыкладна а 21.30 каля Макдональдса. Яны прыехалі на машыне брата Гусэйнава сустрэцца з ягонай дзяўчынай Аленай Швец. Каля Пушкінскай убачылі натоўп людзей, але да пратэстоўцаў не далучаліся. Потым яны селі ў машыну, Гусэйнаў быў за стырном, Аўчараў – на пасажырскай сядушцы. ДАІ перакрылі дарогу, таму яны змянілі першапачатковы маршрут, давялося ехаць з хуткасцю 30-40 км/г. Супрацоўнікі АМАП у форме з аўтаматамі патрабавалі выйсці з машыны. Згодна са сведчаннямі Гусэйнава, яны выйшлі і не супраціўляліся, калі ён прыадчыніў дзверы – яго вывалаклі. Ён патлумачыў, што на ім была “разгрузачная” камізэлька: у такой няма секцый для захоўвання боепрыпасаў. На ім сапраўды былі шчыткі: так ён хацеў паказацца перад дзяўчынай больш мужным, каб яна адчувала сябе больш абароненай, хаця яны і знаходзіліся пад адзеннем, змяняюць контур цела. Таксама супрацоўнікі знайшлі ў машыне рыштунак для гульні ў страйкбол, у тым ліку, піратэхніку. Гусэйнаў упэўнены, што гукавых сігналаў падчас руху яны не падавалі.

Аўчараў распавёў, што Гусэйнаў – ягоны былы аднакласнік, яны дамовіліся сустрэцца ўвечары, каб паесці шаўрмы. Пра акцыі не ведалі, гукавых сігналаў не падавалі. Пасля таго як іх аўто атачылі, пачулі патрабаванні вызваліць транспартны сродак і падпарадкаваліся, але яго выхапілі з аўто і накіравалі на яго зброю. На Аўчараве была камізэлька з вялікай колькасцю карманаў, каб “было цяплей”.

“Пакутваў як частка дзяржавы, якая пацярпела”

Пацярпелы Дзмітрый Іваноў у той дзень патруляваў Фрунзенскі раён. Каля станцыі метро Пушкінская заўважылі аўтамабіль, у якім былі абвінавачаныя: транспарт рухаўся с хуткасцю каля 20 км/г. Ці перашкаджала яно руху, ён не змог адказаць, але сказаў, што іхняе “аўто стварала ўражанне, што блакіравала дарогу”. Праз паўтары-дзве хвіліны назірання яны ўулючылі "мігалку" і “падрэзалі” аўто, бо людзі ў машыне не адрэагавалі на патрабаванні спыніцца. Па словах сведкі, вокны ў абедзвюх машынах былі адчыненыя, таму абвінавачаныя дакладна чулі патрабаванні. Праз 20-30 секунды яны самі адчынілі дзверы машыны. Гусэйнаў кіраваў транспартам, Аўчараў был на пасажырскай сядушцы, пры затрыманні яны не ўжывалі сілу. Яму не была прычыненая шкода, але ён “пакутваў як частка дзяржавы, якая пацярпела” і не можа сказаць, чыя ініцыятыва была прыцягнуць яго ў якасці пацярпелага.

Другі пацярпелы таксама не папрасіў кампенсацыю, распавёў, што затрымалі абвінавачаных “па камандзе”.

Што казалі сведкі?

Брат Гусэйнава Руслан распавёў, што піратэхніку яны набылі каля трох гадоў таму, каб паехаць гуляць у страйкбол. Камізэльку таксама набывалі даўно для гэтых жа мэтаў. Машыну ж выкарыстоўвалі як склад, таму захоўвалі там усё. Брата ахарактарызаваў як “добрага і бескарыслівага”. 

Дзяўчына Гусэйнава Алена Швец таксама ахарактарызавала яго як “добрага і спагадлівага чалавека”. У той дзень яны мусілі сустрэцца на Пушкінскай а 22-й, але яна засталася дома, бо “баялася несанкцыянаванага мерапрыемства”, спрабавала датэлефанавацца да хлопца, але ў яе не атрымалася.

Былы калега Аўчарава ахарактарызаваў як “цудоўнага чалавека, які заўсёды прыходзіць на дапамогу”. Ён распавёў, што Павел быў добрым педагогам, бясплатна рыхтаваў дзяцей да спаборніцтваў, на свае грошы арганізаваў гурток адзінаборстваў. Таксама ён падкрэсліў, што спартыўны стыль адзення характэрны для абвінавачанага, таму не здзіўлены камізэльцы.

Айчым Аўчарава, які ведае яго з чатырох гадоў, распавёў, што Павел займаўся музыкай, керамікай. Як выхавацель удзельнічаў у намётавых летніках. “Ён праявіў сябе як прыстойны і сумленны чалавек, – распавёў айчым. – Ён не адмаўляўся дапамагаць вялікай сям’і, у тым ліку, і матэрыяльна. Праз здаровы лад жыцця, якога прытрымліваецца Павел, ён з’яўляецца прыкладам для наступнага пакалення”. Таксама ён упэўнены, што камізэльку, у якой быў затрыманы абвінавачаны, падараваў яму дзядуля-рыбак.

Таксама былі дапытаныя супрацоўнікі МУС, якія апытвалі Аўчарава і Гусэйнава і складалі пратаколы вобшукаў.

Што было ў матэрыялах справы?

Сярод матэрыялаў справы – пратакол агляду машыны, затрымання Аўчарова, выняцця рэчаў з аўтамабіля. Абарона Гусэйнава падкрэсліла, што на відэа, далучаным да справы, людзі ўжо затрыманы і няма сведчанняў, што мела месца перакрыццё дарогі.

У якасці рэчдокаў далучаныя і камізэлька, шчыткі, наплечнікі, запальнічка, піратэхніка, знойдзеныя ў машыне. Калі пракурор апісваў камізэльку як "тактычную", адвакат запытаўся, чаму той зрабіў такія высновы: абвінаваўца не змог адказаць на пытанне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства