viasna on patreon

У калоніі на Арцёма Анішчука ўзбудзілі новую "крыміналку", але да яго не пускаюць адваката і пазбавілі спатканняў да жніўня Дапоўнена

2021 2021-06-02T09:00:00+0300 2021-06-02T09:58:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/arcjom_aniszczuk_fota_z_sacsetak_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў", у Магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы). Папярэдняя прычына новай "крыміналкі" — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца. Але некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат не могуць з ім звязацца, ад самога асуджанага не паступае ніякіх звестак.

Арцём, фота з сацсетак
Арцём, фота з сацсетак

Па словах жонкі Анішчука Вольгі, Арцём 29 траўня павінен быў ісці на іншую, больш мяккую, меру стрымання. Яна мяркуе, менавіта з гэтым звязана завядзенне на яго яшчэ аднаго крымінальнага артыкула.

“Не трэба быць пракурорам ці следчым, каб разумець, што тут усё зроблена спецыяльна, каб накінуць на Арцёма яшчэ адзін тэрмін і маральна яго зламаць”, – пераканана Вольга.

Следчыя дзеянні праходзяць без адваката Арцёма, якога не пускаюць да зняволенага ўжо ў трэці раз. Па гэтай прычыне жонка накіравала скаргі ва ўпраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС – па Магілёўскай вобласці і Мінску, начальніку калоніі №15 у Магілёве. Вольга накіравала скаргу ў пракуратару горада Магілёва, у якой напісала, што мужу не даходзяць лісты. Адвакат Анішчука падаў скаргу на бяздзеянне следчага ў пракуратуру Магілёўскай вобласці, Магілёўскі міжраённы Следчы камітэт і ў Следчы камітэт Беларусі па Магілёўскай вобласці. Таксама Вольга паскардзілася на тое, што Арцём не атрымлівае карэспандэнцыі. На гэта начальнік калоніі сказаў, што асуджаны сам мусіць выпісваць сабе прэсу.

Адзіны адказ, які прыйшоў Вользе, – з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, дзе было напісана, што для арганізацыі пэўнага спаткання з адвакатам патрэбна заява асуджанага. Аднак адвакат мае права трапіць да Арцёма без адпаведнай заявы, бо на зняволенага заведзена крымінальная справа.

Як піша "Новы Час", Вольга пераканана, што пад ціскам адміністрацыі калоніі 18 траўня Арцём напісаў, што не мае патрэбу ў адвакаце, але праз пэўны час, калі яго наведаў следчы, ён сказаў, што патрабуе адваката. Тым больш, раней адвакат тлумачыў зняволенаму, што той мусіць напісаць заяву на допуск адваката. Сама Вольга адпраўляла тэлеграмы мужу з просьбай напісаць заяву. Аднак адказу ні на лісты, ні на тэлеграмы яна ад Арцёма не атрымлівае. З усяго гэтага Вольга робіць выснову, што Арцёму наўмысна не даюць напісаць заяву на допуск да яго адваката.

Зняволенага па палітычных матывах Арцёма Анішчука, якога асудзілі на два гады пазбаўлення волі, перавялі ў магілёўскую калонію 18 красавіка. У хуткім часе Вользе Анішчук патэлефанаваў следчы і сказаў, што на Арцёма заведзена крымінальная справа па 411 артыкуле КК за тое, што той адмовіўся двойчы прыбірацца. Незадоўга да гэтага, Арцём напісаў Вользе, што знаходзіўся адзін у памяшканні камернага тыпу. Пасля гэтага ніякіх звестак ад Арцёма сваякам больш не даходзіла.

Дапоўнена.

Жонка Арцёма Вольга распавяла "Вясне", што 1 чэрвеня да яе мужа ў магілёўскай калоніі зноў не пусцілі адваката. Гэта ўжо чацвёрты раз. Таксама Вольга распавяла, што Арцёма пазбавілі права на спатканні да 21 жніўня. Ён пісаў у лістах жонцы, што перадачы "няхутка яна зможа перадаць".

"Я напісала заяву ад імя мужа на наведванне адваката, бо ў мяне ёсць генеральная даверанасць. У магілёўскай калоніі нас з адвакатам доўга не прапускалі нікуды, казалі, што спаткання не будзе. Пасля таго, як я сказала, што ў мяне ёсць генеральная даверанасць, то да нас паклікалі начальніка калоніі. Калі ён прыйшоў, то адразу сказаў: "Я вас папярэджваў, што спатканняў не будзе". І яны гэта не абгрунтоўваюць нічым. Начальнік калоніі сказаў на маю даверанасць, што яна ўжо нібыта не дзейнічае, бо яе заключалі, калі Арцём быў яшчэ ў СІЗА, хоць яна сапраўдная на працягу трох гадоў", – распавядае жонка Арцёма.

Вольга адзначае, што і прычыны нядопуска адваката да Арцёма не паведамляюцца. Вольга і адвакат наведалі 1 чэрвеня магілёўскую пракуратуру, дзе ім сказалі, што нібыта трэба пісаць скаргу на следчага. Хаця, па словах жонкі Арцёма, скарга на бяздзеянні следчага была напісаная яшчэ 18 траўня, але адказу дагэтуль не прыйшло. Дзяжурны пракурор вельмі здзівіўся, пачуўшы гэта. У Следчым камітэце следчага, які вядзе справу Анішчука, не было на месцы. Адвакату ўдалося патрапіць да начальніцы гэтага следчага, але яму сказалі, каб яны чакалі, пакуль следчы сам з імі звяжацца.

За што асудзілі Арцёма?

Нагадаем, пяць мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў ВК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС Аляксандр Гейца. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Па паказаннях абвінавачаных, у пашкоджанні аўто і пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "неустаноўленыя асобы" ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода машыны склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке ў іх дамах і машынах пасля затрымання: па ч. 1 арт. 295-3ч. 2 арт. 296, 329 і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Віктар Шаўцоў асудзіў пяць мінчукоў ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Як праходзілі суды па гэтай справе чытайце ў рэпартажах "Вясны":

sudy_89.jpg

«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 11 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

На месцы пашкоджання машыны міліцыянта – дзевяць чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць

Суд Мінскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой.

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства