viasna on patreon

Пяць расейцаў, якіх утрымліваюць па «палітычных артыкулах» у беларускіх СІЗА. Распавядаем, што вядома пра іх цяпер

2021 2021-06-01T09:00:00+0300 2021-05-31T22:00:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/raseicy_908.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У беларускіх следчых ізалятарах цяпер па «палітычных артыкулах» утрымліваецца мінімум пяць грамадзян Расійскай Федэрацыі. Іх затрымалі ў сувязі з пратэстамі, якія ўспыхнулі ў Беларусі падчас і пасля электаральнай прэзідэнцкай кампаніі-2020. Усе абвінавачваюцца па розных крымінальных артыкулах, але пры гэтым усе праходзяць па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта Ягор Дуднікаў і Сафія Сапега, якіх утрымліваюць у СІЗА КДБ. Гэта актывісты «Страна для жизни» Андрэй Новікаў і Дзмітрый Папоў. Гэта асуджаны на адзін год калоніі па брэсцкай «справе карагодаў» Даніла Чамаданаў. «Вясна» ўзгадвае гісторыі пераследу расейцаў беларускімі ўладамі і распавядае, што з імі адбываецца цяпер.

Пяць расейцаў, якія сядзяць па палітычных артыкулах у беларускіх СІЗА
Пяць расейцаў, якія сядзяць па палітычных артыкулах у беларускіх СІЗА

Даніла Чамаданаў асуджаны на 1 год калоніі па берасцейскай “справе карагодаў”. Адзіны з 14 фігурантаў на судзе быў пад вартай

Даніла Чамаданаў у судзе
Даніла Чамаданаў у судзе

24-гадовага Данілу Чамаданава затрымалі 22 студзеня ў Брэсце па “справе карагодаў”, узбуджанай па падзеях 13 верасня 2020 года ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. Яму прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змясцілі ў СІЗА-7. Яго прызналі палітзняволеным.

На судзе, дзе па гэтай справе судзілі яшчэ 13 чалавек, Даніла адзіны быў пад вартай. Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 14 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

На судзе Даніла прызнаў віну цалкам. У апошнім слове малады чалавек, якога пракурор папрасіў пазбавіць волі на адзін год, папрасіў суд дазволіць яму спатканне са сваёй дзяўчынай, таксама абвінавачанай па гэтай справе, Марыяй Скакавец і маці: "Я не меў магчымасці ўбачыць іх апошнія тры месяцы і, мяркуючы па ўсім, убачу яшчэ не хутка".

7 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста яму і яшчэ 13 фігурантам па "справе карагодаў". Данілу асудзілі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Дзяўчыну Данілы Марыю Скакавец асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". Справу разглядала суддзя Інна Клышпач, дзяржабвінавачванне па справе падтрымлівалі Бараноўскі і Алена Шарко

"Вам я дарую, вызваляю ад асабістай адказнасці за мой прысуд". Што сказалі фігуранты "справы карагодаў" у апошнім слове

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 28 красавіка завяршылася судовае следства над трэцяй партыяй абвінавачаных па "справе карагодаў" па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Даніла знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА-7 пяты месяц.

Андрэй Новікаў. Другі раз змясцілі ў “Валадарку”

Андрэй Новікаў і палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Скрын з відэа
Андрэй Новікаў і палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Скрын з відэа

Гісторыя пераследу грамадзяніна Расіі Андрэя Новікава цягнецца з пачатку лета мінулага года. Першы раз яго затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы Паўстаўскага раёна Віцебскай вобласці за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП, а затым стала вядома, што яго перавезлі ў Мінск у ІЧУ на Акрэсціна, а пасля ў СІЗА-1. Новікаву прад'явілі абвінавачанне па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён стаў чарговым фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».

У СІЗА-1 мужчыну пратрымалі сем месяцаў, а 26 лістапада Андрэя Новікава нечакана вывезлі на мяжу з Расіяй, паставілі штамп аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусі на 10 год. Мужчыне нават не растлумачылі працэсуальны статус. 

«Мой статус незразумелы, — распавядаў тады Андрэй Новікаў. — Я не маю пацверджання таго, у якім статусе цяпер знаходжуся ў крымінальнай справе. Арышт быў адменены без ніякіх тлумачэнняў, пасля чаго мяне вывезлі невядомымі асобамі. Адабралі ўсе дакументы, якія ў мяне назбіраліся падчас следства: усю перапіску, асабістую ў тым ліку, паштоўкі, лісты падтрымкі. Мае асабістыя нататкі забралі. Сабралі ў пакет і забралі, невядомая асоба. Знаходжуся ў цяжкім стане. Сям’я засталася ў якасці закладнікаў».

У Беларусі ў яго засталіся жонка і двое дзяцей. Таму ў красавіку ён таемна прыехаў у вёску на Пастаўшчыне наведаць іх. Але 13 красавіка яго зноў затрымалі. Новікава змясцілі пад варту і прад'явілі абвінавачванне па арт. 371 КК («незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь»). Праваабаронцам стала вядома, што абвінавачванне па справе па арт. 342 КК з яго таксама не знята. Андрэй Новікаў стаў другі раз палітзняволеным. Днямі яго перавезлі ў СІЗА-1. Андрэю Новікаву пагражае да пяці год пазбаўлення волі.

*Андрэй Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы з'ехаў вучыцца ў Расію. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых аперацыях на тэрыторыі Чачні.

Дзмітрый Папоў. У гомельскім ізалятары чакае суду, дзе яму пагражае да 12 гадоў зняволення 

Дзмітрый Папоў. Скрыншот з відэазвароту
Дзмітрый Папоў. Скрыншот з відэазвароту

Грамадзяніна Расійскай Федерацыі Дзмітрыя Папова ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА-1 ужо амаль год. Ён мадэраваў сацыяльныя сеткі "Страна для жизни", у Расіі ён кіраваў праектамі "Мужское государство" і "Сканер" па дэананімізацыі сілавікоў. Дзмітрый знік у Беларусі ўвечары 4 чэрвеня.

Перад знікненнем ён запісаў відэа, у якім распавядае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту і перавезлі ў Мінскі ізалятар часовага ўтрымання. Адтуль яго перавялі ў СІЗА-1. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

4 траўня гэтага года стала вядома, што справу палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Дзмітрыю Папову, а таксама Ціханоўскаму і Сакаву інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

На дадзены момант Дзмітрый Папоў, як і іншыя фігуранты гэтай справы, чакае суду ў гомельскім СІЗА-3. Дата суда пакуль невядомая, як і невядома, ці пройдзе ён у адкрытым рэжыме. Дзмітрыю пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Ягор Дуднікаў. У СІЗА КДБ не пускаюць адваката

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

У СІЗА КДБ з 5 траўня ўтрымліваюць 20-гадовага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ягора Дуднікова. Яго затрымалі ў Мінску, а на здымнай кватэры правялі ператрус. Па словах маці хлопца, пасля ператрусу ў яго канфіскавалі толькі мікрафон.

"Калі шчыра, я не думала, што наяўнасць мікрафона можа быць дастатковай падставай для затрымання. Асабліва, улічваючы, што чалавек займаецца апрацоўкай аўдыё", — кажа маці Ягора.

Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

"Ён закаханы хлапчук, а не падрыхтовец паўстанняў". 20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Мінску

20-гадовага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ягора Дуднікова затрымалі 5 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Адвакат Ягора Антон Гашынскі растлумачыў «Рускай службе BBC», што крымінальную справу супраць Дуднікава ўзбудзілі з-за таго, што ён агучваў ролікі для беларускай апазіцыі. Аб якіх канкрэтна роліках ідзе гаворка, адвакат ня ведае. І высветліць пакуль не можа — Гашынскі ўступіў у справу яшчэ 14 траўня, але да Дуднікава яго дагэтуль не пускаюць.

Па словах адваката, малады чалавек ужо даў прызнальныя паказанні на відэа. Адвакат Гашынскі настойвае на абсурднасці абвінавачванняў:

«Гэта тое ж самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазіцыянера. Ён чыста тэхнічны работнік, займаўся агучкай ролікаў, якія рабіла апазіцыя пасля жнівеньскіх пратэстаў 2020 года».

Пасля апублічвання "Вясной" гісторыі Ягора, у амбасадзе Расіі ў Беларусі "Еўрарадыё" расказалі, што хлопец атрымлівае консульскую падтрымку. Але на адкрытае пытанне "Ці наведваў яго за гэтыя тры тыдні консул?" — непасрэднага адказу не далі.

«Пакуль не падкажу. У нас пазіцыя наконт кожнага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які трапляе ў цяжкае становішча за мяжой, — гэта аказанне консульскай падтрымкі. Пытаннямі, у тым ліку гэтага грамадзяніна, нашы супрацоўнікі займаюцца, — адказаў нам прэс-сакратар расійскай амбасады Аляксей Маскалёў— Нашы супрацоўнікі займаюцца гэтым пытаннем, пакуль што больш каментароў не будзе».

Сафія Сапега. Утрымліваюць у СІЗА КДБ без прад’яўлення абвінавачвання 

Сафія Сапега. Скрыншот з відэа допыту
Сафія Сапега. Скрыншот з відэа допыту

У СІЗА КДБ па падазрэнні ў арганізацыя масавых беспарадкаў і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) таксама ўтрымліваецца 23-гадовая грамадзянка Расійскай Федэрацыі Сафія Сапега. Яе затрымалі 23 траўня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" пасля таго, як самалёт авіякампаніі Ryanair прымусілі здзейсніць пасадку ў Мінску. Дзяўчыну затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам. Іх прызналі палітвязнямі.

25 траўня праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з Сафіяй Сапегай, у якім яна назвала сябе рэдактаркай канала "Чорная кніга Беларусі", дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў.

31 траўня чакалася, што ёй прад’явяць абвінавачванне, але гэтага не адбылося. 1 чэрвеня працягнуцца следчыя дзеянні.

Сафія Сапега з’яўляецца грамадзянкай Расеі і вучыцца ў ЕГУ на праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага звязу». У гэтым годзе яна абараняе дыплом. ЕГУ выступіў з патрабаваннем неадкладнага вызвалення сваёй студэнткі.

«Выкладчыкі і аднагрупнікі пацвярджаюць, што Сафія вылучаецца высокай паспяховасцю і бездакорнай рэпутацыяй у супольнасці ЕГУ. Універсітэт настойвае на неабходнасці прадстаўлення неадкладнай консульскай дапамогі Сафіі. Акрамя гэтага, ЕГУ звяртаецца да міжнародных партнёраў, донараў і праваабарончай супольнасці, каб спрыяць неадкладнаму вызваленню студэнткі», – гаворыцца ў паведамленні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства