viasna on patreon

"Яны паводзілі сябе не агрэсіўна. Ды і наогул, яны ж дзеці". У судзе працягваецца допыт сведкаў па "справе студэнтаў"

2021 2021-05-22T11:30:57+0300 2022-05-12T18:59:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_studentau11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш студэнтаў

Марш студэнтаў

Суд Савецкага раёну на выяздням пасяджэнні ў Доме правасуддзя працягвае разгляд крымінальнай "справы студэнтаў" па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

На лаве падсудных студэнткі і студэнты сталічных вну Ксенія СырамалотЯгор КанецкіІлля ТрахтэнбергТаццяна ЕкельчыкКася БудзькоЯна АрабейкаВікторыя ГранкоўскаяАнастасія БулыбенкаМарыя КаленікГлеб Фіцнер, выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава

Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава.

Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".

"Было адчуванне: яшчэ трохі і мяне павядуць на расстрэл". Пра што сведчаць прадстаўнікі ВНУ па "справе студэнтаў"

19 і 20 траўня суд Савецкага раёну працягваў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 10 студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы сталічных вну.

Прадстаўнік Дэпартамента аховы МУС у БДУІР: "Я бачыў сімволіку супраць улады"

21 траўня ў судзе працягнуўся допыт прадстаўнікоў універсітэтаў у якасці сведак. Першым выступаў першы прарэктар БДУІР Максім Давыдаў.
Ён распавёў, што акцыі праходзілі ў верасні-кастрычніку, у асноўным у 4 і 5 корпусе. Удзельнікі стаялі, часам спявалі песні. Як правіла, на перапынку з 15:20 да 15:50. Сімволікі не было, лозунгі бывалі, збіраліся праз телеграм-каналы.

Прычынай акцый Давыдаў называе нязгоду з вынікамі выбараў і тым, што "збілі іх сваякоў " – студэнты хацелі нейкага дыялогу. Адміністрацыя прамаўляла, што так нельга, але не кожны раз. Так як не было лідэра, на думку Давыдава, хадзіць кожнаму і тлумачыць не было сэнсу.
Праход быў свабодны, цяжкасцяў не ўзнікала, скаргаў не паступала.

Па словах Давыдава, правядзенне мерапрыемстваў ва ўніверсітэце рэгламентуецца ўнутранымі правіламі для студэнтаў і супрацоўнікаў.

Абаронца: Як вы лічыце, на перапынках, калі збіраліся студэнты, гэта іх асабісты час?

Давыдаў: Так.

Абаронца: Гэта значыць, яны могуць праводзіць яго, як хочуць, і збірацца дзе заўгодна?

Давыдаў: Так, чаму не.

Наступная сведка - загадчыца кафедры філасофіі БДУІР Галіна Малыхіна. Яна кажа, што студэнты спявалі песні, але не ў навучальным корпусе, выкладчыкі да іх не далучаліся.

Абвінаваўца пытаецца прозвішчы выкладчыкаў БДУІР, якія выступалі з відэазваротам, а таксама, ці ведае сведка Вольгу Філатчанкаву. Тая адказвае, што толькі прозвішча, але асабіста не знаёмыя. Бачыла яе твар і прозвішча ў відэароліку.

Калегі не распавядалі Галіне Малыхінай аб мерапрыемствах, бо "на кафедры ў пачатку года ўсе былі занятыя навучальным працэсам".

У судзе быў дапытаны прадстаўнік Дэпартамента аховы МУС у БДУІР Арцём Паруценка. Ён не памятае датаў правядзення акцый, кажа, што студэнты збіраліся каля галоўнага ўваходу 4 корпуса, было шмат людзей, свабодна прайсці "з краёў" у корпус маглі 1-2 чалавекі. Колькасць удзельнікаў акцыі ацэньвае ад 30 да 50 чалавек, выходзілі на пераменах, выкарыстоўвалі сцягі. Кіраўніцтва Дэпартамента (прозвішчы не называе) давала Паруценка ўказанне рабіць студэнтам заўвагі і папярэджваць, што мерапрыемства несанкцыянаванае, хтосьці разыходзіўся, а хтосьці ігнараваў.

Абаронца: Ці ёсць правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, і які парадак іх правядзення?

Паруценка: Не ведаю...

Абаронца: Чаму вы прасілі студэнтаў разысціся, калі не ведалі, ці ўзгодненае мерапрыемства?

Паруценка: Я бачыў сімволіку супраць улады.

Абаронца: Вы самі расцанілі, што гэта супраць улады?

Паруценка: Так, ну, не зусім супраць. "Жыве Беларусь" там...

Суддзя зачытала паказанні Паруценкі, дадзеныя падчас следства.

Абвінаваўца: Зыходзячы з вашых паказанняў, вы працавалі толькі ў кастрычніку. Але ёсць інфармацыя і пра верасень. Як вы гэта пракаментуеце?

Паруценка: Ну, напэўна, так і было.

Абвінаваўца: Але пост аховы ўстаноўлены толькі 22 верасня, адкуль вы ведаеце пра 1 верасня?

Паруценка: Значыць, гэта памылка.

Наступны сведка-капітан міліцыі Савецкага раёна Мінска Кавалёў. Ён таксама не памятае датаў правядзення, але кажа, што людзі ў колькасці 25-40 чалавек збіраліся падчас перамены на ганку 4 корпуса БДУІР, выкарыстоўвалі лозунгі і плакаты, спявалі песні, сядзелі ўнутры корпуса.

Таксама выкарыстоўвалі бела-чырвона-белыя сцягі. Калі былі на ганку корпуса - даводзілася абыходзіць, у будынак маглі прайсці два чалавекі.

Кавалёў хадзіў да адміністрацыі, там даведаўся, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Што было 26 кастрычніка - дакладна не памятае. Свае паказанні пра тое, што ўдзельнікі акцыі выкрыквалі лозунг "Я/Мы Арцём Вінакураў", падтрымлівае.

Па словах сведкі, былі перадумовы для зрыву заняткаў - студэнты "збіраліся, хадзілі па аўдыторыях, заклікалі пакінуць будынак", але агрэсіўна сябе не паводзілі.

Некаторыя акцыі сведка асабіста не назіраў, а праглядаў запісы з відэарэгістратараў сваіх калегаў. Кавалёў мяркуе, што была парушаная дзейнасць усяго вну, але растлумачыць чаму – не можа, са скаргамі да яго ніхто не звяртаўся.

Абаронца: Вы казалі, што група людзей моўчкі прыцягвала ўвагу. Як гэта? Любая група людзей на лавачцы праводзіць акцыі?

Кавалёў: Ну не. Але да іх падыходзілі іншыя людзі.

Суд у мэтах эканоміі працэсуальнага часу перайшоў да вывучэння матэрыялаў справы.

Начальнік аддзела вахтавай службы БДУІР: "Разумны чалавек туды б не пайшоў"

Пасля абеду дапыталі яшчэ некалькіх сведак. Начальнік аддзела вахтавай службы БДУІР Генадзь Жыцянёў распавёў, што мерапрыемствы праходзілі каля карпусоў па вул. Гікала, Платонава, Броўкі, збіраліся на лесвіцах і ў холах у колькасці ад 25 да 40 чалавек. Студэнты "абмотваліся сцягамі неўстаноўленай сімволікі", крычалі "Уходи!" і "Жыве Беларусь". Доступ у навучальны корпус быў абмежаваны "нават з псіхалагічнага пункту гледжання", стаяў шум і "разумны чалавек туды б не пайшоў".

Таксама па словах вахцёра, большасць студэнтаў спявалі песні і пляскалі ў далоні менавіта на перапынках. Але былі і тыя, хто заставаўся і пасля яго. Жыцянёў сцвярджае, што разам са сваімі калегамі Кузняцовым і Давыдавым прасіў студэнтаў разысціся, але яны заціхалі толькі на 2-3 хвіліны, а потым зноў працягвалі пляскаць, ствараць "лішні шум" і "перашкаджаць праходу".

Адзін раз Жыцянёў выклікаў міліцыю, але яна не прыехала.

Сведка распавядае пра тое, што па распараджэнні кіраўніцтва універсітэта, пасля пачатку акцый у навучэнцаў пачалі правяраць студэнцкія білеты прадстаўнікі добраахвотнай дружыны. А прарэктар Кузняцоў даваў указанні закрываць на 1,5-2 гадзіны пераход, каб прадухіліць паток новых людзей.

Абвінавачаная Вольга Філатчэнкава задавала ўдакладняючыя пытанні.

Філатчэнкава: Вы казалі, што паставілі дружыннікаў з ліку студэнтаў, на якой падставе яны правяралі дакументы?

Жыцянёў: Мне далі ўказанне вышэй.

Філатчанкава: Пісьмовае ўказанне?

Жыцянёў: Не, вуснае.

Вахцёр БДУІР: "Яны паводзілі сябе не агрэсіўна. Ды і наогул, яны ж дзеці"

Наступнай сведкай выступае вахцёр БДУІР Наталля Мігунова. Сцвярджае, што нікога з абвінавачаных не ведае.

Студэнты збіраліся на пераменах на галоўнай лесвіцы - займалі 8-9 паверхаў, але не паводзілі сябе задзірліва, ніякіх боек не было, падчас дзяжурства Мігуновай сцягі і плакаты не выкарыстоўваліся.

Таксама сведка сцвярджае, што студэнты кожны раз паводзілі сябе па-рознаму. У першы раз была шумная акцыя з воплескамі і лозунгамі. А потым была сядзячая забастоўка, дзе студэнты спявалі песні.

На пытанне абвінаваўцы, ці перашкаджалі студэнты навучальнаму працэсу, Наталля Мігунова адказала:

"Гэта было падчас перамены. Было шумнавата, але не моцна. Я думаю, навучальнаму працэсу яны не перашкаджалі".

Абаронца: Папярэдні сведка сказаў, што чалавек у здаровым розуме пабаіцца туды ісці. Вы згодныя з ім?

Мігунова: Ну, па-першае, я была на працы. Па-другое, яны паводзілі сябе не агрэсіўна. Ды і наогул, яны ж дзеці.

Наступнай у судзе дапыталі вахцёра БДУІР Таццяну Цімошыну. Яна распавяла пра тое, як праходзілі акцыі ва ўніверсітэце: з воплескамі, песнямі, лозунгамі "Жыве Беларусь!", без сімволікі і агрэсіі.

Абарона: Праходзілі міма, было страшна?

Цімошына: Ну як сказаць, студэнты самі адзін аднаго падначвалі, рагаталі, нічога такога не было.

Студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Дар'я Габышава ў лістападзе бачыла адну акцыю ў холе другога паверха, калі пераходзіла з адной аўдыторыі ў іншую. Каля 20-30 чалавек проста стаялі і размаўлялі, без сімволікі.

З абвінавачаных Дар'я Габышава ведае толькі Вікторыю Гранкоўскую як старасту інтэрната.

Суд зноў перайшоў да разгляду матэрыялаў справы.

У матэрыялах справы маюцца, у тым ліку, загады аб адлічэнні студэнтаў розных ВНУ, дакладныя запіскі на студэнтаў, тлумачальныя навучэнцаў. Зачытаныя дакументы не тычацца фігурантаў разглядаемай крымінальнай справы.

Таксама ў матэрыялах маюцца пратаколы допыту, правілы ўнутранага распарадку ўсіх універсітэтаў, некалькі дакументаў, якія тычацца Вольгі Філатчанкавай (аб пераводзе яе на дзённая аддзяленне, пра яе актыўныя дзеянні, скасаванне дамовы), пратаколы апытанняў сведак, а таксама загады рэктараў розных універсітэтаў, якія забараняюць правядзенне масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі вну ды іншае.

Судовае пасяджэнне працягнецца 24 траўня ў 11.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства