viasna on patreon

Лукашэнка, Ярмошына, Карпянкоў і міліцыянты... За абразу і "распальванне варожасці" маладзечанцу далі 4 гады калоніі

2021 2021-06-11T17:57:33+0300 2021-06-17T17:22:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzianis_syrec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім абласным судзе 11 чэрвеня завяршыўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара горада Маладзечна Дзяніса Сырца. Судзілі яго каментары ў мясцовым тэлеграм-чаце "Молодечно для жизни Chat" . Дзяніса прызналі вінаватым у распальванні нянавісці да міліцыі, у абразе службовых асоб і прэзідэнта, і прысудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць пацярпелым маральныя кампенсацыі. Прысуд Дзянісу вынес суддзя Тулейка, а дзяржабвінаваўцам, які папрасіў менавіта такі тэрмін, выступіў Шаравар.

Пацярпелымі прызнаныя маладзечанскія міліцыянты і гарадзенская супрацоўніца АМАП, а таксама і публічныя персоны – Лукашэнка, Ярмошына і Карпянкоў. Не ўсе з пацярпелых прыйшлі паўдзельнічаць у працэсе.

Працэс праходзіў 9 і 10 чэрвеня, а 11 вынеслі прысуд. "Вясна" распавядае пра суд над Дзянісам.

Чат

У телеграм-чаце Дзяніс Сырэц сядзеў спачатку пад нікам "Дзяніс", а затым змяніў яго на "Tarakan Ebaniy". Суд цікавіў і малюнак на аватары Дзяніса.

"Што менавіта намалявана на імянным аватары?”

“Проста смешны мужычок. Я загугліў "смешная карцінка" і запампаваў першую, якая трапіла з інтэрнэту”

"А гэтая карцінка чалавека з вусамі нікога не нагадвала?”

Пытанне аб аватарцы задавалася і адной з пацярпелых міліцыянтаў, на што тая адказала:

"На аватары была выява, падобная на прэзідэнта РБ".

Абвінавачванне

Дзяніс Сырэц абвінавачваўся адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ:

  1. Частка 1 артыкула 130 КК РБ – Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або нянавісці, рэабілітацыя нацызму – так цалкам гучыць назва артыкула ў дзеючай рэдакцыі КК РБ. Аднак у крымінальнай справе Сырца цікавасць для абвінавачвання прадстаўляе "іншая сацыяльная варожасць", дзе пад “сацыяльным" вылучаецца "прыкмета прыналежнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў".
  2. артыкул 369 КК РБ – Абраза прадстаўніка ўлады
  3. Частка 1 артыкула 368 КК РБ – Публічная абраза прэзідэнта РБ.

Па артыкуле 368 КК РБ Дзяніс віны не прызнаў, а па артыкулах 130 і 369 КК РБ –  часткова. Ён пагадзіўся з тым, што размяшчаў каментары, аднак яны не былі адрасаваныя пацярпелым.

Пераслед Дзяніса Сырца і "чыстасардэчнае" раскаянне

Дзяніс Сырэц пісаў каментары ў чаце "Молодечно для жизни Chat" у верасні-кастрычніку 2020 года. На судовым пасяджэнні, распачатым 9 чэрвеня 2021 года, ён удзельнічаў пад канвоем. Пад вартай Сырэц знаходзіцца з 18 сакавіка 2021 года. Аднак затрымлівалі яго трэцяга снежня 2020 года –  дома правялі ператрус, а затым Дзяніса змясцілі ў ІЧУ на трое сутак. Затым, пасля вызвалення, яго зноў затрымалі ў той жа дзень –  і змясцілі ў ІЧУ яшчэ на трое сутак.

Дзяніс Сырэц
Дзяніс Сырэц

У матэрыялах крымінальнай справы ёсць чыстасардэчнае прызнанне Дзяніса ад 3 снежня, у якім ён прызнае віну і раскайваецца. Аднак сам Дзяніс на судзе гэтыя паказанні не падтрымаў:

"Я пісаў чыстасардэчнае не зусім на добраахвотнай аснове, пісаў пад дыктоўку. Проста мне сказалі: калі напішу, то адкараскаюся штрафам або папраўчымі работамі. Я наогул не ведаў, што там паказана [якія артыкулы]".

Такі варыянт Дзянісу прапанавалі супрацоўнікі ГУУБ. Яны ж яму і прадыктавалі ўсе прозвішчы пацярпелых міліцыянтаў, з якімі той не быў знаёмы.

"Я цэлы дзень прачакаў адваката, у мяне балела галава і я напісаў усё... Я не абдумваў, што пісаў".

А што ж каментаваў Дзяніс Сырэц у чаце і як выбудоўваў лінію сваёй абароны на судзе?

Не Лукашэнка, а Дзед Мароз

У кастрычніку "Tarakan Ebaniy" пакінуў наступны каментар у чаце ("Вясна" тут і далей цытуе іх згодна з тым, як яны агучваліся падчас судовага пасяджэння над Дзянісам Сырцом”):

"Я 26 гадоў таму загадаў Дзеду Марозу, каб Лукашэнка здох. Але гэты падла ў вус пшанічны не дзьме. З тых часоў Дзеду Марозу не веру".

Гэтым самым, як абвяшчае абвінавачванне, Сырэц абразіў "прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнку"  і меў жаданне прадставіць яго ў зневажальным становішчы, што прычыняе яму маральныя пакуты і прыніжае яго аўтарытэт.

Аднак Сырэц заявіў, што меў на ўвазе зусім не прэзідэнта, а Дзеда Мароза. Выказванне "гэты падла ў вус пшанічны не дзьме" адносіцца менавіта да Дзеда Мароза — бо той не выконвае жаданні. І наогул гэты каментар быў адказам на іншы каментар, напісаны ў чаце вышэй.

"Там [карыстальнік] уверсе напісаў гэтае прозвішча і я проста на яе адказаў", – растлумачыў Дзяніс падчас судовага паседжання.

"І шмат людзей вы ведаеце з прозвішчам Лукашэнка?", – спытаў суддзя.

"Ну ў Маладзечне ёсць пару чалавек".

"Але прозвішча прэзідэнта вы ж ведаеце? "

"Ведаю".

"Але не яго мелі на ўвазе?"

"Не яго".

Як звязаны Кыргызстан і Ярмошына?

У "Молодечно для жизни Chat" быў апублікаваны пост:

"ЦВК Кыргызстана прызнаў вынікі парламенцкіх выбараў несапраўднымі".

"У іх з гэтай с*кі Ярмошынай няма — вось і прызналі", — такі каментар пад постам пакінуў Дзяніс Сырэц.

Гэта ў тым ліку лягло ў абвінавачванне па артыкуле 369 КК РБ – абраза прадстаўніка ўлады. Пацярпелай тут прызнана Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына. Каментар Сырца "прынізіў яе гонар і годнасць, прычыніў маральныя пакуты і падрывае яе аўтарытэт і прафесійныя якасці".

Але сам Дзяніс растлумачыў, яго каментар да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай не мае ніякага дачынення:

"Я напісаў "Ярмошына "- праз "я". Гэта іншая прозвішча і іншы чалавек" [Дзяніс пакінуў каментар на рускай мове, дзе прозвішча стыршыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пішаца праз “Е” на пачатку — Заўв.].

"Якое дачыненне мае ЦВК з Ярмошынай да іншай дзяржавы? Прычым тут Кыргызстан"? — пытаўся судзьдзя.

"Я пісаў проста што папала, ніякага пэўнага чалавека я не меў на ўвазе".

"У пратэстных акцыях вы ўдзельнічалі? "

“Не”.

"Калі ня ўдзельнічалі, дык чаму пісалі?"

Лідзія Ярмошына прызнаная пацярпелай па справе, аднак на судовае паседжанне не з'явілася. Як і Нікалай Карпянкоў.

Карпянкоў і “ОПГ”

У "Молодечно для жизни Chat" рэпосціліся і пасты з телеграм-канала “Каратели Беларуси”. Пад адным з пастоў, прысвечанаму экс-начальніку ГУБАЗіК Нікалаю Карпянкову, Дзяніс Сырэц таксама пакінуў каментар, чым "падарваў яго аўтарытэт і аўтарытэт органаў МУС у цэлым". Што ён напісаў?

"Спадзяюся, хтосьці праламае яму башню... Верхавод ментовской “ОПГ”. Павінен іншыя “ОПГ” саджаць, а не сваю ствараць".

Гэты каментар не адносіўся асабіста да Карпянкова —  так патлумачыў сваю пазіцыю Дзяніс Сырэц. Паведамленні былі адрасаваныя таму карыстачу, хто размясціў пост. А “ОПГ” — гэта аператыўная група [а не арганізаваная злачынная групоўка — Заўв.] ",— адзначыў Дзяніс, і пазней дадаў:

"Я пісаў гэта на эмоцыях... калі хтосьці негатыўную інфармацыю кідае, то з'яўляюцца эмоцыі".

Сам Карпянкоў на судовы працэс не з'явіўся — яго пісьмовыя паказанні былі зачытаныя судом:

"Раней я быў начальнікам ГУБАЗіК і ў сваёй працы кіруюся заканадаўствам ... лічу [каментары, напісаныя Сырцом] абразлівымі [...] На маю думку, [меў на мэце] перашкоду выканання мною службовай дзейнасці".

Грамадзянскі іск аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды з-за абразы Карпянкоў заявіць адмовіўся. А іншыя — не.

Міліцыянты, супрацоўніца АМАП і іх маральныя пакуты

Яшчэ трое прадстаўнікоў улады прызнаныя пацярпелымі па справе. Кожны з іх заявіў пазоў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 2000 беларускіх рублёў.

  •  Святлана Равяка, участковы інспектар аддзела міліцыі з Маладзечна. У “Маладзечна для жыцця Chat" было размешчана яе фота з ўзнагароджання, пад якім Дзяніс Сырэц пакінуў каментар са словам "свінаматка".

Сам Дзяніс таксама прытрымліваўся пазіцыі, што каментар быў адрасаваны не Равяка, а таму карыстальніку, хто размясціў пост.

Сваю пазіцыю па пазове аб маральнай шкодзе Святлана патлумачыла наступным чынам:

"Па-першае, размясцілі мае асабістыя дадзеныя [ ... ] а потым пайшлі абразы маёй знешнасці, якія ніяк з маёй працай не звязаныя. Я маю зносіны [на працы] з людзьмі, прымаю ў іх заявы [ ... ] А вялікая колькасць людзей чытаюць сацыяльныя сеткі. Мне было непрыемна".

"Ці паўплывалі абразы на ваш стан здароўя?" — удакладніла абарона Дзяніса Сырца.

"Не, мне было проста непрыемна".

sreviako_ment.jpeg
Святлана Рэвяка (злева). Фота: kraj.by

  • Станіслаў Вайцяховіч, міліцыянт патрульна-паставой службы Маладзечанскага АУС. У чаце было змешчана яго фота ў форменным абмундзіраванні. На фота ён разам з іншым чалавекам. Пад постам ёсць каментар ад "Tarakan Ebaniy”:

"Гэтая свінаматка падобная на Бутонава з серыяла "Салдаты". Такі ж додзік, толькі тоўсты".

Дзяніс Сырэц адзначыў, што меў на ўвазе не Вайцяховіча, а іншага чалавека на фота. А Вайцяховіч зусім на яго не падобны і зусім не "тоўсты".

Сам жа Станіслаў Вайцяховіч патлумачыў сваю пазіцыю па пазове наступным чынам:

"Гэты чат ва ўсеагульным аглядзе, любы чалавек можа ў яго зайсці [ ... ] Мяне ў форменным абмундзіраванні абражае чалавек ні за што [ ... ] Я перажываў, гэта бачыла мая сям'я. На здароўе ніяк не паўплывала”.

  •  Дар'я Бандарчук, супрацоўніца АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама ў пасяджэнні паўдзельнічала праз відэа-канферэнцсувязь. Яна адзначыла, што ёй было непрыемна ад каментара. Праўда "каментароў было так шмат, што я ўжо не памятаю [што менавіта напісаў "Tarakan Ebaniy" — Заўв. ]”

"Па пазове я яшчэ падумаю", — сказала Дар'я Бандарчук.

"Пажадана, канешне, цяпер выказаць ... Ну то бок вы хочаце спагнаць грашовыя сродкі?" — спытаў у яе суддзя.

"Хачу, але на рахунак дзіцячага дома".

"Гэта значыць жадаеце?”

“Жадаю”

"Якая сума?”

”Дзве тысячы”.

Свае маральныя пакуты, прычыненыя каментаром Дзяніса, Бандарчук коратка апісала:

"Я была засмучаная, я перажывала".

У каментары Бандарчук была названая “шкурай”.

Што па “распальвання нянавісці”?

У абвінавачванне па артыкуле 130 КК РБ (распальванне нянавісці ў адносінах да міліцыянтаў) ляглі шматлікія каментары, пакінутыя Дзянісам у чаце. Сярод іх:

"Пара брацца за аўтаматы [ ... ] не веру, што сілай любові можна выгнаць тырана [ ... ] хутка Інтэрнэт будзе для мусароў […]”, "Зорачка ровара ўторкнецца як сюрыкен самурая” ды іншыя.

"Е*ашыць мусароў будзем" — працытаваў суддзя адзін з каментароў Дзяніса. —“Хто такія “мусары” у вашым разуменні? ”

“Тыя, аб якіх пісалі, што яны рабілі жорсткасці”.

"Дык вас абурала, што супрацоўнікі міліцыі ўжываюць неабгрунтаваны гвалт?”

“Так, і таму разгуляліся эмоцыі”.

Апошняе слова Дзяніса Сырца

"Я ўступіў у чат, каб чытаць там навіны. Але, паддаўшыся эмацыйнаму стану з-за пастоў c бесперапыннымі дадзенымі аб жорсткасці супрацоўнікаў, я пачаў пісаць негатыўныя каментары. Хачу адзначыць, што сваімі дзеяннямі я не хацеў нікога пакрыўдзіць або абразіць. Таксама хачу адзначыць, што распальваць варожасць ці нянавісць я не збіраўся і не рабіў гэтага. Усе каментары былі без якога-небудзь сэнсу і мэты. Я ўсведамляю, што зрабіў памылку, публікуючы свае каментары, абяцаю больш гэтага не рабіць. Абяцаю заняцца сваёй адукацыяй і прыносіць карысць грамадству, і весці законапаслухмяны лад жыцця. Таксама я хачу адзначыць, што я добры спецыяліст у будаўнічай галіне, і на волі ад мяне будзе больш карысці грамадству, чым у зняволенні. Што пацвярджае мая характарыстыка ад майго кіраўніцтва. А таксама я добры сем'янін і выхоўваю двух выдатных дачок. З самага іх нараджэння я дапамагаю жонцы гадаваць з іх годных людзей, раблю ўсё для іх, стараюся, каб яны маглі ганарыцца сваім татам. Высокі суд, я агучыў сваю пазіцыю і прашу вас не разлучаць мяне з самым дарагім, што ў мяне ёсць — з маёй сям'ёй…”

У Дзяніса Сырца ёсць дзве дачкі — 15 гадоў і 4 года. Як распавяла жонка Дзяніса, малодшая дачка думае, што тата ў камандзіроўцы.

11 чэрвеня суддзя Мінскага абласнога суда Тулейка прызнаў Дзяніса Сырца вінаватага па ўсіх трох артыкулах і прысудзіў яго да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. А таксама на карысць кожнага пацярпелага, які заявіў пазоў аб маральных пакутах, спагнаць з Дзяніса Сырца па 1000 беларускіх рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства