Да двух гадоў калоніі асудзілі адміна тэлеграм-чата «Минск. Перекрытие дорог. Чат» Дапоўнена
У судзе Першамайскага раёна Мінска 24 траўня асудзілі на 2 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адміністратара тэлеграм-чата «Минск. Перекрытие дорог. Чат» 21-гадовага Дзмітрыя Сінкевіча. Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам інструктавання людзей па перакрыцці руху транспарту ў Мінску па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.
Паводле версіі абвінавачвання, Сінкевіч у перыяд з 31 жніўня да 30 кастрычніка 2020 года, з'яўляючыся адміністратарам Telegram-чата «Минск. Перекрытие дорог. Чат», размяшчаў у ім артыкулы з інструкцыямі па перакрыцці руху транспарту. Акрамя гэтага, як сцвярджае дзяржаўны абвінаваўца, ён займаўся пошукам асоб для супрацьпраўных дзеянняў і непасрэдна імі кіраваў. Затрыманы распрацоўваў планы блакавання транспартных артэрый: вызначаў месцы, разлічваў патрэбную колькасць удзельнікаў, падаваў інструкцыі паводзін і размяркоўваў ролі.
Дзмітрыя затрымалі 2 лістапада, запісалі з ім "пакаяльнае відэа".
Суд Першамайскага раёна прызнаў Сінкевіча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.