viasna on patreon

Патрабуем вызвалення і перагляду справы палітзняволенай Ірыны Палянінай

2021 2021-05-27T18:11:23+0300 2021-05-27T18:19:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pastavy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 27 траўня 2021 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

26 красавіка 2021 года Пастаўскі раённы суд асудзіў Ірыну Паляніну на два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: па арт. 369 жанчыне прысудзілі абмежаванне волі тэрмінам на два гады, з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, па арт. 295 - паўтара гады пазбаўлення волі ў калоніі.

І.Паляніна прызнана вінаватай у тым, што ў снежні мінулага года размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фатаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова. Таксама яна знайшла ў доме сваёй маці патроны ад малакалібернай вінтоўкі, якія засталіся ад памерлага бацькі, прынесла іх дадому і там захоўвала.

Пакаранне па арт. 369 КК мы лічым палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а пакаранне па арт. 295 КК у дадзенам выпадку празмерным, звязаным з палітычна матываваным пераследам - прызначанае ёй пакаранне не было вызначана ступенню цяжкасці зробленага і дадзенымі пра асобу абвінавачванай, яна была пазбаўленая свабоды выбарачна ў параўнанні з іншымі асуджанымі, як адзначана ў заключэнні экспертаў і аналітыкаў ПЦ “Вясна”.

Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Ірыны Палянінай па арт. 369 і 295 КК

Пастаўскі раённы суд асудзіў 49-гадовую Ірыну Паляніну на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 жанчыну прысудзілі да абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паводле арт. 295 — на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі.

Не аспрэчваючы супрацьпраўнага характару дзеянняў абвінавачванай у частцы захоўвання боепрыпасаў, мы канстатуем цвёрдае перакананне ў палітычна матываваным пераследзе абвінавачанай па крымінальнай справе.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйны (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца або была прызнана вінаватай.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (c) Кіраўніцтва па вызначэнню паняцця “палітычны зняволены”мы прызнаем Ірыну Паляніну палітзняволенай і патрабуем:

  1. неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да яе мер і судовых рашэнняў пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных фактараў, якія паўплывалі на прысуд, спынення крымінальнага пераследу па арт. 369 КК, а таксама яе вызвалення з прыняццем неабходных мер для забеспячэння яе яўкі ў суд.
  2. прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы, а таксама спыніць пераслед грамадзян за мірнае выказванне меркавання з выкарыстаннем асуджэння па іншых крымінальных складах злачынстваў.
  3. неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

"Ініцыятыва FORB";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства