Еўрапейскія парламентарыі працягваюць падтрымліваць беларускіх палітвязняў
Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты парламентаў еўрапейскіх краінаў, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага парламента. “Хросныя” з’явіліся ў Рамана Пратасевіча, Ігара Поварава, Канстанціна Свідуновіча, Дар'і Данілавай, Сафіі Сапегі, Сафіі Малашэвіч, Віталя Прохарава, Антона Лакішыка, Данііла Богната і Аляксандра Баброва.
Джэм Эздэмір, былы старшыня Саюза “90/Зялёныя” і цяперашні старшыня Камітэта па транспарце і лічбавай інфраструктуры ў Бундэстагу, стаў “хросным” блогера і журналіста Рамана Пратасевіча.
“Выкраданне і палітычнае зняволенне Рамана Пратасевіча – гэта акт дзяржаўнага тэрору і наступ на нашы еўрапейскія каштоўнасці. Я рашуча вітаю новыя санкцыі супраць Беларусі. Я патрабую неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі. Федэральны ўрад Германіі павінен актыўна патрабаваць іх вызвалення і вызвалення іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Відэа з прызнаннямі, якое, як мяркуецца, было запісана ў выніку катаванняў, выклікае вялікую трывогу і паказвае, што Лукашэнку напляваць на правы чалавека і свабоду прэсы”, — заявіў палітык.
Джэймс Лолес, старшыня камітэта юстыцыі парламента Ірландыі, падтрымаў Ігара Поварава.
“Я патрабую вызвалення Ігара Поварава. Ірландыя не забываецца на Беларусь і ўсіх, хто змагаецца за аднаўленне дэмакратыі. Напад на аднаго – гэта напад на ўсіх нас. Гэта павінна скончыцца зараз”, — сказаў дэпутат у сваім звароце.
Дэпутатка брытанскага парламента Тоня Антаняцы “ўсынавіла” Канстанціна Свідуновіча.
“Вельмі важна, каб парламентарыі па ўсёй Еўропе працягвалі патрабаваць вызвалення зняволеных, якія незаконна ўтрымліваюцца. Я падтрымліваю гэтых зняволеных і маю гонар стаць “хроснай” Канстанціна Свідуновіча. Канстанцін знаходзіцца ў зняволенні з 24 сакавіка 2021 года, за ўдзел у “справе карагодаў”, распачатай пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Сход людзей, якія мірна спявалі і танчылі, быў разагнаны вадамётам, і дзясяткі былі затрыманыя. Ён не ўяўляў пагрозы нацыянальнай альбо грамадскай бяспецы. Супраць людзей быў ужыты непрапарцыйны гвалт. Свабода мірных сходаў – гэта права чалавека, і я асуджаю палітыку Беларусі, якую неабходна ачысціць і рэфармаваць у кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, якія не лічыліся адкрытымі і сумленнымі”, — сказала яна.
Дэпутат нідэрландскага парламента Яспер ван Дайк падтрымаў Дар'ю Данілаву.
“Я рашуча асуджаю затрыманне Дар'і Данілавай. Я патрабую неадкладнага вызвалення яе і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі. Вызваліце яе!”, — напісаў сп. ван Дайк.
Дэпутатка шведскага Рыксдага Хелен Б'ёрклунд стала “хроснай” Сафіі Сапегі.
“Тут, у Швецыі, ад якой так блізка да Беларусі, я здзіўленая негатыўным развіццём падзей у Беларусі. Я звяртаюся да рэжыму з просьбай спыніць пераслед і пазбаўленне волі звычайных людзей, якія проста хочуць жыць у дэмакратычнай і адкрытай краіне. Сафія Сапега – маладая студэнтка, якая знаходзілася на борце самалёта, які вымушаны быў прызямліцца (у Мінску – заўв. рэд.). Я патрабую, каб яе вызвалілі. Маладыя людзі павінны самаадукоўвацца, танчыць, кахаць і жыць свабодна. Іх нельга садажаць ў турму без аніякага злачынства”, — сказала яна.
Дэпутат Еўрапарламента Эвелін Гебхардт стала “хроснай” Сафіі Малашэвіч.
“Сярод палітвязняў – Сафія Малашэвіч, якую затрымалі, калі ёй было ўсяго 18 гадоў, і цяпер яна знаходзіцца ў турме з лістапада 2020 года. Каб выказаць сваю салідарнасць з апазіцыйным рухам, я хачу стаць “хроснай” Сафіі. Гэта маладая дзяўчына, якая мужна выступае за мірнае і дэмакратычнае грамадства ў Беларусі і павінна плаціць за гэта ўласнай свабодай. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку: Неадкладна вызваліце Сафію і сотні іншых палітвязняў! Народ Беларусі змагаецца за дэмакратыю і свабоду. Час прыгнёту павінен скончыцца!”, — заявіла спн. Гебхардт.
Дэпутатка Аўстрыйскай нацыянальнай рады Штэфані Крыспер падтрымала Віталя Прохарава.
“Віталю Прохараву было ўсяго 17 гадоў, калі ён быў асуджаны на два гады калоніі. Ніводзін малады чалавек не павінен садзіцца ў турму за супрацьстаянне дыктатарскай сістэме, якая крадзе іх будучыню. Ні адна маладая асоба ў свеце не павінна падвяргацца такому абыходжанню! Чалавек, які быў незаконна зняволены, павінен адчуваць, што ён не адзін. І што людзі змагаюцца з несправядлівасцю, якую ён ці яна пацярпелі, і стаяць побач з ім. Віталь Прохараў, я хачу зрабіць гэта для вас”, — сказала дэпутатка.
Дэпутатка Палаты абшчын Рэйчал Хопкінс будзе “хроснай” Антона Лакішыка.
“Я падтрымліваю Антона Лакішыка, якога асудзілі на тры гады за нібыта напад на амапаўца, які не пацярпеў і не звяртаўся па медыцынскую дапамогу. Улады Беларусі павінны вызваліць Антона і іншых, якія былі асуджаныя за барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі”, — заявіла яна.
Джэніфер Кэрал Мак-Ніл, дэпутатка Дойл Эрен, ніжняй палата парламента Ірландскай Рэспублікі, “усынавіла” Данііла Богната.
“Я заклікаю Лукашэнку вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Яны маюць поўнае права выступаць супраць аўтарытарызму”, — напісала яна.
Дэпутатка Бундэстага Даніэла Кольбэ стала “хроснай” Аляксандра Баброва. З нагоды свайго рашэння спадарыня Кольбэ адзначыла:
“Справа Пратасевіча паказвае, наколькі нядобрасумленна дзейнічае рэжым у Беларусі. Яшчэ больш важна салідарызавацца з многімі палітвязнямі ў краіне і змагацца за іх вызваленне! Таму сёння я напісала ліст Аляксандру Баброву, які апынуўся ў турме ў выніку страйку. #WeStandBYyou”.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.