viasna on patreon

"Хто спявае, той і ўдзельнічае". Што яшчэ кажуць сведкі на судзе па "справе студэнтаў"

2021 2021-05-26T15:25:00+0300 2022-05-12T18:59:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/studenty_sud_kalazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фігуранты "справы студэнтаў". Калаж mediazona.by

Фігуранты "справы студэнтаў". Калаж mediazona.by

25 мая ў выязным пасяджэнні суд Савецкага раёна працягнуў разгляд крымінальнай "справы студэнтаў" у дачыненні да 10 навучэнцаў сталічных ВНУ, выпускніцы БДМУ і выкладчыцы БДУІР.

Ксенію СырамалотЯгора КанецкагаІллю ТрахтэнбергаТаццяну ЕкельчыкКасю БудзькоЯну АрабейкаВікторыю ГранкоўскуюАнастасію БулыбенкаМарыю КаленікГлеба ФіцнераАлану Гебрэмарыям і Вольгу Філатчанкаву вінавацяць паводле ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава.

Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".

Яшчэ адзін дзень сведчанняў у судзе па "справе студэнтаў"

На судовым пасяджэнні 24 траўня ў якасці сведак былі дапытаныя кіраўнікі і выкладчыкі БНТУ і БДАІ, а таксама прадстаўнікі Мінсктранса.

Дэкан мехмата БДУ: "Не бывае такога, каб студэнты проста спантанна вырашылі паспяваць"

Суд працягвае допыт сведак па справе - прадстаўнікоў адміністрацыі і супрацоўнікаў ВНУ.

Першым 25 траўня выступаў дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ Сяргей Басякоў, які распавёў, што добра памятае толькі акцыю 26 кастрычніка. У іншыя дні студэнты таксама збіраліся - 1-2 разы на тыдзень: спявалі песні, часам былі плакаты. Акцыі праходзілі на 4 паверсе галоўнага корпуса БДУ на вялікім перапынку.

На пытанні дзяржабвінавачання кажа, што былі студэнты БДУ, нейкіх канкрэтных лідараў вылучыць не можа. Акцыі не перашкаджалі навучальнаму працэсу, акрамя той, што была 26 кастрычніка - была забастоўка, мерапрыемства праходзіла ў двары, Басякоў асабіста яе не назіраў. Аднак сцвярджае, што было шумна, быў перакрыты праход - студэнтам было складана прайсці, яны спазніліся на пары.

З абвінавачаных дэкан БДУ ведае Таццяну Якельчык і Іллю Трахтэнберга, кажа, што яны ўдзельнічалі ў акцыях – "не кожны раз, але часам бачыў іх". Па словах Сяргея Басякова, у абвінавачаных не было асаблівай ролі, проста ўдзельнікі, бачыў, як яны размаўлялі паміж сабой. Сведка сцвярджае, што акцыі парушалі адзін з пунктаў правілаў унутранага распарадку БДУ - яны не былі ўзгодненыя з адміністрацыяй ВНУ:

"Падаецца заяўка прарэктару і дакладная кіраўніку таго структурнага падраздзялення, на тэрыторыі якога праводзіцца мерапрыемства".

З практыкай вуснага звароту для ўзгаднення акцый Басякоў не сутыкаўся. У ходзе допыту высветлілася, што студэнтаў з ПВР не знаёмяць.

Са скаргамі на акцыю 26 кастрычніка ніхто да сведкі не звяртаўся, але пазней цягам тыдня тэлефанавалі бацькі і казалі, што "дзеці не маглі прайсці на пары".

Ілля Трахтэнберг задаў некалькі ўдакладняючых пытанняў датычнага таго, дзе менавіта стаялі студэнты, колькі іх было, як менавіта яны размяшчаліся, што ніхто не мог прайсці. Басякоў сказаў, што было каля 10 чалавек, якія стаялі ў праходзе з калідорамі.

Таццяну Якельчик сведка характарызуе як руплівую, здольную студэнтку з высокім сярэднім балам. У дзяўчыны былі пропускі - частка па паважлівых прычынах, а частка - не, былі спагнанні.

Абаронца: Перапынкі - гэта вольны час студэнтаў?

Басякоў: Так.

Абаронца: Значыць, яны могуць праводзіць іх, як хочуць?

Басякоў: Ну так.

Абаронца: Ці павінны студэнты ўзгадняць, калі проста вырашылі пастаяць у колькасці 15 чалавек?

Басяк: Не.

Абаронца: А калі яны вырашаць спантанна праспяваць песні? Усё роўна, гімн Беларусі ці нешта іншае?

Басякоў: Не бывае такога, каб студэнты проста спантанна вырашылі паспяваць.

Паводле слоў сведкі, у фае 26 кастрычніка сабралася каля 80 чалавек, на пытанне абароны, ці маглі студэнты там свабодна размясціцца, спрабаваў увільваць, але пасля заўвагі суддзі, адказаў сцвярджальна. Ён не памятае, ці прасіў разысціся тых, хто сабраўся ў той дзень.

Ілля зачытаў вельмі дакладную фармулёўку з паказанняў дэкана на допыце ў следчага, якая як быццам скапіяваная з закона. Абвінавачаны удакладніў, ці сам казаў Басяк на допыце. Сведка адказаў, што запісана, "напэўна, з яго слоў".

Ілля: Гэта значыць, гэта не следчы вам прапанаваў фармулёўку, а вы самі яе далі?

Басякоў: Так, сам.

Па словах сведкі, міліцыю ва ўніверсітэт ніхто не выклікаў.

Наступным у якасці сведкі выступаў намеснік дэкана біялагічнага факультэта БДУ Віталь Сахвон. Ён распавёў, што акцыя праходзілі раз у некалькі тыдняў - часам часцей, часам радзей, студэнты збіраліся каля факультэта і спявалі "ўсім вядомыя песні" (напрыклад, "Муры"). Як правіла, акцыі былі сядзячыя, з плакатамі, спачатку выкарыстоўвалі "ўсім вядомы сцяг". Найбольш яркай, на думку сведкі, была самая першая акцыя 1 верасня: студэнты спявалі песні, было вельмі незвычайна.

Віталь Сахвон кажа, што прасілі студэнтаў разыходзіцца, праводзілі з імі тлумачальныя гутаркі. Акцыі былі звязаны з нязгодай з вынікамі выбараў прэзідэнта. Акцыя ў канцы кастрычніка выглядала так: студэнты "сабраліся каля факультэта, хадзілі натоўпам", на заўвагі і просьбу разысціся не рэагавалі, але адукацыйнаму працэсу гэта "абсалютна" не перашкодзіла. Сахвон назіраў за акцыяй з вакна, дзеянні студэнтаў яго працы не перашкаджалі.

Абвінавачанага Ягора Канецкага сведка ведае па фота, бачыў на акцыі адзін раз, але не 26 кастрычніка. Ведае таксама, што палітвязень атрымаў дысцыплінарнае спагнанне. Характарызуе Канецкага са станоўчага боку, "паспяховасць добрая".

Палітвязень: "Вы ж як матэматык разумееце, што верагоднасць таго, што фармулёўкі ў розных сведак супадуць, імкнецца да "нулю"?"

У судзе ў якасці сведкі дапыталі намесніка дэкана механіка-матэматычнага факультэта БДУ Валерыя Курсава. Паводле яго слоў, у верасні-кастрычніку праходзілі акцыі пратэсту ў корпусе БДУ, аўдыторыях факультэта і ў дворыку ВНУ. Колькасць удзельнікаў заўсёды была розная, але найбольшая была ў 20-х чыслах кастрычніка, калі была абвешчаная забастоўка. У сярэднім было 60-80 удзельнікаў у той дзень, а ў іншыя дні - 15-20 чалавек. Курсаў выходзіў да студэнтаў і прасіў іх разысціся, бо гэта ўваходзіць у яго абавязкі, рэакцыя на просьбы была розная, але ў цэлым удзельнікі заставаліся: сядзелі, спявалі, пляскалі ў далоні, сімволіку не бачыў.

Хоць акцыі і праходзілі ў асноўным у перапынках паміж заняткамі, на думку сведкі, абстаноўка не была спрыяльнай для навучальнага працэсу. Таксама ён адзначае, што 26 кастрычніка мітынгоўцы не ўрываліся ў аўдыторыі, давалі ахвотным вучыцца. Бачыў сярод удзельнікаў Іллю Трахтэнберга, хто каардынаваў акцыі - не ведае, пра факты зрыву заняткаў яму не вядома. Таццяну Якельчык намдэкана ведае як сваю студэнтку, кажа, што яна таксама ўдзельнічала ў акцыях на тэрыторыі факультэта.

Распавядае, што пасля акцый выклікалі студэнтаў даваць тлумачальныя, ёсць акты аб адмове дачы такіх тлумачальных.

На думку Курсава, студэнты былі азнаёмленыя з правіламі ўзгаднення правядзення мерапрыемстваў, бо гэтая інфармацыя ёсць на сайце БДУ, сам асабіста гэтыя правілы ён нікому не тлумачыў.

"26 кастрычніка Таня і Ілля не ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе, але астатнім не перашкаджалі".

Сведка кажа, што 26 кастрычніка раіў студэнтам разысціся, перамяшчэнне ў холе 4 паверха было абцяжаранае, але скаргаў ніхто не прад'яўляў.

Што тычыцца ўдзелу ў акцыях Таццяны Якельчык, намдэкана кажа, што 22 і 30 верасня, а таксама 2 кастрычніка студэнтка адмаўлялася пісаць тлумачальныя, але з ёй асабіста сведка не меў зносін. Крытэрыі масавых мерапрыемстваў Курсаў не ведае, кажа, што гэта можа патлумачыць наступны сведка - прадстаўнік аховы.

"Калі б Андрэй Дзмітрыевіч [рэктар БДУ - заўв. рэд.] дазволіў акцыю, я бы першым пра гэта даведаўся на мехмаце".

Згодна з ПВР, студэнты не могуць шумець у перапынках, а сядзенне на падлозе – лічыцца парушэннем. На ўдзельнікаў акцый накладаліся дысцыплінарныя спагнанні.

У судзе зачыталі пісьмовыя паказанні, якія Курсаў даваў на папярэднім следстве. Тады ён называў Якельчык і Трахтэнберга - арганізатарамі акцый, згадваў іх як адміністратараў тэлеграм-канала "Мехмат 97%".

Ілля Трахтэнберг спытаў:

"Валерый Міхайлавіч, Вы ж як матэматык разумееце, што верагоднасць таго, што фармулёўкі ў розных сведак ад адміністрацыі БДУ супадуць, імкнецца да "нулю". Якім чынам так атрымалася?"

Курсаў на гэта адказаў, што ўсе фармулёўкі ў яго пратаколе запісаныя з яго слоў.

Таксама ў судзе высветлілася, што следчы пры допыце сведкі не даваў яму азнаёміцца з кожным пунктам пратаколу допыту, а на подпіс пратакол разам з усімі дадаткамі з тлумачэннем правоў быў пададзены ўжо ў канцы допыту.

Валерый Курсаў, як і папярэдні сведка, быў не згодны з шэрагам сцвярджэнняў у пратаколе допыту, але аб магчымасці ўнясення сваіх пазнак не ведаў, бо гэта не было растлумачана яму следчым.

Дэкан біялагічнага факультэта БДУ: "Хто спявае, той і ўдзельнічае"

Пасля абедзеннага перапынку ў судзе выступіў дэкан біялагічнага факультэта БДУ Вадзім Дзямідчык. Ён таксама паказаў, што акцыі праходзілі ў першыя месяцы навучальнага года падчас перапынкаў, студэнты ў колькасці ад 10 да 20 чалавек збіраліся ў холе, спявалі песні, сімволікі сведка не назіраў. Спачатку акцыі праходзілі два разы на тыдзень, потым - раз на тыдзень, потым паступова "сышлі на нет". Дзямідчык выходзіў да студэнтаў і тлумачыў, што яны парушаюць ПВР, зрыву заняткаў не было. Раніцай 26 кастрычніка сабралася каля 30 чалавек спачатку ў корпусе, потым выйшлі на вуліцу, пастаялі і пасля кудысьці сышлі. Дакладна не памятае, ці выкрыквалі ўдзельнікі лозунгі. Скаргаў не паступала.

"Усё было этычна і карэктна, не было ніякіх заклікаў".

Кажа, што ў абвінавачанага Ягора Канецкага быў высокі сярэдні бал, ён займаўся навукай. У той жа час, палітвязень удзельнічаў у акцыях, але сведка "не сказаў бы, што ён займаў галоўную ролю".

Абаронца: Ці перашкаджалі ўдзельнікі акцый перамяшчэнню па факультэце?

Дзямідчык: Не, яны збіраліся ў холе.

Абаронца: А як вы вызначаеце, хто ўдзельнічае ў акцыі?

Дзямідчык: Хто спявае, той і ўдзельнічае.

Суддзя зачытала папярэднія паказанні сведкі: ён сцвярджаў, што Канецкі – актыўны ўдзельнік акцый, а таксама, што 26 кастрычніка гучалі заклікі далучыцца да страйку.

Наступны сведка — прарэктар па вучэбнай працы БДУІР Віктар Рыбак. Ён таксама лепш за ўсё запомніў акцыю 26 кастрычніка: тады сабралася група студэнтаў, якая пайшла падчас заняткаў па аўдыторыях з заклікам да забастовак. Выкрыквалі крычалкі і лозунгі, на заўвагі не рэагавалі, а калі хадзілі па лесвіцы – ніхто не мог прайсці. Калі студэнты выйшлі на вуліцу, да іх далучыліся і іншыя людзі.

"Я бачыў, як на вуліцы яны [староннія людзі - заўв. рэд.] далучыліся да студэнтаў. Відаць па іх вопратцы, таму як хадзілі, па экіпіроўцы. Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, што яны не студэнты".

Па словах Рыбака, была спроба сарваць заняткі, але яны прайшлі. "Скаргі паступалі імгненна", але сведка кажа толькі аб адным такім выпадку. Іншых масавых мерапрыемстваў не бачыў.

Абвінавачаную Вольгу Філатчанкаву асабіста не ведае, але чуў, што ёсць такі выкладчык, бачыў яе імя ў відэазвароце.

Пры гэтым на папярэднім следстве Віктар Рыбак казаў, што чытаў тэлеграм-каналы і кантраляваў акцыі, а ў судзе ён заявіў, што не ведае ніякіх тэлеграм-каналаў, у дэканаце іх ніхто не чытаў і не адсочваў.

Начальнік упраўлення БДУ: "Ілля выйшаў сярод астатніх, таму і палічыў, што ён арганізатар"

У судзе дапыталі намесніка аховы службы бяспекі БДУ Мікалая Слабейку. Ён паказаў, што на 4 паверсе ММФ і ва ўнутраным дворыку БДУ праходзілі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: спевы, сядзячыя акцыі, лозунгаў не выкрыквалі, але выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сімволіку. Акцыі перашкаджалі правядзенню заняткаў у верасні, але ў цэлым адукацыйны працэс не быў парушаны:

"Яны не ўрываліся, а спакойна заходзілі на тэрыторыю ВНУ. Самы цяжкі быў верасень. Да кастрычніка мы знайшлі агульную мову і разуменне".

Мікалай Слабейка праглядаў тг-каналы, пасля чаго са студэнтамі праводзіліся прафілактычныя гутаркі. Кажа, што размаўляў з Якельчык і Трахтэнбергам, а Ілля скідваў інфармацыю ў тэлеграм-каналы пад сваім імем – куды ісці, што рабіць і г. д.

"Я бачыў, як яны разам падымаліся на пляцоўку, разам сыходзілі. Нават калі Іллю адлічвалі, яны разам былі".

Хто планаваў і арганізоўваў акцыі сведка не ведае, але адзначае, што ў пачатку верасня акцыі праходзілі падчас заняткаў - з 9-10 гадзін раніцы да 14 гадзін дня.

На пытанні Іллі Трахтэнберга адказвае, што бачыў гэтыя акцыі, але ніякім чынам іх не зафіксаваў. Таксама Слабейка пацвердзіў свае паказанні аб тым, што 1 верасня ў акцыі прыняло ўдзел каля 800 чалавек ля ўваходу ў галоўны корпус БДУ - уся пляцоўка ад уваходу ў метрапалітэн да сцяны БДУ была запоўненая студэнтамі. Колькі з іх было студэнтаў мехмата - не ведае.

Ілля: Пасля маіх паведамленняў у так званым тг-канале "Мехмат страйкуе" Вы сказалі, што студэнты збіраліся. Хто канкрэтна збіраўся?

Слабейка: Не магу сказаць. Я чытаў, што "збіраюцца". Хто канкрэтна, у якіх факультэтах, не магу сказаць.

Ілля: А ёсць у Вас факты, што я кагосьці канкрэтна кудысьці заклікаў і куды?

Слабейка: Не ведаю канкрэтна, прозвішчаў не магу назваць.

Ілля: У Вас няма такіх фактаў?

Слабейка: Няма.

Абаронца ўдакладніў, што значыць Якельчык і Трахтэнберг "выконвалі функцыю збору натоўпу", на што сведка адказаў: "Гэта мая здагадка".

Ілля: У Вашых паказаннях сказана, што адны студэнты перашкаджалі іншым студэнтам выкарыстоўваць перапынак у асабістых мэтах. А адміністрацыя, забараняючы акцыі, не замінала студэнтам выкарыстоўваць перапынкі ў асабістых мэтах?

Сведка: Мы не перашкаджалі збірацца студэнтам, і гаворка цяпер ідзе не пра час перапынкаў, а пра навучальны.

Абвінаваўца адзначыў, што "два паважаныя чалавекі - прарэктары БДУ - казалі, што акцыі не праходзілі ў вучэбны час", а цяпер сведка сцвярджае "іншае, хоць на допыце казаў гэтак жа, як і прарэктары".

Абвінаваўца: Каму нам верыць?

Сведка прытрымліваецца пазіцыі, што кажа ўсё дакладна менавіта ў судзе.

Наступны сведка – начальнік упраўлення БДУ Яўген Харук – даведваўся аб акцыях, якія праводзіліся ў верасні, з сацсетак і тэлеграм-каналаў. Іллю Трахтэнберга ведае, хоць асабіста не знаёмы:

"Была сустрэча са студэнтамі, кожны выказваўся, што хоча ад адміністрацыі. Прынеслі петыцыю ад студэнтаў і супрацоўнікаў. Была звязаная з петыцыяй маўклівая акцыя, калі заляплялі раты. Было нешта падобнае на мітынг".

Даведаўся, што палітвязень удзельнічае ў акцыях па фатаграфіі, таксама Ілля не хаваў свайго імя і фота ў тэлеграм-каналах, дзе пісаў, куды ісці на акцыі. У Таццяны Якельчык нікнэйм быў адкрыты да сярэдзіны верасня, яна таксама ўдзельнічала ў перапісках ў чатах, выказвала сваё меркаванне.

У пісьмовых паказаннях сведкі гаворыцца, што ў акцыях удзельнічалі Трахтэнберг і Якельчык, да іх выходзіў дэкан, абвінавачаныя былі мадэратарамі.

Яўген Харук ведаў, што Ілля адлічаны, бо той напісаў пра гэта ў сеткі. Палітвязень Трахтэнберг матае галавой адвакату ў знак таго, што такога не было.

Таксама ў паказаннях сведкі гаворыцца, што былі дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Абарона ўдакладніла, што гэта значыць і як выглядала. Сведка растлумачыў, што 26 кастрычніка былі крыкі і лозунгі, ён лічыць такія дзеянні грубым парушэннем грамадскага парадку. Але на тэрыторыі БДУ такіх парушэнняў не адбывалася.

На пытанні Іллі сведка адказвае, што асабіста назіраў акцыі 1 верасня і 26 кастрычніка, астатнія бачыў на фота і відэа ў тэлеграм-каналах, дзе яны размяшчаліся. 1 верасня Харук не бачыў палітвязня ў холе, бо калі прыйшоў, было ўжо шмат людзей там.

Ілля: Ці прапаноўвалі студэнты кіраўніцтву ўзгадніць акцыі?

Сведка: Так. І на гэта яны атрымалі адказ, што акцыі, мерапрыемствы ўзгадняюцца тыя, якія не носяць палітызаваны характар.

У сведкі спыталі, чаму ён лічыць Іллю арганізатарам акцый. Ён адказаў:

"Калі ўдзельнікаў адной з акцый запрасілі на размову ў дэканат, Ілля выйшаў сярод астатніх хлопцаў, таму і палічыў, што ён арганізатар".

Раніцай 26 траўня стала вядома, што ў судзе па "справе студэнтаў" абвешчаны перапынак да 31 траўня ў сувязі з тым, што камера студэнта БДУ Ягора Канецкага знаходзіцца на каранціне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства