"Я разумеў: ідзе марш незадаволеных тым, што адбываецца ў нашай краіне". У судзе па масавых беспарадках дапытваюць абвінавачаных Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска на працэсе па справе аб масавых беспарадках 10 чэрвеня былі дапытаныя абвінавачаныя Дзяніс Балтуць і Віталь Шышлоў.
Нагадаем, палітвязняў вінавацяць па шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года: Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса; Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК; а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.
Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Раман Бізюк. Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў.
"Я супрацоўнік сам разумееш якога падраздзялення". У пісьмовых матэрыялах па справе антыфашыстаў аператыўныя апытанні, праслухоўка
"Я разумеў: ідзе марш незадаволеных тым, што адбываецца ў нашай краіне"
Першым дапытвалі Дзяніса Болтуця. Ён не прызнаў сваёй віны ні па адным з прад'яўленых абвінавачванняў, так як, па яго словах, названыя абставіны не мелі месца быць.
Растлумачыў, што каля 21 гадзін ўвечары 10 жніўня знаходзіўся ў раёне ст. м. Пушкінская каля кінатэатра "Аўрора", прыехаў на сваім аўтамабілі, знаходзіўся там каля 40-50 хвілін. Разам з Дзянісам на месца прыехаў Віталь Шышлоў. Кажа, што на дарозе быў затор, на кальцы – стаяў грамадскі транспарт, было шмат людзей – каля 1000 чалавек. Людзі стаялі і глядзелі, хтосьці мог выкрыкнуць якой-небудзь лозунг, у прысутных былі бел-чырвона-белыя сцягі, транспаранты, але што на іх напісана – палітвязень на той момант не мог разгледзець праз праблемы са зрокам. Па яго словах, на праезную частку выйшла каля 100 чалавек. Сам ён знаходзіўся там з цікавасці:
"Стаялі і глядзелі па баках, палілі".
Калі былі каля кінатэатра "Аўрора" стэлефанаваліся з Тамазам Піпія, які падышоў да Дзяніса і Віталя праз хвілін 5. Пасля гэтага прагучаў заклік супрацоўнікаў міліцыі разысціся. Саміх супрацоўнікаў абвінавачаны не бачыў, але чуў выбухі. Усе трое накіраваліся да машыны, Дзяніс адвёз хлопцаў па дамах, пасля чаго паехаў да сябе.
Адзначыў, што не бачыў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку пратэстоўцаў, якія пералічыла суддзя: гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, узвядзенне барыкад.
Таксама ў той дзень, папярэдне стэлефанаваўшыся, каля 20 гадзін сустрэліся з Цімурам Піпія каля Макдональдса ў мікрараёне Малінаўка. Прабылі разам каля 10-15 хвілін, пасля гэтага Болтуць і Шышлоў з'ехалі на машыне, а Цімур Піпія сказаў, што дабярэцца сам да крамы "Суседзі" каля ст.м. "Пушкінскай". Аднак там хлопцы не сустрэліся.
На пытанне дзяржабвінаваўцы, ці бачыў Дзяніс, каб хто-небудзь з яго кампаніі або навакольных людзей кідаў камяні, ён адказаў:
"У маёй кампаніі быў толькі Шышлоў, мы нічога не кідалі".
Увечары 23 верасня 2020 года Дзяніс Болтуць сустрэўся з Віталём Шышловым і Цімурам Піпія, хацелі паехаць да ГЦ "Галерэя" - пахадзіць па крамах. Хлопцы пакінулі аўтамабіль па вул. Караля і пешшу пайшлі праз двары да гандлёвага цэнтра, дзесьці да 19.40-20.00 гадзін знаходзіліся там, а пасля вярталіся да машыны. Каля кінатэатра "Беларусь" была вялікая колькасць людзей – каля 1500-2000 чалавек, але дакладна "не лічыў", хтосьці выкрыкваў лозунгі, хтосьці – не. Пайшлі разам з натоўпам – большасць людзей рухалася па тратуары, некаторыя выходзілі на праезную частку, а потым вярталіся на тратуар. Не назіраў, каб перакрывалася дарога і былі перашкоды для праезду. Абвінавачаныя самі ніякіх дзеянняў не здзяйснялі, а проста ішлі з цікавасці - "паглядзець, што адбываецца, куды, як, навошта і для чаго".
"Для сябе я разумеў, што ідзе нейкі марш незадаволеных тым, што адбываецца ў нашай краіне".
У нейкі момант Дзяніс страціў з відавоку Цімура і Віталя, спрабаваў стэлефанавацца з імі і працягваў ісці разам з людзьмі. Каля Макдональдса спыніўся і чакаў сяброў, якія падышлі да яго праз хвілін 15. Пасля чаго ўсе разам накіраваліся да машыны і паехалі ў мікрараён Серабранка – адтуль было зручна раз'язджацца па дамах.
"Усе маладыя людзі малююцца перад таварышамі, каб зарабіць аўтарытэт"
У Серабранцы прайшліся да перакрыжавання пр. Ракасоўскага і вул. Пляханава, дзе была група людзей-каля 300-500 чалавек, Дзяніс Болтуть і Кірыл Пятроўскі сталі камунікаваць з прысутнымі людзьмі, а Цімур Піпія і Віталь Шышлоў сышлі па сваіх справах. Абвінавачаны бачыў, як пратэстоўцы выходзілі на праезную частку і блакавалі дарогу, а потым сыходзілі, транспарт аднаўляў рух. Сам Дзяніс абмяркоўваў пытанні гісторыі і культуры з незнаёмымі людзьмі, якія знаходзіліся побач, лозунгі не выкрыкваў, не бачыў, як у тралейбуса знялі "рогі", удзелу ў блакаванні дарогі не прымаў. Не назіраў супрацоўнікаў міліцыі, гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да іх або ўзвядзення барыкад. Таксама не бачыў, каб хтосьці паліў фаеры, кідаў якія-небудзь прадметы.
Пракурор: Вы давалі тлумачэнне адносна таго, што не бачылі, каб хтосьці паліў фаер. А самі вы палілі фаер?
Абвінавачаны: Як я мог паліць, калі я не бачыў?
П.: Ці з'яўляецеся вы футбольным фанатам?
А.: З'яўляЎСЯ!
П.: Скажыце, як футбольны фанат у Мінску палілі фаеры?
А.: Як футбольны фанат - не, у нас на стадыёнах нельга фаеры паліць.
У нейкі момант прыехалі супрацоўнікі ўнутраных войскаў, без заклікаў разысціся сілавікі пачалі кідаць светла-шумавыя гранаты са сваіх транспартных сродкаў, людзі ў паніцы сталі разбягацца. Як толькі ўбачыў гэта, абвінавачаны пайшоў да сваёй машыны і паехаў дадому.
Адносна арт. 364 КК, Дзяніс Болтуць растлумачыў, што ад незнаёмых маладых людзей, якія знаходзіліся побач, пачуў гісторыю: "хтосьці падышоў да машыны, задаў нейкае пытанне, паміж сабой нешта сталі высвятляць, потым хтосьці нешта зрабіў".
Раней у судзе былі зачытаныя стэнаграмы тэлефонных размоў Дзяніса Болтуця. Падчас допыту абвінавачанага пракурор дапытваўся, ці абмяркоўваў ён з Кірылам Пятроўскім у тых размовах пытанні, звязаныя з дзеяннямі супрацоўнікаў АУС і абставінамі ў Серабранцы? Ці гучаў выраз: "Фашызм не пройдзе"? Дзяніс Болтуць адказаў, што нешта абмяркоўвалася, а прыведзеную фразу – не памятае.
Пракурор: Вы самі адносіцеся да радыкальных якіх-небудзь напрамкаў: фашыстаў, антыфашыстаў і г. д.?
Абвінавачаны: Не.
П.: Ці маюцца ў вас якія-небудзь асабістыя ўзаемаадносіны ці адносіны да названых асобаў, якія ўваходзяць у адпаведныя групы?
A.: Не.
П.: Згодна з пратаколам заслуханага тэлефоннага злучэння, ёсць такая фраза: "Ты тады ўжо з'ехаў, калі мы ціхароў патушылі?" <...> Што яна значыць?
А.: Рысаваўся перад таварышамі. На той момант было модна ўдзельнічаць у тым ці іншым мерапрыемстве, падняць аўтарытэт.
Па словах Дзяніса Болтуця, дзеяслоў "патушыць" у дадзеным кантэксце азначаў "ўціхамірыць ціхароў, каб яны пабегалі туды-сюды, сагналі лютасьць, злосць, палкасць". Адзначыў, што такія дзеянні не мелі месца, і растлумачыў:
"Усе маладыя людзі рысуюцца перад сваімі таварышамі, каб зарабіць павагу, аўтарытэт. І я не выключэнне".
Сказаў, што ў тэлефоннай размове падхарашыў пачутую раней размову маладых людзей, якія знаходзіліся побач.
Суддзя: "Ну і Суслік пачынае заліваць іх балонам, яны адразу з'ехалі". Што вы мелі на ўвазе, калі гэта казалі?
Абвінавачаны: Гэта працяг гісторыі.
С.: Так, праўда гэта было або не?
А.: Гэта тое, што я пачуў і дадумаў, дамаляваў ў маім уяўленні.
С.: Гэта значыць на самай справе вы такога не бачылі?
A.: Не бачыў.
С.: Ці дакладна я разумею, што такім чынам у размове з таварышам вы вырашылі таксама падняць аўтарытэт і павагу і Шышлову?
А.: Так, дакладна.
Нікому з іншых абвінавачаных Дзяніс Болтуць гэтую "дадуманую" гісторыю не распавядаў.
Далей суддзя ўдакладніла адносна размоў Дзяніса з жонкай, дзе ён выказваў меркаванне пра тое, што неабходна ўзбройвацца, узводзіць барыкады. Палітвязень растлумачыў, што кожны з іх выказваў свой пункт гледжання пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ён казаў, зыходзячы з таго, што бачыў у Інтэрнэце, - для ўласнай бяспекі трэба купляць газавы балончык. Але сам ён балончык не купляў.
З нагоды выразу ў тэлефоннай размове ад 24 верасня:
"Пабегалі ўчора слаўна, думалі сёння зноў збірацца гадзін у восем на Серабранцы. Сёння трэба прыдумаць нешта больш сур'ёзнае, нейкія сур'ёзныя барыкады, таму што я [нецэнзурнае слова – сінонім "стаміўся"] бегаць",
абвінавачаны растлумачыў, што ён "прабегся, паскорыўся да машыны, хутка сышоў", далей было разважанне аб тым, як можна пазбегнуць працяглых прабежак – узводзіць барыкады. Аднак у далейшым Дзяніс Болтуць не планаваў удзельнічаць у пратэстных мерапрыемствах.
Суддзя: Як вы ставіцеся да прадстаўнікоў улады: у прыватнасці, да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, супрацоўнікаў унутраных спраў у перыяд жнівень-верасень 2020 года?
Абвінавачаны: Усюды ёсць людзі, з усімі можна камунікаваць.
Нянавісць да іх Дзяніс Болтуць не адчуваў, сацыяльную варожасць сваімі дзеяннямі не распальваў.
Затрыманы быў на працы 25 верасня 2020 года.
Сказаў, што з Цімурам і Тамазам у апошні час меў зносіны вельмі рэдка, а з Віталём сустракаліся крыху часцей. Адносіны прыяцельскія, таварыскія, усе былі заўзятарамі футбольнага клуба «МТЗ-РІПА» і «Партызан», але пасля калі клуб распаўся – перасталі імі быць.
Наступным у пасяджэнні быў апытаны Віталь Шышлоў
Ён прызнаў віну па ч. 1 арт. 342 цалкам, па арт. 364 – часткова, а па ч. 2 арт. 293 – не прызнаў віну. Адзначыў, што не з'яўляецца фанатам, звяртаецца да ўсіх сяброў па імені, дапускае, што ў яго магла быць мянушка. З іншымі абвінавачанымі знаёмы даўно – хтосьці сусед, хтосьці сябар, падтрымлівае прыяцельскія адносіны.
Па падзеях 10 жніўня растлумачыў, што знаходзіўся на ст. м. "Пушкінская" з Дзянісам Болтуцем, з якім прыехаў туды на машыне. На яго думку, там сабралася каля 1000 чалавек, якія хадзілі, магчыма пляскалі ў далоні, выкрыквалі лозунгі. Пацвярджае паказанні Болтуця пра тое, што каля гадзіны стаялі ля кінатэатра "Аўрора" і назіралі за тым, што адбываецца, на праезную частку не выходзілі, лозунгаў не выкрыквалі. Потым заўважыў, што ўдалечыні з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, і вырашыў, што знаходзіцца там небяспечна. Ніякіх патрабаванняў ад супрацоўнікаў не чуў. Пасля гэтага - селі ў машыну і паехалі па дамах.
23 верасня ўвечары сустрэўся з Дзянісам Болтуцем і Кірылам Пятроўскім, былі ў ГЦ "Галерэя". Адтуль пайшлі да кінатэатра "Беларусь", там было больш за 1000 чалавек. Што рабілі людзі - абвінавачаны не памятае, сам не асабліва спяшаўся, таму хадзіў у натоўпе і глядзеў на тое, што адбываецца, было цікава. У нейкі момант разышліся з хлопцамі, быў хаос: і машыны ездзілі на чырвонае святло, і людзі хадзілі на чырвонае святло, хтосьці выходзіў на праезную частку.
"Білі, залівалі балончыкам, вывозілі ў лес"
Праз некаторы час сустрэўся з астатнімі, паехалі ў мікрараён Серабранка. Там хвілін 10 пасля прыезду разышліся з іншымі прыяцелямі. На скрыжаванні Ракасоўскага і Пляханава бачыў каля 500 чалавек, але не бачыў, каб на праезнай частцы пратэстоўцы перашкаджалі праезду транспарту. Сам выходзіў на праезную частку хвілін на 5 - "захацеў і выйшаў". Не назіраў, каб людзі будавалі барыкады, кідалі якія-небудзь прадметы, ўжывалі гвалт, палілі фаеры. Таксама не бачыў прадстаўнікоў сілавых структур.
Ужо збіраўся ісці дадому, калі ў нейкі момант убачыў канфлікт: людзі на выхадзе з падземнага пераходу размаўлялі на падвышаных танах з тымі, хто знаходзіўся ў аўтамабілі, - людзьмі ў цывільным адзенні, у якіх нешта было ў руках. У Віталя Шышлава быў з сабой пярцовы балончык "Шок", які ён насіў з сабой увесь час. Абвінавачаны падышоў да машыны і распыліў балончык у салон аўтамабіля. У той момант не ведаў, хто менавіта знаходзіцца ў аўтамабілі, даведаўся пра гэта пазней. Свае дзеянні абвінавачаны патлумачыў тым, што яму здалося, што людзі, якія знаходзяцца ў аўтамабілі, маглі прадстаўляць пагрозу.
Пасля гэтага аўтамабіль з'ехаў, а сам Віталь перайшоў на другі бок дарогі, выкінуў балончык. Нікому пра гэты інцыдэнт не распавядаў.
"Так, я здзейсніў гэта, але я не ведаў, што там былі супрацоўнікі міліцыі".
У той вечар рукамі не размахваў, не пляскаў у далоні, што рабіў Дзяніс Болтуць – не бачыў. Тактыку і стратэгію выхаду на праезную частку ні з кім не абмяркоўваў, да грамадскага транспарту магчыма і падыходзіў, але штангі ў тралейбуса не здымаў.
Віталь Шышлоў быў затрыманы на дачы ў знаёмых 26 верасня 2020 года. Відэа з прызнальнымі паказаннямі было запісана праз 25-30 хвілін пасля затрымання.
Падчас допыту абаронца ўдакладніў у Віталя Шышлова, ці добраахвотна ён даваў паказанні, якія былі запісаныя міліцыянтамі і растыражаваныя ў дзяржСМІ. На гэта палітвязень адказаў адмоўна і распавёў:
"Білі, залівалі балончыкам, вывозілі ў лес. Мне казалі, што казаць, калі не падабаўся адказ ці не атрымлівалася - білі і пачыналі зноўку".
Пракурор хадайнічаў аб абвяшчэнні пісьмовых паказанняў Віталя Шышлова, якія ён даваў на папярэднім следстве.
Працэс працягнецца 14 чэрвеня в 11.30.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс
Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. |