viasna on patreon

Патрабуем неадкладна спыніць катаванні і крымінальны пераслед па арт. 411 КК ў дачыненні да зняволенага Арцёма Анішчука

2021 2021-06-16T11:16:17+0300 2021-06-16T11:30:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/anischuk_909.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Як нам стала вядома з публікацый СМІ і паведамленняў родных, на асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі Арцёма Анішчука, які адбыае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 г. Магілева, з боку адміністрацыі гэтай установы ажыцяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару.

Прычым, па словах Арцёма, гэтыя дзеянні ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца на працягу месяца ад самага пачатку знаходжання ў гэтай калоніі. Пры гэтым да зняволенага па надуманных і незаконных падставах не дапускаюць адваката, а таксама памяшчаюць яго ў ПКТ і ШІЗА.

Пратэстуючы супраць катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, Арцём здзейсніў акт членашкодзніцтва – праглынуў металічны прадмет.

Таксама мы валодаем інфармацыяй аб узбуджэнні ў дачыненні да Арцёма Анішчука крымінальнай справы па арт. 411 КК (сістэматычнае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), што пагражае павелічэннем тэрміна знаходжання ў месцах пазбаўлення волі да яшчэ аднаго года звыш прызначанага тэрміну.

Трэба адзначыць, што ў нас ёсць ўсе падставы меркаваць аб перадузятым і селектўным падыходзе адміністрацыі ПУ да Арцёма Анішчука, паколькі злачынства, у якім ён прызнаны вінаватым, зроблена пад уплывам абурэння жорсткасцю супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстуючых у жніўні 2020 г., а пацярпелым па справе прызнаны Аляксандр Гейц - намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай работы ў ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, адзначаем наступнае:

Свабода ад катаванняў з’яўляецца абсалютным і не падлягаючым ніякім абмежаванням правам. Выкарыстанне катаванняў з’яўляецца злачынствам, адказнасць за якое прадугледжваецца ў тым ліку і беларускім нацыянальным заканадаўствам. Акрамя таго, ратыфікаваўшы Канвенцыю супраць катаванняў ААН, Рэспубліка Беларусь добраахвотна ўзяла на сябе абавязацельствы не прымяняць катаванні і прымаць меры па эфектыўным раследванні ўсіх актаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй.

Узбуджэнне крымінальнай справы па арт. 411 КК, на нашую думку, сведчыць аб выключна выбарачным падыходзе з боку адміністрацыі калоніі да Арцёма Анішчука, заснаваным на помсце за здзейсненыя ім супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўніка МУС. 

ПЦ “Вясна” неаднаразова адзначаў, што практыка выкарыстання арт. 411 у дачыненні да зняволеных мае заганны характар, скіраваны ў тым ліку на аказанне палітычна матываванага ціску.

Мы адзанчаем, што ў выпадку прыцягнення Арцема Анішчука да крымінальнай адказнасці па арт. 411, пры такіх акалічнасцях ягонага пераследу ў беларускай правабарончай супольнасці будуць усе падставы для прызнання яго палітычным зняволеным.

Мы заклікаем улады Беларусі:

  1. Прыняць неадкладныя захады, скіраваныя на спыненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да зняволенага папраўчай калоніі № 15 Арцёма Анішчука.
  2. Распачаць эфектыўнае расследванне ўсіх фактаў катаванняў, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да Арцёма Анішчука службовымі асобамі ПК № 15 і адхіліць іх ад займаных пасадаў на перыяд правядзення следства.
  3. Неадкладна дапусціць да Арцёма Анішука адваката ў мэтах аказання яму гарантаванай арт. 62 Канстытуцыі Беларусі, Крымінальна-працэсуальным і Крымінальна-папраўчым кодэксамі прававой дапамогі.
  4. Прыняць захады па аказанні неабходнай медыцынскай дапамогі.

У калоніі на Арцёма Анішчука ўзбудзілі новую "крыміналку", але да яго не пускаюць адваката і пазбавілі спатканняў да жніўня

На асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў", у Магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы). Папярэдняя прычына новай "крыміналкі" — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца. Але некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат не могуць з ім звязацца, ад самога асуджанага не паступае ніякіх звестак.

Арцём Анішчук у магілёўскай калоніі праглынуў металічныя прадметы, каб яго спынілі катаваць

Жонка асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў" Арцёма Анішчука ў Магілёўскай калоніі паведаміла, што да яго змог трапіць адвакат. Падчас сустрэчы высветлілася, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15, піша "Новы Час".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства