У Брэсце 25 фігурантаў "справы карагодаў" чакаюць прысудаў. Пракуроры запрасілі ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі
У судзе Брэсцкага раёна і Маскоўскага раёна Брэста паралельна разглядаюцца крымінальныя "справы карагодаў" па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць дзвюх "партый" берасцейцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. На лаве падсудных — 13 і 12 чалавек, сярод якіх шэсць палітзняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7. Па двум судам ужо адбыліся судовыя спрэчкі, дзе дзяржабвінавачванне запрасіла ім пакаранне — ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі. Цяпер 25 чалавек чакаюць прысуды ў адносінах сябе.
У чым іх усіх абвінавачваюць?
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Усе абвінаваюцца па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.
Як прапаноўваюць пакараць фігурантаў справы пракуроры?
У судзе Брэсцкага раёна "карагодную" крымінальную справу супраць 12 берасцеўцаў разглядае старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт, тры палітзняволеных. Пракуроры Ярошык і Плышэўскі 28 траўня прапанавалі пакараць іх наступным чынам:
- Раман Дзямідовіч, Марына Дарашук, Святлана Марчук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук — 1,5 года "хатняй хіміі";
- муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко — па 1,5 года "хіміі" і "хатняй хіміі" адпаведна;
- пружанскі паэт і пчаляр Мікалай Папека — 2 года "хіміі";
- палітзняволены сын Арсеній і бацька Яўген Сінякі — па 2 года "хіміі" (Арсеній у СІЗА-7 з 9 лютага);
- палітзняволеная 34-гадовая Вольга Глушань — 1,5 года "хатняй хіміі" (знаходзіцца ў СІЗА-7 з 3 сакавіка, цяпер хварэе);
- палітзняволены 46-гадовы Раман Яхін — 2 года "хіміі" (у СІЗА-7 з 9 лютага).
У судзе Маскоўскага раёна Брэста крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 13 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе разглядае сумнавядомы cуддзя Яўген Брэган. 31 траўня пракуроры запрасілі для іх пакаранне:
- 34-гадовы Андрэй Аніскевіч — 1,5 года "хіміі";
- 45-гадовая Алена Лойка і 28-гадовая Галіна Чугунова — 1,5 года "хатняй хіміі";
- палітзняволеныя 23-гадовы Радзівон Медушэўскі і 19-гадовы Ігар Вінакураў (у СІЗА-7 пад вартай) — 1,5 года "хатняй хімі"
- 40-гадовы Андрэй Нямірскі, 23-гадовы Дзмітрый Курганоў, 39-гадовая Кацярына Смірнова, 20-гадовы Мікіта Увараў, 28-гадовая Сафія Нішт, Сяргей Ксенжук — 1,5 года "хатняй хіміі";
- 25-гадовы Ілля Палхоўскі — 2 года "хіміі"
- палітзняволены 27-гадовы Аляксандр Храпко — 1 год калоніі ў калоніі строгага рэжыму (у СІЗА-7 пад вартай).
Прысуд суддзя Брэган абвесціць 3 чэрвеня ў 15:00.
Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць