viasna on patreon

"Мы крытыкуем такую практыку і метады". Павел Сапелка пра тое, чаму амністыя мае перавагі перад памілаваннем

2021 2021-06-08T16:02:24+0300 2021-06-08T16:38:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pen_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З пачатку чэрвеня з розных папраўчых устаноў прыходзяць звесткі аб тым, што палітычным зняволеным прапануюць падпісаць прашэнні аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка тлумачыць, чаму праваабаронцы крытыкуюць такую працэдуру, а таксама чаму палітычная амністыя мае больш пераваг, чым памілаванне.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Форма падрыхтоўкі памілавання закліканая зняважыць асуджанага

Сітуацыя вяртае нас у 2011-2012 гады, калі пяць дзясяткаў палітвязняў, якія апынуліся ў СІЗА і калоніях пасля некалькіх працэсаў, сталі ўладам, відаць, занадта дорага каштаваць.

Тады першыя ж вызваленыя ў парадку памілавання палітвязні распавялі пра тое, як атрымлівалі ад іх заявы аб памілаванні: хтосьці, не задумваючыся, напісаў патрэбныя радкі, ад кагосьці іх атрымлівалі з вялікай цяжкасцю, на кагосьці махнулі рукой і ўключылі ў адпаведны ўказ без уласнай заявы. А кагосьці проста не вызвалілі.

Мы, праваабаронцы, крытыкавалі тады і крытыкуем цяпер такую практыку і метады: па-першае, памілаванне – гэта не той інструмент, які ўжываецца ў дачыненні да палітычных апанентаў. Па-другое, форма падрыхтоўкі памілавання закліканая зняважыць асуджанага: ад іх патрабуюць раскаяння, прызнання віны і іншых, часта маральна непрымальных учынкаў. А наогул, у адпаведнасці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэкса, такіх заяў не трэба. Гэтыя фармальнасці, у тым ліку заяву асуджанага з просьбай памілаваць яго, прыдумалі асобна, выклаўшы ў адпаведным Палажэнні.

Альтэрнатыва — палітычная амністыя

Асабліва абуральна на гэтым фоне выглядала прыняцце ў 2012 годзе закона Аб амністыі з забаронай на яе прымяненне ў дачыненні да асуджаных паводле арт. 342 і 293 Крымінальнага кодэкса ўдзельнікаў пратэстаў. Хоць як раз амністыя і можа пры пэўных абставінах стаць інструментам зніжэння палітычнай напружанасці – калі яна накіравана на выхад з зацягнуўшагася грамадзянскага канфлікту, зніжэнне градуса супрацьстаяння паміж ідэалагічнымі праціўнікамі.

Узгадваецца прыклад палітычнай (вось так прама ў назве і было пазначана) амністыі, абвешчанай расійскай Дзярждумай пасля падзей 1991-1993 гадоў. У Расійскай Федэрацыі тады вырашылі спыніць усе крымінальныя справы, якія знаходзяцца ў вытворчасці следчых, і справы, не разгледжаныя судамі (разгледжаных па гэтых падзеях не было), у дачыненні да асоб, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці па трох эпізодах:

  • а) па падзеях 19-21 жніўня 1991 года, звязаных з утварэннем Дзяржаўнага камітэту па надзвычайнаму становішчу (ДКНС) і з удзелам у яго дзейнасці;
  • б) па факце сутыкнення дэманстрантаў і работнікаў органаў унутраных спраў 1 траўня 1993 года ў г. Маскве;
  • в) за ўдзел у падзеях 21 верасня-4 кастрычніка 1993 года ў Маскве, звязаных з выданнем Указа Прэзідэнта РФ "Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Расійскай Федэрацыі" і процідзеяннем яго рэалізацыі, незалежна ад кваліфікацыі дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса РСФСР.

Навошта я ўсё гэта падрабязна пераказваю? Таму што мы часта чуем ад розных прадстаўнікоў уладаў выказванні накшталт таго, што ў нас няма палітвязняў, людзі пакараныя за канкрэтныя злачынствы, яны нічым не лепшыя за іншых зняволеных і т. п. Дык вось, у Расіі таксама былі распачатыя справы з гучнымі назвамі - па факце захопу мэрыі Масквы, масавых беспарадкаў з пагромамі, захопам закладнікаў і ўзброенага супраціву органам улады; па факце ўчынення масавых беспарадкаў, якія суправаджалі спробу захопу тэлецэнтра "Астанкіна", а ў выніку – аб масавых беспарадках у Маскве 3-4 кастрычніка 1993 года. Але расійскія заканадаўцы тады знайшлі вызначэнні тым працэсам і нейтральна, але вычарпальна вызначылі рамкі амністыі.

Безумоўна, тая амністыя па-рознаму ацэньваецца даследчыкамі, але ніхто не паспрачаецца з тым, што тысячы людзей, якія праявілі грамадзянскую пазіцыю, па выніку не патрапілі ў турмы і лагеры.

Аднаго толькі вызвалення недастаткова

Таксама бясспрэчна, што ў дачыненні да тых, хто быў асуджаны выключна за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў, аднаго толькі вызвалення недастаткова. Яны павінны быць цалкам адноўлены ў грамадзянскіх правах, і ім павінна быць кампенсавана прычыненая шкода.

Яшчэ адзін аспект таксама не дапускае ніякіх выключэнняў – уладамі павінна быць праведзена расследаванне катаванняў і актаў жорсткага абыходжання, а вінаватыя ў іх здзяйсненні павінны быць пакараныя, паколькі гэта – злачынствы супраць міру і чалавецтва. Па міжнародным стандартам у іх не павінна быць тэрміну даўніны, яны не могуць спыняцца па нерэабілітуючых падставах. У той жа час няцяжкія злачынствы, учыненыя прадстаўнікамі ўлады, маглі б увайсці ў пералік спыненых: так, дарэчы, рэгулявалі пытанне нацыянальнага прымірэння іншыя расейскія амністыі – у дачыненні да ўдзельнікаў чачэнскіх войнаў.

У амністыі ёсць яшчэ некалькі пераваг перад актам памілавання: яна можа распаўсюджваецца на ўсіх, хто быў датычны да падзей, незалежна ад факту прыцягнення да адказнасці да прыняцця адпаведнага закона. Яна спыніць канвеер крымінальных спраў цяпер і стане стрымліваючым фактарам, калі ў кагосьці з праваахоўнікаў будучыні паўстане ідэя ўзгадаць грамадзянскім актывістам дзейнасць мінулых гадоў.

Сам па сабе акт амністыі не выключае адмовы абвінавачанага або асуджанага ад яе прымянення і ад працягу расследавання, суда і абскарджання судовых рашэнняў. Але амністыя можа быць нядрэнным выйсцем для тых, хто не гатовы губляць гады і хдароўе ў месцах несвабоды.

Падводзячы вынік, мы лічым, што ў сітуацыі вострага крызісу ў мэтах дээскалацыі грамадзянскага і палітычнага канфлікту, у якасці першага кроку ўлады павінны правесці шырокую амністыю для ўсіх асуджаных, абвінавачаных і падазраваных у пратэстных дзеяннях у перыяд з траўня 2020 года - як палітвязняў, так і не прызнаных такімі. Тым больш мы бачым, што пракуратура і МУС, вядучыя статыстыку ўзбуджэння "пратэстных" спраў і накіравання іх у суд, а таксама вынясення прысудаў судамі, выдатна ведаюць, пра якія людзей і справы ідзе гаворка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства