viasna on patreon

Мужчына пасля сутак у ІЧУ: «Калі ты адчуваеш сябе чалавекам, ніхто не можа у цябе гэтага адняць»

2021 2021-05-24T14:29:15+0300 2021-05-24T14:43:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/turma-byt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйны малюнак. Крыніца: hrodna.life

Ілюстрацыйны малюнак. Крыніца: hrodna.life

«Вясна» паразмаўляла з Алегам, які на мінулым тыдні выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту з Маладзечанскага ІЧУ: ён распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары.

Алег – жыхар Маладзечна. Яшчэ восенню мінулага года яго выклікалі ў РАУС з-за ўдзелу ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» з нагоды смерці Рамана Бандарэнкі. Тады маладзечанцы прайшлі па горадзе, каб ушанаваць памяць маладога чалавека. Алег распавядае, што ён не выкрыкваў лозунгі, а ішоў у калоне: так ён трапіў на камеры відэаназірання і атрымаў позву ў РАУС. Пры складанні пратаколу ён не адмаўляў удзел у мерапрыемстве, суд прызначыў яму сем сутак адміністрацыйнага арышту. Апеляцыю адхілілі.

Перад травеньскімі святамі да Алега дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, каб забраць яго для адбыцця пакарання, але ў той момант ён быў у камандзіроўцы. Таму ў РАУС мужчына прыехаў 13 траўня.

«За сем сутак выдалі зубную шчотку і туалетную паперу»

«Я ўзяў з сабой дазволеныя рэчы: кнігу, мыльныя прыналежнасці, пластыкавы кубак і гарбату, – кажа Алег. – Але як апынулася, гэта забаронена: усё, што за сем сутак мне выдалі з маіх рэчаў,  гэта зубная шчотка і туалетная папера. З перадачы дазволілі ўзяць толькі цёплыя рэчы. Тым, у каго быў большы тэрмін, дазвалялі забраць з перадач зменныя рэчы, ручнік. У мяне за ўвесь час знаходжання не было ні ручніка, ні матраца, ні пасцельнай бялізны: спалі мы на ДСП».

За ноч "палітычных" маглі будзіць два разы: у большасці выпадкаў трэба было не проста прачнуцца, але і падняцца з ложка, адказваючы на пытанні. Ноччу ў камеры ўвесь час гарэла святло. З натуральнага асвятлення – адно вакно метр на метр, якое складаецца з шклоблокаў, і другое – напалову менш, якое можна было паспрабаваць адкрыць тонкай рукой, каб выветрыць памяшканне.

«Думаю, калі б у камеры быў той, хто паліў, было б праблематычна дыхаць, – адзначае Алег. – Таму што, хоць у нас ніхто і не паліў, пах цыгарэт даходзіў да нас з іншых камер і калідора. Але ў "палітычных" пад забаронай было практычна ўсё».

Яшчэ адзін спосаб абудзіць зняволеных – уключыць вентыляцыю ўначы. Яна выдзімае затхлае паветра, зацягвае свежае, але халоднае, тэмпература ў камеры паніжаецца – і чалавек прачынаецца. Так за час "сутак" Алега рабілі некалькі разоў. Ён распавядае, што ў іх камеры было дастаткова цёпла, але на паўночным баку ІЧУ ў зняволеных ўмовы былі горшыя: праз пастаянную волкасць там было вельмі золка.

«Асобная тэма – харчаванне, – працягвае Алег. – Я не пераборлівы, але назваць ежай тое, чым нас кармілі, складана. З раніцы звычайна была сечка або пярлоўка на вадзе, чвэрць батона і дзве так званыя катлеты шэрага колеру, па памеры ледзь таўсцей за крабавую палачку: іх мы нават не спрабавалі есці. У абед – суп, адзінае, што мы елі, ён быў хаця б гарачым. "Другое" ў камеру на дваіх прыносілі ў адной талерцы з двума відэльцамі: дзеліся, як хочаш. Двойчы давалі ядомае пюрэ, у астатніх выпадках – каша. Адзін раз далі па адной сасісцы на чалавека, іх мы з задавальненнем з'елі. У астатніх выпадках – тыя ж шэрыя хлебныя катлеты, толькі абсмаленыя, мы называлі іх нагетсамі. У абед прыносілі яшчэ па 200 грам хлеба. Вячэра складалася з аднаго нагетса. Гэта значыць, часцей за ўсё, у дзень ты еў батон і суп».

Алег адзначае, што праблем з лекарамі не ўзнікала: аднойчы ў яго падняўся ціск, яму аператыўна выклікалі хуткую дапамогу.

«Большасць канвойных апускалі вочы»

«У "палітычных" пад забаронай было практычна ўсё, што дазволена астатнім зняволеным, – кажа Алег. – Напрыклад, не давалі кнігі, кіпень хаця астатнім прыносілі яго тры разы на дзень). Калі прасілі, адказвалі "Без каментароў", сыходзілі ад адказу ці маўчалі. 70% канвойных пры гэтым апускалі вочы. І хоць у большасці засталася сумленне, без "выдатнікаў" не абыходзілася: былі тыя, якім прыносіла задавальненне здзекавацца з нас. Умоўна, працу можна выканаць на «тры», калі ў цябе ёсць сумленне, а можна на "пяць", калі яго няма. Можна падняць цябе ноччу, а можна не будзіць, а праверыць стан. Можна наліць суп поўнасцю з вады, а можна дадаць туды нешта пажыўнае. Можна выдаць ручнік, а можна не выдаваць – хай выціраецца кофтай. Можна даць нармальную туалетную паперу, а можна жудасную. Некаторыя разумеюць ступень маразму. У аднаго хлопца, які патрабаваў, каб мы ўсталі ноччу, я спытаў: "Ты атрымліваеш ад гэтага задавальненне ці як?" Ён адказаў: "Пытанні да начальства».

Алег кажа, што ўвесь гэты час у яго было адчуванне, што ён знаходзіцца ў ваенным фільме, дзе немцы перавозяць палонных савецкіх салдат, – толькі тут гэта стаўленне беларусаў да свайго ж народу.

«Такая плата за тое, што ты выказаў салідарнасць і маеш сваё меркаванне, – кажа Алег. – Яны хочуць паламаць ў цябе пачуццё чалавечага, апусціць на сацыяльнае дно. Але калі ты адчуваеш сябе чалавекам, ніхто не можа у цябе гэтага адняць. Тваё меркаванне не мяняецца, а абурэнне і жаданне змяніць сітуацыю і стаўленне да сябе ў людзей назапашваецца, як снежны ком».

«Усе можна перанесці»

«Вядома, аднастайнасць прыгнятае, – успамінае Алег. – Няма чым сябе заняць, ты нешта абмяркоўваеш, шпацыруеш па камеры, каб хутчэй заснуць. Можна займацца побытавымі справамі – праць і прыбірацца. Хлопец у адзіночцы займаўся матэматычнымі задачкамі, каб чымсьці сябе заняць. Але тыдзень усё роўна цягнецца невыносна доўга, хоць цяпер пра яе няма чаго і ўспомніць. Гэта як бегчы ў сне: быццам бы, бяжыш, але не можаш зрушыцца з месца. Здавалася б, сёння ты дома з дзецьмі, а заўтра ты крымінальнік, да якога стаўленне горшае, чым да крымінальніка.

І хоць я шакаваны, як беларусы могуць рабіць такое з беларусамі, усё гэта можна перанесці і перажыць. Для гэтага можна і трэба знаходзіць матывацыю і плюсы».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства