viasna on patreon

"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда

2021 2021-06-03T12:15:30+0300 2021-06-03T19:13:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/latypau_90677.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 1 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага Сцяпана Латыпава. 41-гадовы палітзняволены жыхар "Плошчы пераменаў" паспрабаваў забіць сябе ў залі суда. Наўпрост падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён да гэтага прабыў восем з паловай месяцаў. Судовы працэс супраць палітвязня адновіцца ўжо 10 чэрвеня. "Вясна" папрасіла відавочцу ўчынку Сцяпана распавесці пра судовае паседжанне над ім, пра палітвязня Латыпава як абвінавачанага па "палітычнай" справе і што адбылося ў чацвёртай залі суда Савецкага раёна 1 чэрвеня ў 14:40. Мы цалкам публікуем аповед відавочцы, каб задакументаваць тое, што адбылося.

Сцяпан Латыпаў пасля спробы самагубства 1 чэрвеня. Фота:
Сцяпан Латыпаў пасля спробы самагубства 1 чэрвеня. Фота: "Радыё Свабода"

"Чым бліжэй час Х, тым даўжэй была чарга і павольней запіс"

"Раніцай 1 чэрвеня па дарозе ў суд было незвычайнае хваляванне. Гэта мусіла быць звычайным судовым працэсам, на якім плачуць блізкія, уздыхаюць неабыякавыя, ухмыляюцца пацярпелыя і падморгваюць абвінавачаныя. Працэс павінен быў пачацца ў 10:30. Ужо каля 10:00 на ўваходзе з'явіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і прэс-сакратарка суда. На ўваходзе ў суд ахоўнік трывожна і павольна перапісваў асабістыя дадзеныя кожнага, хто заходзіў у будынак. Чым бліжэй час Х, тым даўжэй была чарга і павольней запіс. Каля 9:50 мы ўпершыню мелькам убачылі Сцяпана Латыпава: канваіры перавялі яго з задняга ўваходу ў адмысловы пакой на першым паверсе. Людзі паступова сталі запаўняць першы паверх суда, а супрацоўнікі міліцыі падняліся на другі паверх да ўваходу ў судовую залу. Тым, хто прыйшоў на працэс, некалькі разоў гучна нагадалі, што фота- і відэаздымкі забароненыя ва ўсім будынку суда. За гэтым сочыць высокі мужчына ў чорным дзелавым гарнітуры, які пастаянна кагосьці адчытвае па тэлефоне. 

В суде 1 июня
У судзе 1 чэрвеня

У 10:25 усіх людзей з другога паверха папрасілі спусціцца на першы, каб яны змаглі перавесці Сцяпана з пакоя на першым паверсе ў судовую залу №4. Праз дзве хвіліны нам было загадана ісці за прэс-сакратаркай. Маладая дзяўчына правяла нас да дзвярэй і сказала падрыхтаваць дакументы для ўваходу. Чарга была каля 25-30 чалавек. Яшчэ 20 спрабавалі трапіць у будынак, але на ўваходзе супрацоўнікі міліцыі стварылі "корак", каб патрапіла як мага менш людзей. Спачатку запусцілі блізкіх сваякоў Сцяпана, затым прадстаўнікоў СМІ, а потым усіх астатніх. З-за каранцінных абмежаванняў было рассаджванне "праз месца". У выніку, у залу змаглі патрапіць менш 15 чалавек. Лаўка для пацярпелых пуставала, бо яны спазняліся на працэс. Бацька Сцяпана Сяргей Латыпаў быў заяўлены ў якасці сведкі з боку абароны, таму ён пабыў у зале да пачатку суда і выйшаў з кабінета.

"Бачыце? Гэта што, сінякі? Ды ён жа збіты!"

На словах "прашу ўсіх устаць" у залу зайшоў суддзя Аляксандр Волк. Спакойны, вочы ў падлогу. Ён нагадаў пра забарону на здымку і пачаў разгляд справы. Уся наша ўвага была накіравана на Сцяпана Латыпава. Ён усміхаўся і стараўся зазірнуць у вочы кожнаму з прысутных. Казаў Сцяпан упэўнена. Часта падчас дачы паказанняў абвінавачаныя, якія ўпэўненыя ў непахіснасці сваёй пазіцыі ў невінаватасці, кажуць спакойна і ўпэўнена. Але ў Сцяпана, акрамя ўпэўненасці ў голасе, было яшчэ нешта трывожнае. У зале адразу стаў чутны шэпт: "Бачыце? Гэта што, сінякі? Ды ён жа збіты!". І сапраўды, быў бачны фінгал пад вокам, бінт, які тырчыць з-пад кашулі на левай руцэ, і пластыр на пальцы правай рукі.

"Не, не прызнаю цалкам"

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

На пачатку судовага разбіральніцтва некалькі хвілінаў зачытваў абвінавачванне памочнік пракурора Савецкага раёна Мінска Уладзімір Рабаў – малады хлопец, які за ўвесь час працэсу амаль не адрываў вачэй ад матэрыялаў справы. Пасля прад'яўленых абвінавачванняў суддзя Волк спытаў, ці прызнае Сцяпан віну. Латыпаў спытаў дазволу даць разгорнуты адказ, але суддзя сказаў, што ў яго яшчэ будзе для гэтага час. Тады Сцяпан адказаў коратка, павольна і надрыўна: "Не, не прызнаю цалкам". Словы Сцяпан гаварыў павольна і выразна, нібы хацеў, каб яны назаўжды ўдрукавалася ў гэтую прастору.

"Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?" 

На суд нарэшце з'явіліся трое пацярпелых для дачы паказанняў. Імі апынуліся трое маладых хлопцаў, якія блыталіся ва ўласных паказаннях, быццам да гэтага не вызначылі паміж сабой "ролі": білі тых, хто спачатку сцвярджаў, што была толькі спроба, і не білі зусім тых, хто на папярэднім следстве заяўляў адваротнае. Пасля допыту Сцяпан вырашыў задаць пытанне першаму пацярпеламу, які заявіў пра ўдар па галаве. Ён зняў маску, падышоў ушчыльную да кратаў камеры і спытаў, ледзь нахіліўшыся: "Пацярпелы, Вы толькі што казалі, што я вас ударыў нагой у твар. Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?" Гэта стала пацвярджэннем нашых страшных здагадак [пра збіццё].

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Пасля гэтага, Сцяпан сядзеў увесь астатні працэс у паслабленым становішчы. Часам рабіў запісы на аркушыку, якія чытаў канваір, скручваючы галаву для зручнага чытання. Латыпаў стараўся ўвесь час глядзець на людзей у зале, падморгваць і ўсміхацца. У нейкі момант Сцяпан памераў сабе пульс на перабінтаванай руцэ. Побач з ім ляжала тэчка з дакументамі, а праваруч яго — дзве шарыкавыя ручкі. З двух бакоў ад клеткі стаялі два канваіры, якія сачылі, каб прысутныя не рабілі фатаграфіі, часам перапісваючыся ў сваіх тэлефонах. Каля 12:45 суддзя абвясціў перапынак да 14:30.

"Вы бачылі, што ён паказаў? Вікторыю"

У 14:02 чарга ў суд была ўжо з 15 чалавек. На працэс хацелі трапіць тыя, хто не быў на першым паседжанні. За пяць хвілін да суда нас зноў папрасілі спусціцца на першы паверх, каб перавесці Сцяпана ў залу паседжання. Мы сталі шчыльна адзін да аднаго, каб кожны змог яго ўбачыць. Адчыняюцца дзверы і выходзіць Сцяпан. Рухі ў яго ўжо адпрацаваныя: тварам да сцяны, ногі шырока расстаўленыя. Ён так рэзка заняў такое становішча, што стала зразумела, што ён ні раз адчуваў боль ад удараў па нагах за тое, што ногі расстаўленыя недастаткова шырока. Дзверы зачынілі, яго павялі ўверх па лесвіцы.

— А вы бачылі, што ён паказаў? — усміхаецца жанчына.

— Не, што?

— Вікторыю, — яна канчаткова расплылася ва ўсмешцы.

"Белая [ручка] заўсёды была бліжэй да яго" 

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Падымаемся да кабінета і праходзім тыя ж працэдуры, што і раніцай. Гэтым разам у зале сабралося яшчэ больш людзей. Сцяпан садзіцца і зноў раскладвае свае рэчы: чорную тэчку кладзе з левага боку, а дзве ручкі з правага. На працягу ўсяго працэсу ён вельмі беражліва іх раскладвае, яны заўсёды ляжаць па правую руку. Былі белая і цёмная ручкі, але белая [ручка] заўсёды была бліжэй да яго. Сцяпан п'е ваду. На допыт у якасці сведкі ў суд выклікаюць бацьку Сцяпана. Пакуль ён спакойна дае паказанні, яго сын сядзіць па правую руку ад яго — у клетцы. Сяргея Латыпава просяць ахарактарызаваць сына: "Сцяпан валодае пачуццём эмпатыі, пачуццём грамадскага абавязку..." Допыт доўжыцца каля сямі хвілін. Мы ўсе сочым, мы ўсе адчуваем цеплыню.

"Сцяпан спінаю залазіць на лаву, прыціскаецца да сцяны так, каб канваір праз краты не змог да яго дацягнуцца…"

Праз восем хвілін слова даюць Сцяпану. Бацька паварочваецца да сына, які знаходзіцца на адлегласці паўтары метра ад яго, і Сцяпан пачынае сваю прамову са слоў:

"Бацька! Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗ, — усе пачынаюць запісваць і апускаюць галаву. — Паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, у мяне будзе "прэс-хата", крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. "Прэс-хата" ў мяне была — 51 дзень. Так што ты рыхтуйся…"

У гэты момант Сцяпан спінаю залазіць на лаву, прыціскаецца да сцяны так, каб канваір праз краты не змог да яго дацягнуцца і ўтыркае ручку ў шыю. Пачынаецца аглушальны крык. Канваір літаральна ўпіваецца ўсім целам у краты, імкнучыся дастаць рукой Сцяпана і спыніць яго. 

"Ён сінее, але ўсё яшчэ глядзіць"

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня

Пачынаецца мітусня, канваіры не могуць знайсці ключ... Я гляджу па баках: крык, рух, сыходзіць суддзя, бегаюць спалоханыя супрацоўнікі міліцыі, дзяржабвінаваўца застыў ад спалоху. Я гляджу на Сцяпана: у яго шырока адкрытыя вочы, з рота тырчыць нешта белае, магчыма тое, што было завязана вакол рукі. Ён не заплюшчвае вочы, кожны яго рух — свядомы. Ён уставіў ручку з левага боку і пачаў весці яе, прарываючы мяккія тканіны ў бок кадыка. Яму гэта ўдаецца з цяжкасцю, таму ён робіць гэта двума рукамі. Ён сінее, але ўсё яшчэ глядзіць. Адзіны абезрухоўлены чалавек у зале, вакол якога спыніўся свет, — Сяргей Латыпаў.

Калі вакол Сцяпана быў абсалютны хаос і блытаніна, сам ён, здавалася, застыў у моманце. Яго погляд, накіраваны на бацьку, не быў поўны адчаю і слабасці. Наадварот, гэта была такая праява сваёй сілы духу. З-за таго, што ён быў упэўнены ў сваёй невінаватасці — ён не мог прызнаць віну, нават пасля збіцця і пагроз ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Таму гэты крок, на яго думку, — адзіны магчымы і верны для яго, каб зберагчы свайго бацьку і блізкіх. Калі б можна было праілюстраваць адным малюнкам гэты момант, то гэта была б фатаграфія Сцяпана з яго поглядам, поўным сілы і мужнасці, калі ён абедзвюма рукамі трымае гэтую чортаву белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку.

"Ён тлумачыць, што гэта відавочна, бо ягоны сын з 11 красавіка сядзіць у спецкамеры"

Канваіры матам пачынаюць крычаць, каб усе неадкладна выйшлі з залы. Мітусня ўзмацняецца. Канваіры ўжо ў клетцы, я праходжу міма Сцяпана: ён ляжыць на спіне, на шыі чырвоная паласа, галава сіняя, з рота па-ранейшаму тырчыць белая тканіна. Гляджу на жывот — ён дыхае. Мы ў калідоры, а Сцяпан і некалькі супрацоўнікаў у клетцы. Дзяўчына губляе прытомнасць, чуецца нечалавечае выццё дзяўчыны. Бацька стаіць. Перыядычна яго абдымаюць, але відаць, што ён непрысутны: ён там цяпер, з сынам. Цяпер бацька сядзіць і адказвае: "Я нармальна". Ён тлумачыць, што гэта відавочна, бо ягоны сын з 11 красавіка сядзіць у спецкамеры [штрафным ізалятары]. Хуткай ўсё няма. Нас просяць спусціцца на першы паверх, а бацьку і жанчыне, якая сачыла за яго станам, дазволілі застацца. На лесвіцы падхопліваю дзяўчыну, якая зноў губляе прытомнасць.

"Супрацоўнікі міліцыі напалоханыя, людзі плачуць, хуткая варта закрытая" 

Сцяпан Латыпаў пасля спробы самагубства 1 чэрвеня. Фота:
Сцяпан Латыпаў пасля спробы самагубства 1 чэрвеня. Фота: "Радыё Свабода"

Крычу работнікам суда, што мне патрэбна аптэчка. Мяне просяць пайсці і ўзяць "вунь у тым кабінеце". Заходжу і пытаюся ў дзяўчыны. "Ды не да яе, а прама!". Мужчына вырашае зрабіць гэта сам і дастае аптэчку, у якой амаль нічога няма. Прашу адшукаць мне хоць валяр'янку. Прыязджае хуткая і выходзяць трое медыкаў з валізкамі. Яны ідуць павольна, для яго стану, па-мойму, занадта павольна. Некалькі хвілін зацішша, таму вырашаю падняцца наверх. Выбягае мужчына з кабінета, дзе ляжыць Сцяпан і крычыць, каб мы неадкладна спускаліся ўніз — збіраюцца выносіць Сцяпана. Мы ўсе хутка спускаемся, адчыняем дзверы. Прашу супрацоўнікаў суда адкрыць другую частку, каб было прасцей яго выносіць. Гэта нікога не хвалюе. Выносяць. Супрацоўнікі міліцыі напалоханыя, людзі плачуць, хуткая стаіць закрытая. Бачу як ідзе мужчына ў касцюме, які сачыў за прысутнымі раніцай, і дае справаздачу па тэлефоне камусьці. Ён вяртаецца ў суд і зноў гаворыць па тэлефоне, але цяпер ён злы, а не напалоханы.

Мы працягваем стаяць. Усё, што нам вядома — ён жывы. І гэта галоўнае".


Што важна ведаць пра суд над Сцяпанам Латыпавым

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў.

У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду

«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства