viasna on patreon

Жыхара Рэчыцы судзяць за тое, што сабраў знаёмых і паехаў з імі ў Гомель 10 жніўня Дапоўнена

2021 2021-06-02T22:53:00+0300 2021-06-07T23:41:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/elkanov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Ялканаў у судзе

Максім Ялканаў у судзе

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачалі судзіць жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава. Яго абвінавачваюць ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) па падзеях 10 жніўня. Пра гэта піша "Палесская Вясна".

Справу разглядае суддзя Сяргей Салоўскі. Дзяржаўны абвінаваўца – намесніца пракурора Ірына Курбацкая.

Максім Ялканаў знаходзіцца пад вартай з 9 сакавіка 2021 года.

Згодна з матэрыяламі справы, Ялканаў 10 жніўня 2020 года, паддаўшыся публічным заклікам да дэструктыўнай дзейнасці, размешчаных на розных інтэрнэт-рэсурсах, заклікаў і схіліў да ўдзелу ў супрацьпраўных дзеяннях сваіх знаёмых: арганізаваў іх збор у колькасці больш за дзевяць чалавек у цэнтральнай частцы горада і арганізаваў паездку чатырох з іх у Гомель для актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках.

Абвінавачаны са знаёмымі прыехаў у Гомель каля 22 гадзін, яны накіраваліся ў бок плошчы Леніна, а праз 10 хвілін усіх іх затрымалі.

Віна Ялканава, як сцвярджае ў судзе прадстаўніца пракуратуры, пацвярджаецца паказаннямі самога абвінавачанага, сведкаў і дэталізацыяй ягоных тэлефонных размоваў.

Ад альтанкі на плошчу

Максім Ялканаў віну ў прад’яўленым яму злачынстве прызнаў цалкам, сказаў, што раскайваецца. Паводле ягонага аповяду падчас допыту ў судзе, практычна з усімі, хто фігуруе ў справе, ён даўно сябруе, а адзін з хлопцаў даводзіцца Ялканаву стрыечным братам. Са многімі ён разам працуе ў фірме «Сінержы ком». Менавіта там у перапынках працы хлопцы праглядалі відэа-ролікі з кадрамі жорсткага збіцця, расстрэлаў гумавымі кулямі і светла-шумавымі гранатамі, якія адбываліся ўночы з 9 на 10 жніўня ў Мінску і некаторых іншых гарадах. Гэта абурала хлопцаў. Неяк усе дамовіліся пасля працы сустрэцца на альтанцы, якая месціцца ў дварах дамоў па вуліцы Сняжкова, дзе ўсе яны жывуць. Сабраўшыся ўвечары на альтанцы хлопцы вырашылі рушыць у цэнтр Рэчыцы да капліцы Еўфрасінні Полацкай, каб пабачыць, што там адбываецца і падтрымаць нязгоду жыхароў краіны з фальсіфікаванымі вынікамі выбараў прэзідэнта.

Суддзя Салоўскі доўга выпытваў у Ялканава, ці падпісаны ён на тэлеграм-каналы супрацьуладнай скіраванасці, з якой мэтай падпісваўся, ці былі там заклікі да таго, каб выходзіць на вуліцы ў гарадах. Ялканаў сказаў, што падпісаўся, каб адсочваць, што адбываецца ў краіне. Сярод відэаролікаў са збіццём пратэстоўцаў сілавікамі былі ў тэкстах заклікі выходзіць на вуліцы. Таксама Салоўскага цікавіла, ці тэлефанаваў Ялканаў сваім знаёмым і сябрам і ці запрашаў выходзіць на вуліцы. Максім адказаў, што тэлефанаваў, на вуліцу выходзіць не прапаноўваў, проста пытаў: «Ці не збіраешся ты на плошчу пабачыць, што там адбываецца?»

Ялканаў сцвярджаў, што асноўная мэта таго, каб ісці на плошчу – паглядзець, ці разганяюць сапраўды мірныя мітынгі так, як паказваюць у роліках у інтэрнэце. У Рэчыцы, паводле яго, на плошчы каля капліцы Еўфрасінні Полацкай сядзелі альбо стаялі купкамі людзі з дзецьмі, сем’ямі, міліцыянты паводзілі сябе карэктна.

У Гомель па «двіжуху»

Пабыўшы нейкі час на плошчы ў Рэчыцы, некалькі хлопцаў вырашылі ехаць у Гомель на машыне аднаго з сяброў. Як тлумачыў Ялканаў, хлопцы палічылі, што ў абласным цэнтры павінна быць нейкая «двіжуха», і ім было цікава пабачыць, як паводзяцца сілавікі. У Гомелі многія вуліцы былі перакрытыя, і трапіць машынай на цэнтральную вуліцу Савецкую не атрымлівалася. Хлопцы паставілі сваю машыну на нейкай вуліцы непадалёк ад цэнтра і пайшлі пешкі ў бок плошчы і Савецкай. Але, на падыходзе да вуліцы Савецкай іх затрымалі сілавікі. Некаторы час пратрымалі ў нейкім адміністрацыйнм будынку і потым адпусцілі. Разам з імі на гэтай вуліцы, як кажа Ялканаў, затрымлівалі і іншых людзей, якія ішлі вуліцаю.

Суддзя Салоўскі спытаў у Ялканава, што ён у выніку ўсёй гісторыі мяркуе. Ялканаў сказаў, што яму крыўдна, што тыя, хто з-за мяжы заклікалі выходзіць на вуліцы гарадоў, за мяжой так і знаходзяцца, а тут людзі пакутваюць.

Праслухоўка загадзя

Пасля апытання Ялканава Салоўскі пачаў агучваць пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іншага звярнулі на сябе ўвагу пратаколы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Самі пратаколы датаваныя лістападам, а вось аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, якія імі запратакаляваныя, праводзіліся 10 жніўня. І палягалі яны ў праслухоўцы тэлефонных перамоваў Ялканава з іншымі фігурантамі справы.

Таксама ў судзе агучаныя адказыпрадпрыемстваў «Гарэлектратранспрат» і «Гомельаблаўтатранс», дзе сказана, што 10 жніўня парушэнняў працы транспарту не зафіксавана, урону не нанесена. Такія ж самыя звесткі ў справе маюцца і ад Рэчыцкага райвыканкама і Гомельскага гарвыканкама парушэнняў працы прадпрыемстваў і арганізацыяў не адзначана.

«Неадпаведнасці» ў паказаннях сведкі

Падчас першага дню паседжання таксама апыталі трох сведкаў. Больш за гадзіну заняло апытанне сведкі Сяргея Вераб’ёва. Гэта калега па працы Ялканава. Ён распавядаў такія самыя абставіны, як і Ялканаў. Але суддзі падалося, што ягоныя паказанні на судзе адрозніваюцца ад тых, што былі на папярэднім следстве. У прыватнасці, у пратаколе допыту сказана, што Ялканаў спытаў Вераб’ёва ці пойдзе той на плошчу. А далей напісана, што на прапанову Ялканава Вераб’ёў пагадзіўся. А на судзе, маўляў, Вераб’ёў кажа, што Ялканаў не прапаноўваў ісці на плошчу. Суддзя Салоўскі расцаніў фармулёўку ў пратаколе допыту як прапанову Ялканава Вераб’ёву ісці на плошчу. Такога ж кшталту былі і іншыя нібыта неадпаведнасці. Іх Вераб’ёў патлумачыў няправільнымі фармулёўкамі падчас допытаў, бо тады следчыя так дакладна не дапытваліся менавіта пра гэтыя акалічнасці.

Таксама паказанні далі яшчэ два сведкі Васіль Воінскі і Сяргей Талмачоў. Іхнія аповяды не выклікалі нейкіх пытанняў і не супярэчылі агульнай карціне, якая вымалёўвалася з апытання Ялканава, Вераб’ёва і пісьмовых матэрыялаў справы. Пры гэтым ні Воінскі, ні Талмачоў не ездзілі з Ялканавым у Гомель.

Працяг судовага разбіральніцтва запланаваны на 3 чэрвеня. У судзе плануюць апытаць у якасці сведкаў тых, хто разам з Максімам Ялканавым ездзіў у Гомель і быў затрыманы.   

Максім Ялканаў быў прызнаны палітзняволеным. Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства