Ад 2 да 9 гадоў пазбаўлення волі запрасіў пракурор па справе аб падпале "Табакеркі" ў Бабруйску
У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска працягваецца пасяджэнне па крымінальнай справе аб падпале “Табакеркі”, размалёўванні рэкламных канструкцый, спыненні таварнага цягніка і прабітых колах ў аўтамабіля супрацоўніка міліцыі. Абвінавачанымі па справе праходзіць чатыры жыхара горада: Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар'ясаў, Аляксандр Гаўрылаў, Віталь Васілевіч.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі, дзяржабвінаваўца Наталля Лосева.
У судзе па падпале "Табакеркі" ў Бабруйску: "Окей, гугл, што падпаліць"
Усе чацвёра абвінавачаныя тлумачылі свае дзеянні пратэстам супраць сітуацыі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, а менавіта беспадстаўных затрыманняў і катаванняў людзей з боку сілавікоў.
У судзе фігуранты справы заявілі, што раскайваюцца ў тым, што здзейснілі, і цяпер бы наўрад ці гэта паўтарылі. Таксама яны распавялі, што пасля затрымання і дастаўкі ва УУС ноччу 10 кастрычніка іх збівалі некалькі гадзін, прымушаючы зрабіць прызнанні на відэакамеру. Вынікі медыцынскага агляду аднаго з абвінавачаных былі далучаныя да матэрыялаў справы.
Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар'ясаў і Віталь Васілевіч з 10 кастрычніка знаходзяцца пад вартай. Аляксандр Гаўрылаў не быў змешчаны за краты, прысуду ён чакае на волі.
Як піша Белсат, 28 траўня пракурор Наталля Лосева прасіла суд прызнаць мужчын вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў і пакараць іх пазбаўленнем волі: Аляксандра Назаровіча тэрмінам на 9 год калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, Аляксандра Мар'ясава і Віталя Васілевіча тэрмінам на 8 год калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму кожнаму, а Аляксандра Гаўрылава - на 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд будзе агучаны 7 чэрвеня.
Нагадаем, Аляксандра Назаровіча, Аляксандра Мар'ясава, Аляксандра Гаўрылава і Віталя Васілевіча вінавацяць па шэрагу артыкулаў за дзеянні ў кастрычніку 2020 года: спыненне таварнага цягніка (ч. 1 арт. 342 КК), нанясенне чырвоных палос на трох белых рэкламных лайтбоксах (арт. 341 КК), пракол колаў у аўтамабіля супрацоўніка міліцыі (ч. 3 арт. 339 КК), падпал "Табакеркі" (ч. 3 арт. 218 КК), а таксама за неданясенне аб дакладна вядомым цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве (ч. 2 арт. 406) і дзеянні з прадметамі на аснове выкарыстання гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3).
У Бабруйску судзяць чацвярых мужчын за падпал "Табакеркі", спыненне таварнага цягніка і прабітыя колы ў аўтамабіля