За абразу прэзідэнта і здзек з дзяржсцяга Сяргея Бурака асудзілі на два гады "хіміі"
У судзе Мастоўскага раёна 7 чэрвеня абвясцілі прысуд па крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта і здзеку з дзяржаўных сімвалаў.
Справу вёў суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Міхаіл Разуваеў.
Нагадаем, Сяргей Бурак абвінавачваўся ў шматразовым перапосце і размяшчэнні абразлівай інфармацыі ў дачыненні да А.Г. Лукашэнкі ў тэлеграм-канале "Масты для жыцця чат" (арт. 368 КК), а таксама размяшчэнні паведамлення з выявай нацысцкай свастыкі, якая складалася з элементаў дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (арт. 370 КК).
"Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею". У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку
Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты. Не лічыў зробленыя публікацыі абразай.
У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца запрасіў па двух прад'яўленых артыкулах абвінавачвання прызначыць для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады.
7 чэрвеня суддзя Віталь Сініла абвясціў прысуд: прызнаць Сяргея Бурака вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і здзеку над дзяржаўным сцягам і прызначыць яму па сукупнасці злачынстваў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады с накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс