viasna on patreon

Сяргей Ціханоўскі этапаваны ў Гомель, затрыманні ў Лідзе. Хроніка пераследу за 22 траўня Дапоўнена

2021 2021-05-22T13:23:00+0300 2021-05-22T20:42:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cihanouski-kamaroukf-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае 22 траўня збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, блакуюцца інтэрнэт-рэсурсы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Сяргей Сыс

Палітвязня Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў СІЗА-3 у Гомелі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Краіна для жыцця». Там пройдзе суд над ім, а таксама Статкевічам, Лосікам, Цыгановічам, Сакавым і Паповым. Дата суду яшчэ не прызначаная.

Раней у Гомель этапавалі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.


Праз трое сутак з моманту затрымання супрацоўнікаў Tut.by некаторым сваякам паведамілі, што яны знаходзяцца ў статусе падазраваных і будуць утрымлівацца пад вартай. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Tut.by.

Як паведамляюць сваякі, Марыну Золатаву, Вольгу Лойку, Алену Талкачову, Алу Лапатку, а таксама намесніка дырэктара Ірыну Рыбалку, намесніка галоўнага бухгалтара Марыю Новік перавядуць у СІЗА № 1 на Валадарскага. У іх статус падазраваных.


Раніцай 22 мая на тэрыторыі Беларусі перастаў адкрывацца найбуйнейшы расійскі спартовы сайт Sports.ru. Некаторыя жыхары Беларусі пры спробе зайсці на яго бачаць пусты экран, іншыя — паведамленне аб блакаванні Міністэрствам інфармацыі.


Затрыманага 21 траўня журналіста-фрылансера Алеся Сіліча вінавацяць у «адзіночным пікеце» праў дэманстрацыю «незарэгістраванай сімволікі» – герба «Пагоня» на вокладцы пашпарту. Яго пакінулі ў няволі да суду, які плануюць на панядзелак. У журналіста забралі тэхніку і тэлефоны.

Наталлю Валакіду, таксама затрыманую разам з Сілічам адпусцілі з Першамайскага РУУС.


У пасёлку Каралёў Стан Мінскага раёна сёння затрыманы хірург- стаматолаг Станіслаў Сапун. Раней, з 4 па 19 траўня, ён адбываў адміністрацыйны арышт. Прычына новага затрымання пакуль невядомая.


У Мінску паведамляецца пра затрыманне лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча. Пра затрыманне напісалі маладафронтаўцы. Пакуль невядома дзе ён і за што затрыманы. Пазней высветлілася, што Урбановіча адвозілі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, але ўжо вызвалілі, піша Радыё Свабода.


Сёння затрымалі Юлію Кулакоўскую, жонку Дзмітрыя Кулакоўскага — былога міліцыянта і палітвязня, які гэтымі днямі адбывае 15-сутачны арышт. Пра гэта «Новаму Часу» распавялі знаёмыя сям'і. Па папярэдняй інфармацыі, Юлію Кулакоўскую адвезлі ў Цэнтральнае РУУС сталіцы. Зараз яна на волі.


Жабінка

Затрыманага на 72 гадзіны мясцовага жыхара Дзмітрыя Лісічыка сёння раніцай павінны былі адпусціць з ІЧУ. Аднак на волю ён не выйшаў. У ІЧУ сваякам паведамілі, што тэрмін утрымання працягнуты яшчэ на 72 гадзіны – ідуць следчыя дзеянні.


Ліда

У Лідзе пачаліся затрыманні людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Вітольда Ашурка.

Людзі нясуць знічы да Фарнага касцёла ў  памяць аб Вітольдзе Ашурку. Побач шмат міліцыі. На крыжы пад касцёлам вісіць партрэт Ашурка. Паведамляецца пра першыя затрыманні, піша "Новы Час".


Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства