viasna on patreon

"Наколькі трэба страціць сумленне, каб да такога дайсці?": пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі Паліне Шарэнда-Панасюк

2021 2021-06-08T14:04:45+0300 2023-03-21T12:17:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sharenda-panasiuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: "Новы час"

Фота: "Новы час"

Восьмага чэрвеня у судзе Маскоўскага раёна Брэста працягнуўся працэс па справе Паліны Шарэнда-Панасюк, актывісткі Еўрапейскай Беларусі. Пракурор Павел Крупеніч запрасіў для жанчыны два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядае суддзя Брэган. 

Яе судзяць паводле арт. 364 ККарт. 368 КК і арт. 369 КК. Пацярпелымі па справе праходзяць аж 7 міліцыянтаў.

Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказанні як у судзе, так і падчас следства. Прытым яна яшчэ раз падкрэсліла, што не лічыць судом тое, што сёння адбывалася ў залі суда.

«Я буду даваць паказанні толькі ў Міжнародным трыбунале па злачынствах Лукашэнкі», — сказала яна.

Паліна Шарэнда-Панасюк: «Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед»

Сёмага чэрвеня у судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся працэс па справе Паліны Шарэнда-Панасюк

"Ранка, якая не пацягнула за сабой кароткачасовага разладу здароўя"

Сярод матэрыялаў справы —  заключэнне медыцынскага эксперта наконт пашкоджання пацярпелага Аляксандра Рачынскага. У яго было заўважана адно цялеснае пашкоджанне: ранка на носе, якая "не пацягнула за сабой кароткачасовага разладу здароўя". Згодна з экспертызай, яно магло ўтварыцца трэцяга студзеня ў час, калі з яго была сарваная маска.

Прагледжаныя відэазапісы з рэгістратараў падчас агляду кватэры Шарэнда-Панасюк, дзе  зафіксаваныя дыялогі супрацоўнікаў міліцыі і абвінавачанай падчас агляду. Яны ўтрымліваюць нецэнзурную лексіку ў адрас супрацоўнікаў. Згодна з зачытанай расшфыроўкай відэа, Шарэнда-Панасюк адмовілася адчыняць дзверы, і пасля папярэджанняў супрацоўнікі выламалі яе і правялі агляд. Падчас яго была вынутая тэхніка, сцягі. 

Адвакат Шарэнда-Панасюк адзначыў, што падчас працэсуальнага дзеяння не было агучана, хто і ў якой якасці ўдзельнічае ў аглядзе. 

Сярод матэрыялаў справы — відэаролік, размешчаны ў тэлеграм-канале «Брэст: чуткі і факты».

"Ужо 5-6 траўня ўсё СІЗА было абчэпленае жоўтымі таблічкамі"

Згодна з медыцынскай экспертызай, абвінавачаная не мае псіхічных захворванняў і не патрабуе лекавання. Наконт псіхалагічнай экспертызы Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла: "У Беларусі з пэўнага часу актыўна прымяняецца карная псіхіятрыя: палітычная дзейнасць асобаў раўняецца да грамадскіх і сацыяльных паталогій. Ніякай экспертызы не было"

Паліна Шарэнда-Панасюк расказала пра ўмовы ўтрымання зняволеных у СІЗА:

"Як у гітлераўскай Германіі на габрэяў навешвалі жоўтыя зоркі, так і ў лукашысцкай Беларусі палітычным закладнікам на дзверы камер і ложкі навешваюцца так званыя жоўтыя таблічкі. У пачатку красавіка пачалося вынясенне гэтых квазі-прысудаў, а ўжо 5-6 траўня ўсё СІЗА было абчэпленае гэтымі жоўтымі таблічкамі: зараз з 41 камеры ў СІЗА так пазначаныя ад 25 да 35 камер. Там напісана, што чалавек схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Чалавека, пазначанага такім чынам, прымушаюць прамаўляць гэтыя словы раніцай і вечарам пад відэазапіс. Калі я адмаўлялася прызнаваць законнасць гэтай таблічкі, я была змешчаная ў карцар. Усяго ў карцары я правяла 30 сутак.

Таксама я хачу сказаць пра здзекі над людзьмі, якія не прызнаюць гэтых таблічак. Калі паставілі на профулік 65-гадовую Ірыну Мелькер, якая праходзіць па справе Аўтуховіча, асабіста начальнік СІЗА Вашкевіч пагражаў "згнаіць у карцары" Гэтую жанчыну, у якой праз узрост шмат захворванняў, прымусілі залазіць на другі ярус ложка, хаця да таблічкі яна спала ўнізе: як бы ўсе ні пратэставалі, каб яна мела магчымасць спаць унізе, ёй гэтага не дазволілі. Без дапамогі яна не можа залезці на другі ярус: калі ўначы яна ўстае ў туалет, яна вымушаная потым чакаць гадзіну ці дзве, пакуль хто-небудзь прачнецца і дапаможа ёй. Потым яе таксама змясцілі ў карцар". 

"Крэсла, на якім вы сядзіце, і тое больш сумленнае за вас, спадар Брэган"

Пракурор упэўнены, што дзеянні абвінавачванай па крымінальнай справе былі кваліфікаваныя правільна, а яе віна пацвярджаецца паказаннямі пацярпелых і сведкаў, пісьмовымі доказамі: пратаколамі агляду, высновамі эксперта, і даказаная ў поўным аб'ёме. Ён папрасіў выключыць з абвінавачвання ўказанне на прычыненне пацярпеламу Кірылава фізічнага болю, так як ён паказаў, што не адчуў ўдар рукой у вобласць пляча.

"Абвінавачаная неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку, за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, — адзначыў дзяржабвінаваўца. — Улічваючы сукупнасць усіх фактараў, прашу прызнаць Шарэнда-Панасюк вінаватай і прызначыць пакаранне: паводле артыкула 364 КК — пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, паводле арт. 368 — пазбаўленне волі, тэрмінам на адзін год, паводле арт. 369 — абмежаванне волі тэрмінам на адзін год. Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў прашу прызначыць абвінавачванай канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Пазовы пацярпелых — задаволіць на суму, адпаведную разумнасці і справядлівасці".

Адвакат папрасіў апраўдаць абвінавачаную праз адсутнасць ў дзеях складу злачынства:

" Не было даказана, што менавіта Паліна Сяргееўна размясціла ролік у тэлеграм-канале: пра гэта можна толькі меркаваць. Таксама хачу звярнуць увагу, што канструкцыя "Представьтесь, вы, каратели... Фашист №1... Фашист №2 " не лаянкавыя, як і некаторыя з тых, якія ў тэксце абвінавачвання прадстаўленыя без шматкроп'яў. Не магу пагадзіцца з тым, што яны выказаныя ў непрыстойнай форме.

Ці былі публічнымі выказванні Шарэнда-Панасюк падчас агляду? У фразах " міліцыя, ідзіце на х..", "лукашысты, пайшлі на х..." і падобных я не бачу звароту да канкрэтнай асобы — гэта нелітаратурны, некультурны, але досыць агульны зварот да міліцыі. Фразы не былі выяўленыя для ўспрымання адных асоб іншымі: не было моманту публічнасці. На запісе пратаколу агляду супрацоўнікі папярэджвалі Шарэнда-Панасюк аб адміністрацыйнай адказнасці за абразу супрацоўніка міліцыі. Ніякага публічнага характару ў яе дзеяннях супрацоўнікі міліцыі не ўгледжвалі. Плявок у Кірылава — безумоўна, непрыемнае дзеянне для чалавека, аднак таксама не было даказана, што ён быў здзейснены публічна. Удару супрацоўнік не адчуў, мяркую, такія дзеянні не маглі быць перашкодай законным дзеянням міліцыі.

Сапраўды, у кватэру зайшло некалькі чалавек, яны паведамілі, што з'яўляюцца супрацоўнікамі Маскоўскага РАУС і будуць праводзіць агляд — аднак хто і ў якой якасці будзе ў ім удзельнічаць, яны не растлумачылі. Панятыя калі і былі пазначаныя, то Шарэнда-Панасюк іх не бачыла, яны не былі пазначаныя. Хачу таксама адзначыць, што для агляду не характэрнае патрабаванне выдаць прадметы, якія цікавяць супрацоўнікаў: на ператрус ні санкцый, ні згоды абвінавачванай не было.

Слова "лукашысты" утворана ад прозвішча Лукашэнкі, прозвішча не можа быць абразай, як і вытворныя ад яго словы.

Зрыў медыцынскай маскі з твару Рачынскага можна расцэньваць як намер убачыць твар супрацоўніка, дадзеных аб тым, што Шарэнда-Панасюк хацела прычыніць цялесныя пашкоджанні, не маецца. Магчыма, гэта адбылося па неасцярожнасці, але кваліфікаваць гэта як гвалт і перашкоду дзейнасці міліцыі, мяркую, нельга.

Такім чынам, абвінавачванне па артыкуле 369, так па артыкуле 364 КК не знайшла свайго пацверджання.  Паводле арт. 368, у абвінавачванні наогул не ўтрымліваецца ніводнага выказвання абвінавачванай у адрас Лукашэнкі. Адсутнасць указання на канкрэтнае выказванне не дазваляе аналізаваць яго, парушае права абвінавачванай ведаць, у чым яе абвінавачваюць, прыводзіць аргументы ў сваю абарону і г.д."

Паліна Шарэнда-Панасюк у апошнім слове сказала наступнае:

"Падчас карнага рэйду па маёй кватэры быў скрадзены дзіцячы дрон: падарунак на Новы год майму старэйшаму сыну: я не пачула слова "дрон" у пералічэнні захопленай маёмасці.

Я хачу выказаць захапленне і прынесці прабачэнні свайму адвакату, праз тое, што ён, юрыдычна пісьменны і прыстойны чалавек, вымушаны працаваць з такой справай. Гэта маразм, які вы тут разводзіце. Гэта абуральная прафанацыя ўсіх крымінальных артыкулаў, калі сарваная маска кваліфікуецца як крымінальнае злачынства. Наколькі трэба страціць сумленне, каб да такога дайсці?

Паглядзіце, якія тэрміны даюцца палітвязням — нават 18-гадовым дзяўчатам — што азначаюць гэтыя тэрміны? Гэта значыць, што гэтыя людзі, не ў першы раз сфальсіфікаваўшы выбары, думаюць, што дубінкамі яны загналі народ назад. Яны хочуць сядзець на нашай шыі тэрміны, на якія яны пасылаюць людзей у калоніі. Мы гэтае дапусцім? Гэта ні ў якім выпадку нельга дапускаць!

Я ведаю: вы проста гаворачая галава (звяртаючыся да суддзі — заўв.) Крэсла, на якім вы сядзіце, і тое больш сумленнае за вас, спадар Брэган. Тыя прысуды, якія тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закона, а на сіле беззаконня. Усе прысуды падпісаныя і размеркаваныя загадзя. Таму ў сувязі з поўнай нелегітымнасцю ўсіх вашых так званых структур, усе прысуды, у тым ліку, мой, не маюць юрыдычнай сілай, не з'яўляюцца законнымі: я іх не прызнаю".

Прысуд будзе абвешчаны дзявятага чэрвеня ў 9.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства