АБСЕ: Тэлевізійныя «прызнанні» Пратасевіча і Сапегі парушаюць іх права на справядлівы суд
Паказаныя па тэлебачанню прызнанні Рамана Пратасевіча і Софʼі Сапегі парушаюць іх права на справядлівы суд і маглі быць дадзеныя пад прымусам і катаваннямі. А таму ў якасці неадкладнага сродку прававой абароны іх трэба вызваліць, заявіў Матэа Мэкачы — дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе.
Ён таксама заклікаў беларускія ўлады расследаваць сцвярджэнні, што Раман Пратасевіч і Софʼя Сапега зазналі катаванні ці іншае жорсткае абыходжанне. У якасці неадкладнага сродку прававой абароны іх трэба вызваліць, заявіў дырэктар БДІПЧ АБСЭ.
«Любая спроба ўключыць „прызнальныя паказанні“ ў якасці доказу ў судовы працэс супраць іх яшчэ больш падарве яго законнасць», — гаворыцца ў заяве БДІПЧ АБСЭ.
Арганізацыя Amnesty International назвала «інтэрв'ю» Пратасевіча ганебным прыкладам жорсткага і прыніжальнага абыходжання. Яна заклікала прыцягнуць да адказнасці тых, «хто стаіць за гэтай пародыяй».
Amnesty International таксама заявіла, што трэба запусціць транснацыянальныя механізмы правасуддзя, каб прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых «у катаваннях, забойствах і іншых злачынствах паводле міжнароднага права ў Беларусі».