viasna on patreon

Пружаны: жанчыну асудзілі да года калоніі за "абразу Лукашэнкі". Дома ў яе засталося каля 80 жывёлаў

2021 2021-05-24T11:43:22+0300 2021-05-24T11:48:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pruzhany_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У машыне — Людміла Кузняцова

У машыне — Людміла Кузняцова

У Пружанах 53-гадовую Людмілу Кузняцову асудзілі да года пазбаўлення волі за "абразу Лукашэнкі" па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага Кодэксу РБ. Жанчына была арыштаваная ў залі суда, а ў яе дома засталося каля 80 жывёлаў.

У пятніцу 21 траўня суддзя Вадзім Мазоль разгледзеў у судзе Пружанскага р-на справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Людмілы Кузняцовай. Паводле абвінавачання, жанчына 12 жніўня 2020 размясціла з акаўнта мужа ў сацсетцы "Вконтакте" доўгае паведамленне з выразамі ў адрас Лукашэнкі.

"Размяшчала інфармацыю для сябе"

На судзе Людміла паўтарала, што "размяшчала інфармацыю для сябе". І што не ўсведамляла, што яе паведамленне было відаць усім, хто заходзіў на старонку яе мужа. Адзначала, што на старонцы публікавала фатаграфіі жывёл, якіх ратуе — а то паведамленне размясціла публічна "па памылцы".

Адказваючы на пытанні, што Людмілу падштурхнула апублікаваць такі тэкст, яна патлумачыла: перад гэтым у інтэрнэце ўбачыла відэа, "з-за якога ўсю ноч не спала, і вось яно падштурхнула на гэта. Калі ў Менску збілі сівога старога. Зламалі яму руку, ён крычаў "Сынок, дай руку". Пасля гэтага відэа, са слоў Людмілы, яна пачала вывучаць іншыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне, паведамленні ад лекараў. І пасля, як яна думала, размясціла ў сацсетцы для сябе тэкст.

У апошнім слове Людміла толькі і казала што пра сваіх гадаванцаў: "Я проста 10 жывёл кармлю з бутэлечкі, усяго 80 жывёл кармлю. Я за іх баюся. [..] За апошнія 2 месяцы ўладкавала 25 шчанюкоў, усе бяздомныя". І, са слязамі на вачах, сказала: "Я прашу ва ўсіх прабачэння, каго пакрыўдзіла".

"Негатыўнае стаўленне да дзеючай улады"

Мяркуючы па матэрыялах справы, разбіральніцтва пачалося пасля ліста ад нейкага грамадзяніна ў Пружанскае РАУС. Там была спасылка на профіль мужа Людмілы ў Вконтакте, а таксама скрыншоты, "якія сведчаць аб негатыўным стаўленні да дзеючай улады". А праведзеная пасля судова-лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што ў адным паведамленні "маецца негатыўная ацэнка прэзідэнта РБ".

Дзяржабвінавачанне запрасіла жанчыне год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, яна ўзятая пад варту ў залі суда. Пасля гэтых слоў абвінавачаная пачала паўтараць, што ёй нельга пад варту, таму што ў яе дома жывёлы некормленыя: «Вы што, там жывёлы, яны чакаюць, есці хочуць». Прысуд суда Кузняцовай Людміле апынуўся такім, якім запытвала дзяржабвінавачанне: год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па ч.1 арт. 368. На жанчыну надзелі кайданкі ў зале суда, пакуль яна галасіла: "Мамачкі, а як жа жывёлы! Яны ж непакормленыя, без мяне памруць!»

Пасля абвяшчэння прысуду ўжо актыўна шукаецца новы дом усім жывёлам. Дапамагчы можна, звязаўшыся па наступных нумарах: +375 (29) 532 46 69, +375 (44) 513 76 03 (вайбер)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства