viasna on patreon

Заява аб прызнанні Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса палітычнымі зняволенымі

2021 2021-05-21T18:24:50+0300 2021-05-21T18:24:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest_pomnik_lenin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

21 траўня 2021 года

Намі атрыманая інфармацыя пра тое, што ў судзе Брэсцкага раёну вынесены прысуд, якім Яраслаў Бурак асуджаны да 3 месяцаў арышту,  Дзмітрый Харс да 1 месяцу арышту.

Падставай для затрымання і прыцягнення іх да адказнасці стала нанясенне надпісаў віду "3%", “Уходи”, “Жыве Беларусь!” на пастаменце помніку Леніну ў пасёлку Дамачава (Брэсцкі р-н).

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае.

Напісанне надпісаў такога віду не з’яўляецца праявай хуліганства.

Змест надпісаў, месца, дзе яны былі зроблены – пастамент помніка Леніну (дзеяча, чыя роля ў гісторыі неадназначная і выклікае справядлівыя нараканні), які не ўяўляў гістарычнай ці культурнай каштоўнасці і які не з'яўляецца сакральным і шанаваным, у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне з лета 2020 года, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне меркавання на грамадска значныя тэмы.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Асуджаныя не пасягалі на значныя  каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Матэрыяльная шкода ад такога ўчынку відавочна насіла сімвалічны характар.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса палітычна матываваным, а саміх асуджаных палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства