viasna on patreon

Допыты па крымінальнай справе “Вясны” не спыняюцца і дагэтуль

2021 2021-05-21T09:51:06+0300 2021-05-21T10:05:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/celiapun_22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун

Уладзімір Целяпун

Да гэтага часу ў розных гарадах следчыя працягваюць допыты сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна”, журналістаў, грамадскіх актывістаў і проста грамадзян, якія звярталіся па дапамогу да праваабаронцаў.

Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

На допыты па справе “Вясны” сёння выклікаюць праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і журналістаў у розных гарадах.

Праваабаронцу з Мазыра Уладзіміра Целяпуна следчы Сяргей Капінскі выклікаў чамусці ў Калінкавічскі РАСК. Допыт павінен пачацца ў 10 гадзін.

Раней Целяпуна ў Мазыры дапытваў іншы следчы.

У Берасці на допыты сёння выкліканыя актывісты і праціўнікі пабудовы акумулятарнага завода Канстанцін Астапук, Дзяніс Малышэнка і Алег Вялаў.

Журналіста Анатоля Гатоўчыца чакае допыт у Гомелі. Следчы Вадзім Высоцкі запрашае яго ў СК на 15-30. 16 лютага ў яго дома быў праведзены ператрус у межах крымінальнай справы “Вясны”.

У Жлобіне таксама актыўна цікавяцца грамадзянамі, якія звярталіся па дапамогу ў "Вясну".

Тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцу Леаніду Судаленку працягнулі яшчэ на два месяцы

Таксама затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да  арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства