viasna on patreon

Яшчэ адзін дзень сведчанняў у судзе па "справе студэнтаў"

2021 2021-05-24T23:38:53+0300 2022-05-12T18:59:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/studenty_bgai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя студэнтаў каля БДАІ. Фота з сацсетак

Акцыя студэнтаў каля БДАІ. Фота з сацсетак

Суд Савецкага раёну на выяздням пасяджэнні ў Доме правасуддзя працягвае разгляд крымінальнай "справы студэнтаў" па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

На лаве падсудных студэнткі і студэнты сталічных вну Ксенія СырамалотЯгор КанецкіІлля ТрахтэнбергТаццяна ЕкельчыкКася БудзькоЯна АрабейкаВікторыя ГранкоўскаяАнастасія БулыбенкаМарыя КаленікГлеб Фіцнер, выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава

Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава.

Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".

"Яны паводзілі сябе не агрэсіўна. Ды і наогул, яны ж дзеці". У судзе працягваецца допыт сведкаў па "справе студэнтаў"

21 траўня ў судзе працягнуўся допыт прадстаўнікоў універсітэтаў у якасці сведак.

Намесніца дэкана БНТУ: "Віцы [Гранкоўскай] былі прадастаўленыя ўсе магчымасці, каб яна стала добрым архітэктарам"

На судовым пасяджэнні 24 траўня ў якасці сведак былі дапытаныя кіраўнікі і выкладчыкі БНТУ і БДАІ, а таксама прадстаўнікі Мінсктранса.

Першым сведчыў дэкан машынабудаўнічага факультэта БНТУ Андрэй Сафонаў. Ён распавёў, што ў самім корпусе факультэта акцыі не праходзілі, але праводзіліся каля яго. Самай яркай і масавай была акцыя 26 кастрычніка: у ёй прыняло ўдзел каля 100 чалавек, у той час як у іншыя дні – да 20 чалавек. Удзельнікі выкарыстоўвалі сімволіку і лозунгі, каардынаваліся мерапрыемствы праз тэлеграм-каналы "Палітэх 97%", "Отчислено" і "БНТУ 97%".

На навучальны працэс, па словах Сафонава, акцыі паўплывалі апасродкавана, заняткі не перарываліся, скаргаў ад выкладчыкаў не паступала. З абвінавачаных сведка ведае Анастасію Булыбенка, але не бачыў яе сярод удзельнікаў 26 кастрычніка [дзяўчына ў той час адбывала адміністрацыйны арышт за акцыю 17 кастрычніка – заўв. рэд.]. Бачыў удзел абвінавачанай у іншых акцыя па фота ў тэлеграме.

Сафонаў кажа, што размаўляў з Булыбенка неаднаразова, яна тлумачыла, што ўдзельнічала ў акцыя "з жалю, скажам так, да пацярпелых з-за разгонаў несанкцыянаваных пратэстаў".

Абаронца папрасіў ахарактарызаваць Анастасію Булыбенка. Сафонаў сказаў, што паспяховасць трошкі вышэй сярэдняга, а пра чалавечыя якасцях ён не можа сказаць ні дрэнна, ні добра. Абвінавачаная была адлічаная "з-за сістэматычных парушэнняў".

Далей гаворка ідзе пра Вікторыю Гранкоўскую. Аб формах яе парушэнняў Сафонаў нічога не можа патлумачыць, прозвішча палітзняволенай чуў на розных сходах.

Адвакат удакладніў, ці быў да 28 верасня 2020 года ў правілах унутранага распарадку парадак ўзгаднення акцый з рэктарам. Сафонаў спрабаваў сысці ад адказу, але ў выніку сказаў, што не было, аднак існуе агульны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.

Далей у якасці сведкі выступае старшы выкладчык БНТУ Дзмітрый Пракопаў. З абвінавачаных ведае Вікторыю Гранкоўскую - яна была студэнтка ў групе пад яго куратарствам. Аб удзеле дзяўчыны ў акцыях ведае толькі па прадстаўленай інфармацыі ад дэкана.

Абвінавачванне: Гранкоўская была адлічаная?

Пракопаў: Мабыць, так.

Абвінавачванне: Якія прычыны пропускаў?

Пракопаў: Ну ўсё я не памятаю. Яна была ў Жодзіна [адбывала адміністрацыйны арышт у 7 сутак – заўв. рэд.], таксама там пропускі былі.

Пракопаў станоўча характарызуе Гранкоўскую.

Наступны сведка — выкладчыца БНТУ Вольга Яцкевіч, яна асабіста ведае Анастасію Булыбенка, кажа, што ў дачыненні да абвінавачанай было вынесена дысцыплінарнае спагнанне, тлумачыць прычыны пропускаў заняткаў студэнткай, а таксама станоўча характарызуе яе, распавядае аб яе працы старастай.

Ведае аб удзеле Булыбенка ў акцыі толькі па фота, кажа, што студэнтцы "даводзілі, што нельга верыць, удзельнічаць у акцыях", дзяўчына абяцала, што больш не будзе.

У судзе была дапытаная намесніца дэкана архітэктурнага факультэта БНТУ Наталля Шуляковская. Яна кажа, што студэнты 26 кастрычніка сфатаграфаваліся на факультэце з незарэгістраванай сімволікай і апублікавалі фота ў тэлеграм-канале. Пра іншыя акцыі яна не ведае. Удзел у акцыі прымала каля 100 чалавек, былі ў масках, цяжка было кагосьці апазнаць, мерапрыемства каардынавалася праз тэлеграм-каналы.

Абвінаваўца: Падпісаныя на іх?

Шулякоўская: У нас праца звязаная з гэтым, адміністрацыя просіць чытаць некаторыя тэлеграм-каналы. Напрыклад, мы падпісаны на "Отчислено".

Сведка кажа, што Вікторыя Гранкоўская добра з усімі камунікавала, а ў верасні "ў ёй адбыліся змены":

"Віцы былі прадастаўлены ўсе магчымасці, каб яна стала добрым архітэктарам. Ведаючы яе лёс, факультэт трапятліва і беражліва ставіўся да яе".

Ці брала ўдзел Гранкоўская ў акцыі 26 кастрычніка намдэкана не памятае, у той дзень са студэнткай яна не камунікавала. На яе думку, Вікторыя ўдзельнічала ў акцыях у сувязі з "палітычнымі поглядамі".

Першы прарэктар БНТУ: "26-га кастрычніка - гэта адразу адлічэнне"

Наступны сведка - першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына. Ён адзначыў, што акцыі праходзілі ў верасні-кастрычніку 2020 года, але самая асноўная была 26 кастрычніка: былі лозунгі, бчб-сімволіка, студэнты спрабавалі арганізаваць страйк. У той дзень сабралася каля 150 чалавек.

Георгій Вяршына кажа, то заняткі былі сарваныя, некаторыя студэнты год не змогуць працягваць адукацыю, называе правакацыямі акцыі падчас універсітэцкага мерапрыемства. Сярод удзельнікаў адзначае Вікторыю Гранкоўскую, але бачыў яе толькі на відэазапісах:

"Добрая студэнтка. Гэта яе выбар. Вельмі неразумную акцыю правяла 1 верасня. Тады мне здалося, што яна зрабіла правільныя высновы, але, на жаль, не. Вельмі шкада, вядома".

З Булыбенка Анастасіяй сведка асабіста не знаёмы, але па відэаматэрыялах дакладна можа сказаць, што яна ўдзельнічала ў акцыях.

Георгій Вяршына адзначыў:

"26-га кастрычніка - гэта адразу адлічэнне".

Паводле яго слоў, загад аб адлічэнні быў 27 кастрычніка, тады 52 студэнты БНТУ былі адлічаныя. Вяршына сцвярджае, што дакладныя па студэнтам ёсць, ён пісаў іх асабіста.

На допыце ў следчага прарэктар БНТУ меркаваў, што арганізатарам акцый быў хтосьці з выкладчыкаў.

Пасля абедзеннага перапынку ў судзе выступіла намесніца дэкана архітэктурнага факультэта БНТУ Вольга Дашкевіч. Яна распавяла, што не была сведкай ніводнага масавага мерапрыемства, бачыла толькі фота ў тэлеграм-канале "БНТУ 97%" і "Отчислено". Таксама на відэазапісе бачыла затрыманне Вікторыі Гранкоўскай каля БНТУ. Характарызуе абвінавачваную як добрую студэнтку, па навучальнаму працэсу да яе не было ніякіх пытанняў, атрымлівала персанальную стыпендыю за ўдзел у навуковай дзейнасці. На пытанне абароны сказала, што Вікторыя не магла арганізаваць акцыю, зрыву навучальных заняткаў не было зафіксавана.

Дэкан мастацкага факультэта БДАІ: "Маладыя людзі паддаліся парывам старэйшых, таму прашу даць ім шанец"

Наступным у якасці сведкі выступіў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. Ён сказаў, што на тэрыторыі ВНУ ў верасні-кастрычніку прайшло каля 20 акцый, у якіх удзельнічалі не толькі студэнты, але і староннія людзі – выпускнікі. Удзельнікі выстройваліся ў ланцуг, трымалі плакаты і бел-чырвона-белыя сцягі, крычалі лозунгі, пляскалі ў далоні. Сам рэктар прапаноўваў студэнтам разысціся, першыя тры разы яго слухалі, а ў далейшым сталі ігнараваць. Пры гэтым, па словах сведкі, зрыву заняткаў не было, але на працы выкладчыкаў гэта адбівалася.

З абвінавачаных пастаяннай удзельніцай акцый называе Марыю Каленік, але ніякіх агрэсіўных дзеянняў з яе боку не было. Ёй выносілі вымову.

У першых чыслах кастрычніка ў правілы ўнутранага распарадку БДАМ ўнеслі змены, якія ўрэгулявалі правядзенне масавых мерапрыемстваў ва ўніверсітэце.

У судзе зачытваюць папярэднія паказанні, згодна з якімі кожны дзень кастрычніка распісаны па колькасці ўдзельнікаў акцый. Таксама паказваецца, што акцыі абцяжарвалі праход. У той час як у зале суда сведка канстатаваў, што скаргаў аб цяжкасці праходу ў навучальны корпус ён не атрымліваў.

Дэкан мастацкага факультэта БДАМ Ганна Конанава таксама была дапытаная ў якасці сведкі. Яна бачыла акцыю 30 верасня: выйшла каля 30 чалавек, ніякай сімволікі не было, "былі жэсты, якія выкарыстала апазіцыя ў жніўні".

"Студэнты казалі, што яны супраць гвалту. Яны былі ўзбударажаныя падзеямі жніўня. Мы ім нагадвалі і тлумачылі, што яны павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку, якія вывешаныя на сайце".

Марыю Каленік не ведае, але памятае, што яе запрашалі на савет факультэта для напісання тлумачальнай аб удзеле ў акцыях. Таксама яна падкрэсліла:

"Хачу распавесці сваё назіранне: маладыя людзі ў масе сваёй паддаліся парывам старэйшых. Таму прашу даць ім шанец".

Першы прарэктар БДАІ: "Яна [абвінавачаная Марыя Каленік] атрымлівала ўстаноўкі"

Наступнай выступала першы прарэктар БДАМ Святлана Вінакурава. Яна таксама апісвае акцыю, якая праходзіла 30 верасня на вуліцы: удзельнікі стаялі ўздоўж праспекта Незалежнасці, студэнтам сігналілі вельмі гучна, стаяў гул.

"Мы прасілі прайсці іх да рэктара на размову. Нашых студэнтаў было чалавек 15, а ўсяго ўдзельнічалі ў акцыі 30 чалавек".

Амаль кожны дзень у кастрычніку акцыі праходзілі ўнутры ўніверсітэта, удзельнікі пляскалі ў ладкі, выкрыквалі лозунгі, трымалі плакаты, выстройваліся ўздоўж лесвіц. Па яе словах было "не вельмі прыемна праходзіць паміж радамі тых людзей, што сядзяць". Аднак зрываў заняткаў не было.

Са слоў Вінакуравай, Марыю Каленік прасілі напісаць тлумачальную, але яна сказала, што ёй трэба патэлефанаваць адвакату. А адвакат ёй раіў пісаць, што яна ў акцыях не ўдзельнічала. Пасля абвінавачаная і астатнім студэнтам рэкамендавала так пісаць. Усяго ад Каленік 3-4 разы патрабавалі напісаць тлумачальныя, а ў акцыях яна ўдзельнічала 6 або 7 раз.

"Каленік актыўна ўдзельнічала практычна ва ўсіх акцыях. У мяне склалася ўражанне, што нехта іншы даваў ёй парады".

На думку прарэктара БДАМ, на савеце прафілактыкі палітзняволеная тэлефанавала адвакату, каб ён ёй падказаў, што трэба казаць і пісаць.

Адвакат: Дык гэта можна назваць юрыдычнай кансультацыяй?

Вінакурава: Яна атрымлівала ўстаноўкі.

Далей у судовым пасяджэнні дапыталі прадстаўніка Мінсктранса Ражовіча, які паказаў, што па вул. Ленінградская 26 кастрычніка быў прыпынак грамадскага транспарту ў сувязі з перакрыццем праезнай часткі, чым быў нанесены ўрон прадпрыемству з-за затрымкі руху. Пры гэтым відавочцам падзей сведка не быў, не памятае, ці паступалі скаргі ад пасажыраў. 

Пасля Ражовіча ў судзе выступіў кіроўца тралейбуснага парку Аляксандр Яўмененка. Ён распавёў, што дарогу перагарадзіла каля 150 чалавек, пасля прыехаў АМАП, затрымка транспарту склала 10-15 хвілін.

Абаронца: Перад тым, як спыніліся, вы бачылі супрацоўнікаў міліцыі?

Сведка: Ну АМАП прыехаў расчысціць дарогу.

Абаронца: Як расчысціць? АМАП ужываў сілу?

Сведка: Ну за рукі ўзяліся і адціснулі.

Наступнай у суд выклікалі студэнтку ЕГУ Мелісу Кабасакал. Яна - дзяўчына абвінавачанага Глеба Фіцнера, разам пражывалі. Аб удзеле палітвязня ў акцыях яна нічога не ведае. 

Апошнім сведкам 24 траўня быў дапытаны начальнік службы бяспекі БНТУ Юрый Ануфрыеў. Ён называе даты акцый, якія памятае, і падрабязна апісвае акцыю 26 кастрычніка: было шмат людзей, рухаліся калонай, адбываліся затрыманні. Кажа, што заняткі ў універсітэце не былі сарваныя. Абвінавачаных Гранкоўскую і Булыбенка асабіста не ведае, але бачыў іх на відэазапісах: яму паказвалі на іх і называлі прозвішчы.

Абаронца: Каго-небудзь з прысутных абвінавачаных ведаеце?

Сведка: Як на відэазапісах: усё ў масках і ўсё ў смутку. Толькі цяпер чамусьці ўсе ўсміхаюцца.

Зачытваюць паказанні сведкі, у якіх сказана, што Ануфрыеў лічыць Гранкоўскую арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі БНТУ.

Абаронца: Ваша крыніца дасведчанасці? Вы ж не з'яўляліся сведкам падзей з удзелам Гранкоўскай.

Сведка: На падставе таго, што гаварылася ў рэктараце. Зараз я яе не пазнаю.

Абаронца: Вы разумееце, што абвінавачваеце яе арганізатарам, але пры гэтым не ведаеце яе?

Сведка: Мне паказваў першы прарэктар (Вяршына) яе на відэазапісах і сказаў, што яна была арганізатарам.


Падтрымайце палітвязняў па справе студэнтаў!

"Наша сіла — ў салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

Вынаходлівыя беларусы і беларускі прыдумалі шмат спосабаў падтрымкі тых, хто знаходзіцца за кратамі. Адпраўка тэлеграмы ў зняволенне з дому, грашовы перавод на турэмную краму праз інтэрнэт-банкінг, дапамога замовіць кнігі вязню з бібліятэкі СІЗА ці нават з бліжэйшай кніжнай крамы і многае іншае — «Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства