viasna on patreon

Як праходзілі спатканні палітзняволеных актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" і Севярынца з роднымі ў магілёўскай турме

2021 2021-06-07T16:50:06+0300 2021-06-07T17:25:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_magileu_25.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскім абласным судзе суддзя Ірына Ланчава ў закрытым судзе асудзіла семь палітвязняў: сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча – да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова і Максіма Вінярскага – да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,  рэдактарку тг-канала "Мая краіна Беларусь" Ірыну Шчасную – да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. 25 траўня пасля абвяшчэння прысуду фігуранты справы ў клетцы скандавалі: "Верым! Можам! Пераможам!", пасля чаго Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага трымалі ў "бетонным стакане". Яшчэ да прысуду родным палітвязняў прапанавалі напісаць заявы на спатканні, пасля чаго Магілёўскі абласны суд задаволіў просьбы. "Вясна" сабрала расповяды родных фігурантаў гэтай справы аб спатканнях з палітвязнямі ў магілёўскай турме №4.

На судзе 25 траўня. Фота: Belapan
На судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Павел Севярынец навучыў 3-гадовага сына праз слухаўку ў турме дарыць маці кветкі

Пасля суду жонцы Паўла Севярынца Вользе далі 2 гадзіны на спатканне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон, піша Свабода. На спатканне Вольга ўзяла 3-гадовага сына Францішка, якога Павал не бачыў з 7 чэрвеня мінулага году, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасля мітынгу каля Камароўскага рынку. Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі аб прысудзе і працэсе, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.

«Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёння не атрымаецца», — сумна ўспамінае Вольга.

Што казаў Павал Францішку, Вольга не чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.

«Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі», — смяецца Вольга.

Паводле Вольгі, наведванне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досведам.

«Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык закрывае за ёй дзверы і кажа: „Усё, ты у турме“. Не ведаю, што з гэтым рабіць», — дзеліцца Вольга Севярынец.

Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:

«Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй», — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.

Павел Севярынец  на судзе 25 траўня. Фота: Belapan
Павел Севярынец на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Таксама 28 траўня ў магілёўскай турме № 4 з палітзняволеным палітыкам Паўлам Севярынцам пабачылася ягоная сястра Ганна Севярынец. Сустрэча доўжылася амаль 2 гадзіны. Паміж сястрой і братам Севярынцамі было шкло, размаўлялі яны праз тэлефон. Вось як Ганна Севярынец расказала пра ўражанне ад таго, як выглядае яе брат пасля амаль году ў няволі.

«Не скажу, што надта бадзёры, колер твару ўсё ж шэры, бачна, што доўга ў турме, без паветра і рухаў, але нармальны выгляд. І бачна, што ідзе ўнутраная праца ў чалавеку, ён сканцэнтраваны, увесь час думае», — кажа Ганна Севярынец.

Паводле Ганны, яе брат ведае пра апошнія падзеі, якія адбыліся ў краіне, у тым ліку пра інцыдэнт з самалётам.

«Але мы асабліва не аналізавалі падзеі. Павал спытаў пра іншых палітвязняў, яшчэ яго зацікавіла рэакцыя царквы на ягоны прысуд. Але рэакцыі ж пакуль ніякай, я так і сказала. Тады мы засяродзіліся на сямейных навінах. Расказвала пра сына Францішка, як ён песні спявае ды іншае. Мне Павал расказаў некалькі судовых гісторый, якія былі падчас ягонага працэсу», — паведаміла Ганна.

На спатканні з Паўлам Юхневічам у турме малодшая дачка праспявала яму песенку, якую выконвае ў дзіцячым спектаклі

Павел Юхневіч на судзе 25 траўня. Фота: Belapan
Павел Юхневіч на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

2 чэрвеня з Паўлам Юхневічам пабачыліся ягоныя маці і бацька, а таксама дочкі. Пра гэтыя сустрэчы расказала Свабодзе дзяўчына Паўла Юхневіча Юлія

Як Павал адрэагаваў на прысуд? Паводле Юліі, ён «не разгубіўся, наадварот, сказаў, што стала лягчэй, бо зніклі дарэмныя спадзяванні. Дадаў, што лічба не мае значэння. Расказаў, што за час арышту пазнаёміўся больш як з 30 людзьмі, у якіх самыя розныя лёсы. У тым ліку з тымі, хто радаваўся, што атрымаў 10, а не болей, гадоў. Але ўсё роўна людзі будуюць планы на будучыню, думаюць пра выхад на волю, не губляюцца. Казаў, што і яму цяпер трэба годна вытрымаць. Такі ў яго настрой», — кажа Юлія.

Паводле Юліі, турма і судовы працэс «усё роўна на іх паўплывалі». Юля згадала, як Паўлава маці пасля сустрэчы з ім казала пра «ўсё ж сумны погляд вачэй». А сам Павал пра сваіх таварышаў па справе «сказаў, што ўсе заўважна пасівелі».

Паўлу Юхневічу 37 год. Ад былой жонкі ў яго падрастаюць дзьве дачкі — 8 і 5 гадоў. Маці Паўла зь імі прыходзіла на спатканьне з сынам.

«Старэйшая расказвала пра свае поспехі ў вучобе ды іншых занятках, малодшая праспявала тату песенку, якую выконвае ў дзіцячым спектаклі. Павал расчуліўся, вельмі іх хваліў і казаў, што імі ганарыцца», — расказала Юлія.

Максім Вінярскі распавёў, што пасля "Верым! Можам! Пераможам!" на судзе яго трымалі ў "стакане"

Максім Вінярскі на судзе 25 траўня. Фота: Belapan
Максім Вінярскі на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

З актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім са сваякоў пакуль змагла сустрэцца маці Таісія Кузьмінічна. Пра іх сустрэчу Свабодзе стала вядома ад сястры Максіма Алены.

«Сустрэча была ў суботу, 29 траўня. Мы прыехалі да турмы а 8 раніцы, і ўжо была сфармавана чарга, толькі адно месца заставалася. Маглі абедзве пайсці, але тады на кожную з нас давалі па гадзіне сустрэчы, а другая гадзіна губляецца. Вырашылі, што першай сустрэнецца маці, а я ў іншы дзень да яго паеду. Цяпер шукаю час на гэтым тыдні», — расказала Алена, сястра Максіма Вінярскага.

Паводле Алены, яе брат добра падрыхтаваўся да сустрэчы з маці.

«Надзеў кашулю, падстрыг валасы, добра трымаўся, быў страшэнна рады сустрэчы. Выглядае нармальна, крыху схуднеў, але бадзёры, актыўны. Не разгубіўся. Пра прысуд супакоіў, што ня верыць у тое, што давядзецца сядзець 5 гадоў, якія яму далі. Верыць у лепшае», — пераказала словы Максімавай маці ягоная сястра Алена.

Максіма Вінярскага асудзілі на 5 гадоў зняволеньня па артыкуле аб арганізацыі масавых непарадкаў. Пасля абвяшчэння прысуду фігуранты справы ў клетцы скандавалі: «Верым! Можам! Пераможам!». Павал Севярынец потым расказваў сваёй сястры Ганне, што пасля гэтага яго трымалі ў «бетонным стакане». Алене Церашковай вядома, што з Максімам ахоўнікі таксама абышліся жорстка.

«Казаў маці, што закінулі ў нейкі „стакан“ і трымалі там да ночы, ваду на падлогу вылівалі, каб ня мог на падлогу садзіцца, а лаўкі не было. І пасля ў турме ў сваю камеру ён ужо не трапіў — змясцілі ў іншую. Там сукамэрнікаў больш, а месца меней, цісканіна. Яшчэ сказаў, што рыхтуецца скарга ў Вярхоўны суд. Усведамляе, што скарга прысуд не зменіць, але мяркуе, што трэба далей змагацца. Адчувае за сабой маральную перавагу, і гэта дапамагае трываць», — расказала сястра Максіма Вінярскага Алена.

Яўген Афнагель назваў вясёлым час на судзе, калі зачытваліся матэрыялы праслухоўвання нейкай кватэры

Яўген Афнагель на судзе 25 траўня. Фота: Belapan
Яўген Афнагель на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Упершыню з 15 жніўня 2020 году пабачыліся палітвязень Яўген Афнагель і ягоная жонка Кацярына Людвіг. Сустрэча адбылася ў магілёўскай турме пасля працэсу, на якім актывіст «Эўрапейскай Беларусі» быў асуджаны на 7 год зняволення па артыкуле аб «арганізацыі масавых беспарадкаў».

«Сказаў, каб не звяртала ўвагі на гэтую лічбу, 7 гадоў, бо для яго яна нічога не вартая, — кажа Кацярына. — У яго не было ілюзій, што дадуць мала, як няма ілюзій, што гэта ўсё ў краіне хутка вырашыцца. Але ён перакананы, што выйдзе значна раней, чым яму адмераў суд».

Паводле жонкі, Яўген выглядае нармальна, не зламаўся маральна і фізічна, абвяшчэнне прысуду сустрэў мужна, як і ягоныя сябры па няволі.

Размова Кацярыны з Яўгенам доўжылася каля 2 гадзін — яны размаўлялі праз двайное шкло па тэлефоне. У пакоі для сустрэч было 5 кабінак з такімі тэлефонамі, і ўсе былі занятыя. Кацярына перакананая, што размову праслухоўвалі. Спачатку яна старалася пазбягаць палітычных тэмаў, бо апасалася, што сустрэчу перапыняць, але потым пачула, як вязень у суседняй кабінцы назваў імя Святланы Ціханоўскай, і тады яны загаварылі і пра суд.

«Яўген казаў, што працэс праходзіў марудна і сумна. У клетцы хто чым займаўся: Павал [Севярынец. — РС] нешта занатоўваў, можа, пісаў новую кнігу, Яўген думаў пра сваё, хлопцы пераглядаліся. Вясёлым Яўген назваў толькі час, калі зачытваліся матэрыялы праслухоўвання нейкай кватэры. Дэталяў не ведаю, але здагадваюся, што гэта спецслужбы праслухоўвалі кватэру, дзе хтосьці з іх быў, і потым выдавалі гэтыя матэрыялы за доказы. Вінаватым сябе ніхто не прызнаў. Усе, акрамя Паўла Севярынца, які ўвогуле маўчаў на працэсе, выступілі з апошнім словам. Паводле адвакатаў, прамовамі ўсіх падабаронных яны былі ўражаныя», — расказала Кацярына.

Кацярына асобна згадала расказы мужа пра час, які ён правеў у СІЗА на Валадарскага.

«Казаў, што там яму пашанцавала на добрых і цікавых людзей, разам з якімі сядзеў. Вучыўся ад сукамернікаў малюнку і дызайну, ад некага вывучыў турэцкія словы, сам навучаў гісторыі і гульні ў шахматы. Ён вельмі добра гуляе і любіць шахматы. Згадваў, што ў камеры ўсіх абыграў. Цяпер у магілёўскай турме зноў сядзіць у асноўным з палітычнымі, якіх там, дарэчы, усё больш. Прывозяць з „Валадаркі“ ды з Жодзіна. Яшчэ гэта вынікае з чэргаў на сустрэчы і перадачы», — заўважыла Кацярына Людвіг.

Інфармацыі аб спатканнях з роднымі Зміцера Казлова, Ірына Шчаснай і Андрэя Войніча не было.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства