У Гродна асудзілі двух чалавек па крымінальным артыкуле за абразу міліцыянтаў
Першага чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прайшлі чарговыя працэсы па крымінальных справах паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу за абразу службовых асобаў. Так, у другой палове дня разглядалася справа супраць 63-гадовай пенсіянеркі, жыхаркі Мазыра Таццяны Тарун, паведамляе "Гарадзенская Вясна". Жанчына мае сур'ёзныя захворванні.
Суддзя на працэсе была Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабавінаваўцам выступала прадстаўніца пракуратуры Кароль. Пацярпелы па справе Павел Калмагораў на працэс па невядомых прычынах не з'явіўся.
Крымінальную справу пачалі за допіс жанчыны 7 снежня 2020 года ў адным з тэлеграм-каналаў. Следчы камітэт палічыў той каментар абразай службовай асаобы - а менавіта міліцыянта, супрацоўніка Гарадзенскага АУС Паўла Калмагорава.
На працэсе Таццяна Тарун прызнала, што сама пісала каментар, сказала, што ён быў празмерна эмацыйны, таму што яна не магла абыякава назіраць за тым пераследам людзей, які чыніўся. Яна вельмі перажывала за збітых людзей і забітага ў тыя дні маладога чалавека, потым іншага. Але ніякіх асабліва абразлівых слоў яна не дапусціла і гатова папрасіць прабачэння ў канкрэтнага міліцыянта. Тарун прасіла ўлічыць таксама стан яе здароўя - у яе дыябет і малы памер пенсіі. Ад адвакацкай дапамогі жанчына адмовілася. Даследаванне судовых матэрыялаў прйшло вельмі хутка.
У спрэчках пракурорка сказала, што віна Тарун поўнасцю даказана, каментар яна размясціла "з мэтай прычынення шкоды дзяржаўнай уладзе", "распальвала непрыязнасць да прадстаўніка ўлады". Пракурор прапанавала пакараць Тарун паводле артыкулу 369 на паўтары гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
У выніку суддзя Маргарыта Ланцэвіч абвесціла свой прысуд: прызнаць Таццяну Тарун вінаватай за знявагу прадстаўніка ўлады і пакараць яе адным годам абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Суд пастанавіў канфіскаваць сістэмны блок яе кампутара.
Таксама ў гэтым жа судзе сёння быў асуджаны Аляксандр Кузін. Мужчына пакінуў у Facebook абразлівы каментар пра супрацоўніка міліцыі, за што на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 369 КК. Суддзя Юрый Казакевіч прысудзіў Кузіну паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").