Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні Паліны Шарэнда-Панасюк палітзняволенай
Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці ў сувязі з асуджэннем да пазбаўлення волі Паліны Шарэнда-Панасюк
9 чэрвеня 2021 года
9 чэрвеня 2021 года грамадская актывістка з г. Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў 364, 368, 369 Крымінальнага кодэкса за ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх абраза, а таксама за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У дачыненні да асуджэння Паліны Шарэнда-Панасюк па артыкулах 368 і 369 КК мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесную заяву ад 22 снежня 2020 г.), лічым пераслед і пазбаўленне волі Паліны Шарэнда-Панасюк па арт. 368 і 369 КК палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.
Падвяргаючы ацэнцы дзеяння Паліны Шарэнда-Панасюк, якое выявілася, паводле абвінавачвання, у нанясенні ўдару супрацоўніку АМАП, які не пацягнуў цялесных пашкоджанняў, і зрывання маскі з супрацоўніка АУС з прычыненнем драпіны на твары, мы адзначаем наступнае:
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, гарантуецца недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё i іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі.
У адпаведнасці з арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля. Кожны чалавек мае права на абарону закона ад такога ўмяшання або такіх замахаў.
Камітэт па правах чалавека ў заўвазе агульнага парадку № 16-Артыкул 17 (права на асабістае жыццё) адзначае, што ў артыкуле 17 Пакта гаворка ідзе аб абароне як ад незаконнага, так і ад адвольнага ўмяшання. Гэта азначае, што менавіта ў заканадаўстве дзяржавы павінна быць перш за ўсё прадугледжана абарона права, замацаванага ў гэтым артыкуле. Тэрмін "незаконнае" азначае, што ўмяшанне наогул не можа мець месца за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам. Умяшанне, якое дазваляецца дзяржавамі, можа здзяйсняцца толькі на падставе закона, які павінен у сваю чаргу адпавядаць палажэнням, мэтам і задачам Пакта. Выраз "адвольнае ўмяшанне" таксама звязана з абаронай права, прадугледжанага ў артыкуле 17. На думку Камітэта, выраз "адвольнае ўмяшанне" можа таксама распаўсюджвацца на дапушчальнае законам умяшанне. Увядзенне паняцця адвольнасці заклікана забяспечыць, каб нават умяшанне, дапушчальнае законам, адпавядала палажэнням, мэтам і задачам Пакта і ў любым выпадку было абгрунтаваным ў канкрэтных абставінах.
Парушэнне недатыкальнасці жылля Паліны Шарэнда-Панасюк насіла адвольны характар, так як было абгрунтавана непрымальнай ў дэмакратычным грамадстве мэтай пераследу грамадзян за мірнае выказванне меркаванняў, і можа расцэньвацца як грамадска-небяспечнае дзеянне.
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Гэта права належыць асобе незалежна ад магчымасці пазбегнуць замаху або звярнуцца за дапамогай да іншых асобаў або органаў улады.
Не з'яўляецца злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане неабходнай абароны, гэта значыць, у адпаведнасці з КК, пры абароне не толькі жыцця і здароўя, але і правоў абаранялага або іншай асобы, інтарэсаў грамадства або дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення шкоды таму, хто робіць замах, калі пры гэтым не было дапушчана перавышэння межаў неабходнай абароны. Прычыненая шкода - неасцярожная драпіна ў супрацоўніка АУС, відавочна не выходзіць за такія межы і з'яўляецца суразмерным парушанаму пацярпелым праву.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Паліны Шарэнда-Панасюк палітычна матываваным, а яе саму палітычнай зняволенай у адпаведнасці з п.3.2 (b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагляду прынятых у дачыненні да Паліны Шарэнда-Панасюк мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а таксама яе вызвалення з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
"Ініцыятыва FORB";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларусі ПЭН-цэнтр.