viasna on patreon

У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Іванам Багдзевічам

2021 2021-06-02T15:50:00+0300 2021-06-02T16:27:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja_admin_erohina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Суд Першамайскага раёна Мінска пачаў разглядаць справу палітвязня Івана Багдзевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Сяргей. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае Зубко. Абаронца — Агееў.

"Публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі"

Івана Багдзевіча абвінавачваюць у тым, што 12-13, 13-14, 14-15, 16, 23 жніўня, знаходзячыся ў розных кропках Мінска, ён "публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзян". Яны былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Сваімі дзеяннямі ён "абмежаваў права добрапрыстойных грамадзян на спакой, працу і іншае".

"Я проста хацеў надаць сабе значнасці"

Іван Багдзевіч пагадзіўся даць паказанні ў адвольнай форме, надалей адмовіўся сведчыць паводле 27 артыкула Канстытуцыі РБ.

Ён цалкам не прызнае віну. Адзначае, што не з'яўляецца ні адміністратарам, ні актыўным удзельнікам чатаў, у якіх чытаў навіны. Іван распавёў, што знаходзіцца ў пошукавым выратавальным атрадзе "Ангел": ягоная дзейнасць не мае палітычнай накіраванасці. 

У сваіх паказаннях як у зале, так і дадзеных следчаму, Багдзевіч распавёў, што ён не меў намеру ўдзельнічаць у мітынгах. У месцах збору людзей ён знаходзіўся выпадкова: пры накіраванні дадому, пры сустрэчы з сябрамі для перадачы рэчаў, а таксама па працы ў пошукавым атрадзе. Сваю рацыю Багдзевіч выкарыстоўваў выключна для працы ў пошукавым атрадзе, а не для ўдзелу ў мітынгах.

Але паколькі людзей на вуліцы было шмат, абыйсці іх не ўяўлялася магчымым. Таксама заявіў, што ўсе абвінавачванні будуюцца на тэлефонных размовах, у якіх ён кажа, што знаходзіцца на акцыях, бо хацеў паказаць сваю значнасць. Таксама ён казаў па тэлефоне пра "свой самы высокі сцяг", аднак сцяга ў яго не было: ён хацеў зрабіць уражанне.

"Многія знаёмыя казалі, што ў акцыях удзельнічаюць самыя.годныя людзі, — адзначыў Багдзевіч. — Таму я так казаў, каб надаць сабе нейкую важнасць. Я шкадую, што ашукваў сваю жонку і сяброў. Усе абвінавачванні будуюцца на маіх тэлефонных размовах, а там непраўдзівая інфармацыя — я проста хацеў надаць сабе значнасці".

У пісьмовых паказаннях, дадзеных следчаму, Багдзевіч паведаміў, што ГУБАЗіК ужыў у дачыненні да яго фізічную сілу: для гэтага яго вывозілі ў лес

Што кажуць сведкі?

Сведка па справе — жонка Багдзевіча Аляксандра — адмовілася сведчыць.

Сведка Кісялёва патлумачыла, што назірала першыя вялікія акцыі ў горадзе, таму што цікавілася імі як сацыяльны работнік: пенсіянеры пыталіся, куды можна хадзіць. Да таго ж, ёй было цікава ўбачыць падзея сваімі вачыма: па тэлевізары казалі адно, а ў інтэрнэце — іншае.

Кісялёва пазнаёмілася з Багдзевічам у пошукава-выратавальным атрадзе "Анёл" і ахарактарызавала яго толькі са станоўчага боку: ён заўсёды выконваў пастаўленыя перад ім задачы, быў адважным і не спалохаўся, нават калі аднойчы атрад выйшаў на ваўкоў у лесе.

Яна распавяла, што сустрэлася з абвінавачаным Багдзевічам выпадкова — на выхадзе з пешаходнага пераходу каля Чырвонага касцёла. У Івана быў магнітафон, з якога грала музыка: Ляпіс Трубяцкой і іншая. Папярэдне яны не дамаўляліся сустрэцца на акцыі: стэлефаноўваліся, верагодна, па пытаннях працы ў "Ангеле".

Сведка Глінская таксама бачыла Багдзевіча з музычнай калонкай на плошчы Незалежнасці, але не памятае, ці ўключаў ён музыку, ці пляскаў у ладкі. Яна падкрэсліла, што гэта было мірнае шэсце, а супрацоўнікаў міліцыі яна не бачыла.

Сведка Гаўрыльчык растлумачыў, што знаёмы з абвінавачаным з чэрвеня мінулага года, пра ягоны ўдзел ў акцыях ведае толькі з ягоных слоў. Багдзевіч казаў яму па тэлефоне, як на Пушкінскай ганялі АМАП, як ехаў аўтазак з БЧБ-сцягам, але "ён шмат фантазіяваў, такі чалавек, таму я зразумеў, што гэта хлусня. Яму нельга верыць, так як ён часта хоча зрабіць ўражанне".

Сведка Людміла Варфаламеева — суседка Багдзевіча. Яна не бачыла, як ён удзельнічае ў акцыях. Аднойчы яна бачыла яго праходзячым міма акцыі медыцынскіх работнікаў каля БДМУ, але ў мужчыны не было з сабой нічога, ён не выкрыкваў лозунгі і не пляскаў і знаходзіўся на процілеглым ад месца акцыі баку вуліцы. Рух у той момант таксама не быў перакрыты.

Сведка Бардзіян пазнаёміўся з Іванам на Пушкінскай. Ён не бачыў у абвінавачанага сімволікі — як зразумеў сведка, Багдзевіч проста шпацыраваў. З цікаўнасці яны паназіралі за тым, што адбываецца каля гадзіны, потым разышліся, абмяняўшыся тэлефонамі. Пасля гэтага стэлефаноўваліся і дамаўляліся сустрэцца: цяпер Бардзіян дрэнна памятае, аб чым размаўлялі, але следчы прадаставіў запіс, па якім ён успомніў сутнасць размоў.

Разгляд справы працягнецца 10 чэрвеня ў 10:30.

"Вясна" назірае за працэсам з дапамогай валанцёраў.


Іван Русланавіч Багдзевіч да затрымання займаўся рамонтам аўтамабіляў. Мае трох маленькіх дзяцей. Актыўна ўдзельнічаў у пошуках зніклых людзей з ПВА "Анёл". Захапляецца рыбалкай.

Быў затрыманы 19 кастрычніка дома ў вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёна. Затрымліваць Івана прыехаў бус са ўзброенымі АМАПаўцамі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства