Сілавікі затрымалі журналіста "Трыбуны" Івуліна і мантажора Пісарэнку. Хроніка пераследу 3 чэрвеня Дапоўнена
Трэцяга чэрвеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Журналіст "Трыбуны" і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін, а таксама мантажор праекту "ЧестнОК" Яраслаў Пісарэнка затрыманыя ў кватэры людзьмі ў цывільным. Па звестках суседзяў, людзі ў цывільным прыйшлі каля 13.00 з ператрусам, запрашалі суседзяў стаць панятымі. У 16.00 Івуліна і Пісарэнка павезлі на двух машынах у невядомым накірунку, піша "Трыбуна".
Дапоўнена: Івулін і Пісарэнка знаходзяцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Па якой справе яны затрыманы - невядома.
Журналістка і паэтка Валярына Кустава ў сваім Facebook паведаміла, што ў яе кватэру ломяцца невядомыя. Сама яна не дома. Пазней яна напісала, што міліцыя таксама прыходзіла па месцы афіцыйнай працы і ў дом бацькоў.
Вядома, што ў кватэры Куставай правялі ператрус.
"Вясне" паведамілі пра вобшук дома ў Дзяніса Пазняка (нібыта ён удзельнічаў у адной з акцый пратэсту). Таксама паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Аляксандра Сергіені і Алега Бабінцава.
Увечары ў кватэру да артыста хору Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ігара Кліменкі спрабуюць трапіць невядомыя.
Вечарам быў затрыманы адлічаны з БДУ студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Савелій Дубовік. У яго дома правялі вобшук. Цяпер хлопец на Акрэсціна.
Брэст
Паведамляецца пра затрыманне ў Брэсце Артура Літвінчука. З чым звязана затрыманне, пакуль невядома.
Гродна
Аддзел ідэалогіі прыйшоў у гарадзенскую краму "Адметнасць", піша Белсат. Зноў ўзніклі прэтэнзіі да белых і чырвоных колераў і да тавараў, якія нібыта "парушаюць палітычныя правы грамадзянаў". Якія гэта тавары – прадстаўнік аддзелу ідэалогіі так патлумачыць і не змог.
Дапоўнена: паводле апошняй інфармацыі з крамы "Адметнасць" забіраюць тавар бел-чырвона-белых колераў. Туды прыехалі кіраўнік гарадзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч і Аляксей Вайцешка з Ленінскага РУУС.
Працаўніца крамы "Адметнасць" Вольга Верамеенка затрыманая. Сілавікі вынеслі з памяшкання скрыні з таварамі і нават сарвалі банэр з назваю.
Таксама стала вядома, што ў рэдакцыю Hrodna.life прыйшоў АМАП. Там знаходзяцца галоўны рэдактар Аляксей Шота і тры супрацоўнікі. Пра гэта паспела паведаміць журналістка Надзея Вішнеўская. Больш на сувязь ніхто не выходзіць. Дапоўнена: Усе супрацоўнікі на волі. Іх заблакавалі сілавікі на той час, пакуль выносілі рэчы з крамы "Адметнасць".
Віцебск
У Віцебску чарговы раз затрымалі найстарэйшага ў горадзе апазіцыянера Барыса Хамайду, паведамляе Белсат.
Мужчыну даставілі ў Чыгуначны РАУС. Цяпер ён не выходзіць на сувязь. Імаверна, Барыса Хамайду змясцілі ў ІЧУ да суда.
Слуцк
У кватэры Аліны Нагорнай, прадстаўніцы ініцыятывы «Умовы для мовы», адбыўся ператрус. Яна апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook, што невядомыя ломяцца да яе ў кватэру. Пазней сілавікі ўзламалі дзверы.
Сама Аліна ў адноснай бяспецы.