viasna on patreon

Што адбываецца 4 чэрвеня ў Беларусі? Хроніка палітычнага пераследу Дапоўнена

2021 2021-06-04T13:40:30+0300 2021-06-04T21:17:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shavel_ft.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамляе Белсат, "Газету Слонімскую" адмаўляюцца друкаваць у Беларусі. Штотыднёвік не выходзіў паўгода – з восені 2020 года.

Зараз газета аднаўляе выхад, але гарадзенская друкарня адмовілася ад ранейшага супрацоўніцтва. Не ўзяліся друкаваць наклад таксама ў Пінску і Берасці.


Аказваецца ціск на святароў і іх канфесіі. Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі хрысціянскіх цэркваў: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай.

Так, ноччу пабілі аўтамабіль і пашкодзілі будынак курыі Рымска-каталіцкага касцёла ў Мінску.


Следчы камітэт паведамляе, што затрыманы 56-гадовы мужчына, які раскідаў металічныя шыпы каля Першамайскага РУУС у Мінску і пашкодзіў пяць аўтамабіляў на суму больш за 250 рублёў. 

Яго вінавацяць па ч. 1 арт. 339 (хуліганства), ч. 2 арт. 339 (хуліганства, здзейсненае паўторна) і ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 339 (замах на хуліганства, здзейсненае паўторна) КК РБ.


Мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю да 30 жніўня. 

За кратамі Алесь ужо больш за 2 месяцы. Яго вінавацяць у тым, што дэманстрацыяй партрэту антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара ён "рэабілітуе нацызм". Мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.


Стала вядома, што тэрмін утрымання пад хатнім арыштам працягнуты на два месяцы і кіраўніку Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргею Драздоўскаму - да 3 жніўня. 


На футбаліста Расціслава Шавеля завялі крымінальную справу. Раней у яго было тры адміністрацыйныя арышты: 8 сутак у жніўні, 15 — у лістападзе, 15 — у траўні.

Як стала вядома Tribuna.com, 17 траўня Шавель вяртаўся з працы. Каля пад'езду яго затрымалі людзі ў цывільным. Пазней Расціслава асудзілі на 15 сутак за непадпарадкаванне. Ён павінен быў выйсці на волю 1 чэрвеня, аднак замест вызвалення Шавеля павезлі ў Следчы камітэт, дзе затрымалі на трое сутак.

4 чэрвеня Расціслава не выпусцілі і перавезлі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).


Телеграм-каналы "Стачком ОАО «Беларуськалий" і "Салігорск 97%" прызнаныя судом экстрэмісцкімі. У паведамленні МУС адзначаецца, што на названых рэсурсах публікавалася інфармацыя, накіраваная на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.


Галоўнага інжынера "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" Алу Лапатка абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 243 КК). 4 чэрвеня Мінгарсуд пакінуў у сіле абраную для Алы Лапатка меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Раней паведамлялася, што ў саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 16, ч. 2 арт. 243 КК) абвінавачваюцца галоўная рэдактарка TUT.ВУ Марына Золатава і журналістка партала Алена Талкачова. Усяго па "справе TUT.ВУ" былі затрыманыя 15 чалавек.


Стала вядома, што палітзняволенага студэнта 2 курса хімічнага факультэту Арцёма Баярскага адлічылі з БДУ. Нагадаем, хлопца затрымалі 24 сакавіка ў інтэрнаце ВНУ і асудзілі на 25 сутак арышту. 16 красавіка бацькам Арцёма патэлефанавала следчая і сказала, што ён затрыманы як падазраваны паводле арт. 361-1 ч.1 КК, а 26 красавіка прад'явілі абвінавачванне па гэтым жа артыкуле.


У Мінску дома быў затрыманы Андрэй Шуйскі. Каля 10 супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі сёння да мужчыны дадому, учынілі ператрус, канфіскавалі ўсю тэхніку, а Андрэя адвезлі ў Следчы камітэт. Што стала падставай для затрымання - пакуль невядома. 


Раніцай супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з вобшукам да Вольгі Пуліновіч. Жанчыну затрымалі і адвезлі меркавана ў Фрунзенскі РУУС за тое, што яна пакінула абразлівы каментар пад публікацыяй аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair. 


У Калодзішчах была затрыманая Наталля Івендзікава.


Дома быў затрыманы Аляксандр Пляшкоў: дзверы ў кватэру ўзламалі, мужчыну звезлі "людзі ў чорным".

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства