Тры гады калоніі за перапіскі ў telegram — вынеслі прысуд палітзняволенай Марыі Несцеравай Аўдыё
Палітзняволенай Марыі Несцеравай прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запытвала дзяржабвінаваўца Зубік. А прысуд вынесла 4 чэрвеня суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Алена Капцэвіч.
Несцераву прызналі вінаватай “у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, і арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і ўстаноў (ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса РБ). Усё — за тэлеграм-каналы і чаты, у якіх яна ўдзельнічала. Перапіскі з іх ляглі ў аснову 47-старонкавага абвінавачвання.
У тэрмін зняволення Марыі Несцеравай залічылі тэрмін яе ўтрымання пад вартай — з 24 кастрычніка 2020 года.
Марыя Несцерава падчас суда прызнала сваю віну, але ў апошнім слове растлумачыла, што прывяло яе да “злачынства”: яна была незалежнай назіральніцай падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020, бачыла шмат парушэнняў у працы камісіі, старшыню якой ахоўвалі амапаўцы. На свае скаргі яна не знайшла адказ. Апошняе слова Марыі Несцеравай можна пачуць у аўдыё:
Viasna96 · Апошняе слова палітзняволенай Марыі Несцеравай
Падрабязней пра тое, як праходзіў суд над Марыяй Несцеравай, чытайце тут:
"Уздзейнічала на свядомасць і волю грамадзян" праз telegram-перапіскі. Для палітзняволенай Марыі Несцеравай запрасілі тры гады калоніі