Паказанні пад ціскам і відэа з тэлефонаў. Як спрабуюць даказаць віну трэцяй “партыі” абвінавачаных па “масавых беспарадках” у Брэсце?
14 і 15 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна горада Брэста працягнуўся судовы працэс па крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» у дачыненні да трэцяй «партыі» абвінавачаных. Гэта ўжо дзясятае і адзінаццатае па ліку пасяджэнні. Допыт сведак і прагляд рэчыўных матэрыялаў справы, якія складаюцца з відэа з канфіскаваных мабільных тэлефонаў — як дзяржабвінавачанне спрабуе даказаць вінаватасць 12-ці чалавек?
Нагадаем імёны 12-ці чалавек, якія абвінавачваюцца па справе аб масавых беспарадках, якія, па версіі следства, праходзілі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце:
- 26-гадовы палітвязень Раман Гваздзёлка
- 19-гадовы Мікіта Ганчароў
- Вадзім Жылінскі
- 29-гадовы палітвязень Дзяніс Жук
- Арцём Клімчук
- Дзмітрый Князеў
- 32-гадовы палітвязень Юрый Кузьміч
- Дзмітрый Панько
- 28-гадовы палітвязень Антон Сотнікаў
- 18-гадовы Аляксандр Целешман
- 30-гадовы палітвязень Дзмітрый Тур
- Максім Шатохін
Шасцёра з абвінавачаных знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Іншыя шасцёра знаходзяцца ў СІЗА-7, а ў суд дастаўляюцца пад канвоем і ў працэсе ўдзельнічаюць, знаходзячыся ў шкляной клетцы.
Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Бараноўскі і Шарко.
Сведкі: ці была шкода і як выбіваліся паказанні?
10-га жніўня ў ЗАТ «Даная» (гандлёвы цэнтр на праспекце Машэрава ў Брэсце, дзе і праходзілі «масавыя беспарадкі») былі пашкоджаныя каля пяці вокнаў. Пра гэта на судзе распавялі дзве супрацоўніцы крамы, а таксама работнік фірмы, якая пераўсталявала шклопакеты. Іх кошт склаў 2408 беларускіх рублёў. Аднак работніцы крамы адзначылі, што шкода была згашаны страхавой кампаніяй, а расколіны на вокнах маглі паўстаць і з-за будаўнічых работ, якія праводзіліся побач пры кладцы грунту.
На судовы працэс у якасці сведкі выклікалі і двух знаёмых абвінавачаных. Сярод іх — Дзмітрый Снегіроў, які разам з абвінавачаным Вадзімам Жылінскім быў у цэнтры Брэста 10 жніўня. На судовым пасяджэнні 15 чэрвеня ён заявіў, што нічога не памятае. У сувязі з гэтым суд зачытаў яго паказанні, дадзеныя ў ходзе дасудовага следства 22.01.2021. Там Снегіроў указаў, што разам з Жылінскім пайшоў на мірную акцыю пратэсту.
"У нейкі момант мы згубіліся, але сустрэліся прыкладна ў 23.00 і селі ў таксі. Там Жылінскі распавёў мне, што ў горадзе сталі адбывацца жахі, выбухалі гранаты, супрацоўнікі праваахоўных органаў стралялі гумовымі кулямі, многіх грамадзян затрымалі" — з пратаколу допыту Снегірова.
У верасні Снегіроў зноў сустрэўся з Жылінскім, і той распавёў, што на яго завялі крымінальную справу. У пратаколе допыту Снегірова ад 22.01.2021 таксама ёсць пытанне ад следчага: хто каардынаваў масавыя беспарадкі і ці ажыццяўлялася аплата?
Таксама следчы паказаў Снегірову некалькі відэа — і ён апазнаў там Жылінскага. Той скача на лаўцы і спрабуе зламаць драўляныя сядзенні, а таксама падымае кавалак асфальту і спрабуе яго разбіць аб зямлю, кідае нейкі прадмет у бок супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, Снегіроў, як абвяшчаюць яго паказанні, пазнаў на відэа і сябе — там ён ідзе па Машэрава і трымае ў руках драўляную палку, адламаную ад лаўкі.
Акрамя таго, у пратаколе допыту Снегірова ад 22.01.2021 ёсць наступнае пытанне ад следчага:
"Падчас папярэдняга допыту ад 12.10.2020 на відэа вы Жылінскага не апазнаеце. Аднак [цяпер] пры дэманстрацыі тых жа відэа вы Жылінскага пазналі”.
"Раней падчас допыту ў якасці сведкі ад 12.10.2020 я быў вельмі ўсхваляваны... а [цяпер], супакоіўшыся, я ўспомніў падзеі таго дня — і з поўнай упэўненасцю паведамляю, што на відэа Жылінскі”.
Варта адзначыць, што Снегіроў падчас допыту 12.10.2020 быў сведкам. Аднак падчас допыту 22.01.2021 ён мае статус падазраванага па артыкуле 293 КК РБ. Пазней крымінальная справа ў дачыненні да Снегірова была спыненая. На судзе ён падзяліўся ўспамінамі аб сваёй сустрэчы са следчым:
"Да таго, як на мяне была ўзбуджаная крымінальная справа, я не [даваў паказанняў]. Следчы задаваў пытанне каля 10-20 разоў — але я яму казаў, што не магу сказаць дакладна [не магу ўспомніць і даць паказанні — Заўв .]. Тады следчы сказаў: "сядзь, пасядзі 20 хвілін, я зараз вярнуся". Потым ён вярнуўся — мяне павезлі ў ІЧУ і завялі артыкул 293 частку другую таксама па справе аб масавых беспарадках. Мы са следчым пасядзелі, пагутарылі ... ён сказаў: "Ты разумееш, што мне ад цябе трэба?””
Пачуўшы гэта, абаронцаў абвінавачаных сталі цікавіць пытанні:
- Што менавіта следчы прапаноўваў Снегірову, калі прывёз у ІЧУ?
- Наўзамен спынення крымінальнай справы Снегірову прапаноўвалі пазнаць Жылінскага на відэа?
- Спачатку Снегірова выклікалі ў СК у якасці сведкі. Але ён Жылінскага на відэа не пазнаў — і яго затрымалі. У якасці Снегірова падазраванага дапыталі на наступны дзень — і тады ён ужо пазнаў Жылінскага. Што ж было ў гэты прамежак часу са Снегіровым?
На ўсе гэтыя пытанні снегіроў адказаў невыразна. Абвінавачаны Дзяніс Жук з клеткі таксама спытаў у Снегірова:
«Ці адчувалі вы ціск, калі вас дапытвалі?»
«Так»
«Ці была ў вас сустрэча са следчым без адваката? Хоць бы на адну хвіліну заставаліся вы з ім адзін на адзін?
«Было»
Відэазапісы як доказы віны
У матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца дыскі з відэазапісамі і фотаздымкамі падзей 10 жніўня ў Берасці. Большасць з іх было зроблена ў ходзе выемкі мабільных тэлефонаў і фотаапаратаў грамадзян (у тым ліку і падазраваных па гэтай справе). Таксама ёсць відэазапісы з камер назірання, відэарэгістратараў аўтамабіляў і відэа, зробленае міліцыянтамі з квадракоптара. Ёсць і адно відэа з TUT.BY.
Адзін з абаронцаў звярнуў увагу, што ў пратаколе выемкі мабільных тэлефонаў грамадзян павінна быць паказана, ці адпавядаюць дадзеныя фотакопіі арыгіналу. У сваім хадайніцтве ён паставіў перад судом пытанні:
- Ці можна ўсталяваць пачатак і канец відэазапісы?
- Ці ёсць там прыкметы мантажу?
Суд вырашыў дазволіць гэтае хадайніцтва пасля прагляду дыскаў з відэазапісамі. Што ж на іх?
Запіс з відэаргетыстратара аўтамабіля паказвае, што Сотнікаў як быццам нешта кінуў у бок ДАІ, а затым пачаў уцякаць.
“Па якой прычыне вы ўцякалі?” — спытала дзяржабвінаваўца.
“У машыне была паніка" (Сотнікаў ехаў у гэты момант на таксі — Заўв.)
Яшчэ адзін запіс з камер відэаназірання крамы "Санта" паказвае, згодна з дзяржабвінавачаннем, што "Сотнікаў пайшоў у аптэку і дэманструе два флаконы сваім таварышам, якія ён там купіў".
"Дзе там відаць, што я нешта дэманстраваў? Усе стаяць спіной да мяне..., — адказаў на гэта Антон Сотнікаў. — Можа быць яны спыталі, што я купіў — гэта ж не дэманстрацыя была. Гэта наадварот ваша следства казачнае спрабуе ... [на гэтых словах суд перабівае Сотнікава — Заўв .]”
Адзін з відэазапісаў зроблена ў начны час. Там дзяржабвінавачанне ўбачыла абвінавачанага Юрыя Кузьміча, які апранае будаўнічыя пальчаткі. Але Кузьміч сказаў, што не пазнае сябе на відэа. На фота, дзе тры чалавекі стаяць з паднятымі рукамі перад кардонам з АМАПу, на заднім плане дзяржабвінавачанне таксама ўбачыла Кузьміча.
"Кузьміч, пазнаеце сябе?”
"Ну, чымсьці падобны…”
На адным з відэа бачна, як абвінавачаны Жук проста стаіць у групе грамадзян.
"Я працую ў цэнтры горада, і проста хацеў трапіць на працу", — патлумачыў ён. Сілавікі ж яму гэтага не далі зрабіць, прыстрашыўшы затрыманнем.
Што яшчэ на відэазапісах? Удзельнікі пратэсту 10 жніўня пляскаюць у далоні і крычаць "Сыходзь!", "Складзі шчыты", "Міліцыя з народам". На некаторых відэазапісах відаць, як людзі разбіраюць плітку, лаўкі і выбухаюць салюты. АМАП выкарыстоўвае светлашумавыя гранаты. У адным месцы праспекта Машэрава таксама з розных ракурсаў зафіксавааны момант сутычкі наступаючых сілавікоў з пратэстоўцамі. Адзін з удзельнікаў пратэсту ўдарае нагой у шчыт сілавіка, а другі распыляе пярцовы балончык. Абвінавачаных сярод гэтых людзей няма.
Адзенне і абутак як рэчавыя доказы
Сярод рэчыўных доказаў ёсць і адзенне кожнага з абвінавачаных: красоўкі, майкі (часцей) і шорты. Кожная з рэчаў была прадэманстравана дзяржабвінаваўцамі на судовым пасяджэнні. У кожнага з абвінавачаных дзяржабвінаваўцы пыталіся, ці ў іх тыя знаходзіліся "ў момант здзяйснення злачынства".
"Гваздёлка, гэта ваша майка?"
"Ну калі збоку ад кулі дзірка ёсць, значыць мая".
"Пашкоджанняў няма".
"Значыць падкінулі", — сказаў Раман Гваздзёлка, а затым удакладніў, што магчыма гэтую майку ў яго канфіскавалі ў ходзе ператрусу дома, а 10 жніўня ён быў у іншай.
У Антона Сотнікава з рэчаў прысутнічае яшчэ і тактычныя вайсковыя пальчаткі, а таксама пусты флакон ад «раствору брыльянтавага зялёнага». Антон адзначыў, што пальчаткі купляў у 2018 годзе.
"Не памятаю, нават дзіўна, што ён не пабіты", — адказаў Сотнікаў на пытанне, ці яго гэта флакончык.
Працяг судовага пасяджэння запланавана на 6 ліпеня ў 10.30.
У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 чалавек за "масавыя беспарадкі" пасля выбараў