У Брэсце пачалі судзіць чацвёртую партыю абвінавачаных у масавых беспарадках
У судзе Ленінскага раёна Брэста 11 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках) супраць чацвёртай партыі берасцейцаў. 12 чалавек судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў прэзідэнта, якія прайшлі ў Брэсце 9 і 10 жніўня мінулага года. Разглядае гэтую справу суддзя Дзмітрый Шурын.
Як паведаміла “Брэсцкая Вясна”, ужо традыцыйна на пасяджэнне не змаглі трапіць усе жадаючыя. На гэты раз у зал не трапілі каля 15 чалавек. Пусцілі толькі ўдзельнікаў працэса, а таксама па аднаму сваяку да тых абвінавачаных, якія ўтрымліваюцца пад вартай.
Каго пачынаюць судзіць?
На лаве падсудных – 12 чалавек. Восем з іх знаходзяцца пад вартай. Двое з абвінавачаных непоўнагадовыя, траім толькі нядаўна споўнілася 18. Усе абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках).
- палітвязень Марк Антонаў
- палітвязень Святаслаў Герасімук
- палітвязень Давід Збаранскі (споўнілася 18 гадоў у СІЗА)
- палітвязень Валерый Мельнічук
- палітвязень Яўген Пекач
- палітвязень Марэк Сірадзэ
- Вячаслаў Трафімук (знаходзіцца пад вартай)
- 19-гадовы Аляксандр Цімафееў (знаходзіцца пад вартай)
- 17-гадовы Максім Імхавік (знаходзіцца на волі)
- 17-гадовы Іван Пацяйчук (знаходзіцца на волі)
- 18-гадовы Алег Юраў (знаходзіцца на волі)
- 18-гадовы Андрэй Тарасавец (знаходзіцца на волі)
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавіка. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў галіне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх —пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
На першым судовым пасяджэнні было зачытана абвінавачванне, а таксама кожны з фігурантаў справы паведаміў, ці прызнае віну. Поўнасцю віну прызналі Марэк Сірадзэ, Яўген Пекач, Святаслаў Герасімук і Аляксандр Цімафееў. Часткова віну прызналі Марк Антонаў, Давід Збаранскі, Валерый Мельнічук, Максім Імхавік і Іван Пацяйчук. Адмовіліся ад прызнання віны Вячаслаў Трафімук, Алег Юраў і Аляксандр Тарасавец.
Працяг суда адбудзецца 16 чэрвеня ў 10.30.
«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?
Па гэтай крымінальнай справе ўжо пакараныя 22 чалавекі. Усе яны атрымалі пазбаўленне волі тэрмінамі ад 3 да 5 гадоў. Агульны тэрмін пазбаўлення волі склаў 81 год і 6 месяцаў. Суд над трэцяй партыяй фігурантай крымінальнай справы яшчэ цягнецца.
У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 чалавек за "масавыя беспарадкі" пасля выбараў