«Ён дастаў белую каністру з вадкасцю і сказаў: "Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура?"» Чарговае сведчанне катаванняў у Фрунзенскім РУУСе ў траўні
Праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць і дакументаваць гісторыі катаванняў і збіцця, якія зараз актыўна выкарыстоўваюць супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа Мінска ў дачыненні да беларусаў за іх грамадска-палітычную актыўнасць. Як распавядаюць пацярпелыя, шляхам катаванняў і збіцця ў іх выбіваюць неабходныя адказы на пытанні наконт "дэструктыўных" тэлеграм-каналаў. Праваабаронцам распавядаюць пра ўсё новыя і новыя "метады працы", якія выкарыстоўваюцца ў РУУСе Фрунзенскага раёна: удушэнне шнуркамі, і збіццё ў баксёрскіх пальчатках, паяльнік і электрашокер. На гэты раз хлопец, які сутыкнуўся з жорсткасцю ў Фрунзенскім РУУСе, распавёў "Вясне назірае" пра новыя спосабы катаванняў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і сваіх сукамернікаў.
Загадалі ўсім членам сям'і ўзяць з сабой у РУУС тэлефоны
У канцы траўня ўвечары дадому да сям'і Іллі (імя хлопца змененае ў мэтах бяспекі) прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі і "прапанавалі" зняць "пратэсную сімволіку з вокнаў". Сям'я хлопца адразу зрабіла гэта. Але праз пару гадзін да іх пагрукаліся ўжо новыя супрацоўнікі, і сказалі, што ім паступіў загад затрымаць усіх, хто знаходзіцца ў кватэры, а пры адмове праехаць з імі "будзе толькі горш". У размове па тэлефоне адзін з супрацоўнікаў, аглядаючы кватэру, паведаміў камусьці, што "жывуць яны нядрэнна". Пры гэтым, супрацоўнікі загадалі ўсім членам сям'і ўзяць з сабой у РУУС тэлефоны.
У Фрунзенскім РУУСе Іллю запрасілі ў кабінет на размову з начальнікам аддзела аховы Фрунзенскага РУУСа Аўсеенкам Максімам Сяргеевічам. Старэйшы лейтэнант міліцыі стаў "правяраць" тэлефон Іллі на наяўнасць telegram, але ў хлопца ён быў схаваны, таму Ілля сказаў, што яго няма. Праз нейкі час Аўсеенка ўсё ж такі знайшоў прыладу:
«У гэты момант ён закрычаў: "Э, б***ь, ён спрабаваў мяне н*****ь! Гэты д*****б паспрабаваў падмануць падманшчыкаў! Ды ты цяпер у космас паляціш!" »
Пасля гэтага Іллю адправілі да міліцыянта, якога, па словах хлопца, клікалі Серж. Яго задачай было складанне пратаколу, але ён таксама цікавіўся, ці не з'яўляецца Ілля адміністратарам telegram-каналаў:
«Серж даў мне на подпіс пратакол, у якім быў пазначаны артыкул 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ён мне патлумачыў, што ў мяне ўжо ёсць парушэнне па артыкуле 24.23 КаАП, таму па ёй мне пагражае 30 сутак, але, каб мяне не пасадзілі на такі тэрмін, мне напісалі дробнае хуліганства. У тэксце пратаколу было сказана, што я "лаяўся матам, паводзіў сябе агрэсіўна, кідаўся са стала пісьмовымі прыладамі, на заўвагі не рэагаваў". Пры гэтым раскладзе справаў мне абяцалі максімум папярэджанне. Потым да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што мой тэлефон выдаляюць з вопісу і яго потым можна будзе забраць».
«Ведаеш, што гэта такое? Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура і гэты пах?»
Пасля падпісання пратаколу Іллю зноў чакала сустрэча са старшым лейтэнантам Аўсеенкам:
«Пазней мяне зноў паклікаў Аўсеенка і пачаў запытвацца, ці няма ў мяне яшчэ чаго-небудзь схаванага. Я ўсё адмаўляў. Тады мяне пасадзілі на крэсла, а ён дастаў электрашокер і пачаў пагражаць ім, пры гэтым, моцна ўтрымліваючы мяне адной рукой і ўключаючы электрашокер побач са мной. Падчас гэтага ён неаднаразова крычаў: "Б***ь, с**а, я цябе яшчэ раз пытаюся, ці няма ў цябе прылады для рассылання? Мамай кляніся, што няма!" Гэта працягвалася некалькі хвілін. Пасля гэтага ён дастаў белую каністру, на дне якой плёскалася вадкасць. Ён сказаў: "Ведаеш, што гэта такое? Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура і гэты пах?" І пачаў біць ёю мяне па галаве. Але пасля некалькіх удараў па боку галавы, ён спытаў, як маё самаадчуванне, на што я адказаў, што ў мяне шуміць у галаве, і тады ён задаволены паставіў каністру на месца. Пасля гэтага Аўсеенка ўзяў іржавую сякеру і сказаў, што гэта яна ў крыві, на што я адказаў: "Дык яна проста іржавая". Ён стаяў у дзвух метрах ад мяне, а потым пачаў ёю размахваць і рабіць намах так, быццам ён цяпер у мяне яе запусціць. Крыху пазней ён даў мне па галаве некалькі "фофанаў" і здзівіўся таму, што я ўжо ніяк не рэагаваў на гэта, і сказаў: "Б***ь, ды ты крэмень!". А далей ён выйшаў і сказаў: "Ну што, Серж, паверым яму?"»
«У Фрунзенскім РУУСе было запланавана прафілактычнае мерапрыемства»
Далей Іллю чакаў "пераезд" на газэлі ў ІЧУ на Акрэсціна. У камеры было шэсць чалавек на тры ложкі. Спалі ўсе без матрацаў і з пастаянна ўключаным святлом. У камеры, па словах хлопца, было вельмі холадна. На наступны дзень пасля абеду яго адвялі ў пакой для допытаў, дзе па skype над маладым чалавекам прайшоў суд. У рапарце міліцыянта было сказана, што «ў Фрунзенскім РУУСе было запланавана прафілактычнае мерапрыемства з грамадзянамі з мэтай недапушчальнасці іх удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, падчас якога Ілля паводзіў сябе агрэсіўна і абуральна, гучна крычаў, скінуў са стала пісьмовыя прыналежнасці, на заўвагі не рэагаваў». Суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна асудзіла Іллю на 13 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Перад сном усе слухалі казкі з «1000 і 1 ноч», якія на памяць распавядаў дызайнер Ян
Пасля суда Іллю перавялі ў ЦІП на Акрэсціна, дзе ён заставаўся да канца свайго тэрміну. Першапачаткова хлопец суткі сядзеў у камеры №5 з чатырма мужчынамі, двое з якіх былі тэхнічнымі работнікамі студыі "Белсат". На наступны дзень пасля абеду Іллю і гэтых дваіх хлопцаў перавялі ў аднамесную камеру №6, плошча якой склала 7,5 метраў квадратных. У ёй была толькі адна "койка", прышпіленая да сцяны; крэсла, умантаванае ў падлогу; кран, з якога заўсёды цякла вада, і да якога была прывязаная нітка, і па якой сцякала вада ў сцёк; кафляная падлога і туалет.
Ілля таксама распавёў, што ў кожную камеру, дзе сядзяць «палітычныя», падсялялі бяздомных, пасля якіх у некаторых зняволеных з'яўляліся вошы. У камеры з ім сядзеў таксама бяздомны Аляксандр Кутас, пра якога мы нядаўна пісалі. За яго палітычныя перакананні ён адседзеў ужо каля 100 сутак, а ў чэрвені на Акрэсціна адсвяткаваў сваё 59-годдзе.
Сукамернікі дзяліліся адзін з адным цікавымі гісторыямі свайго жыцця, гулялі ў "мафію", "банку" і "ёсць кантакт". Гэтак жа Ілля распавёў, што заўсёды сядзеў з цікавымі і адукаванымі сукамернікамі, якія дзяліліся ведамі па іх спецыяльнасці: яны распавядалі адзін аднаму і пра стратнасць прадпрыемстваў Ленінскага раёна, і пра гісторыю Беларусі, і пра прынцыпы працы алгарытмаў у праграмаванні, а перад сном усе слухалі казкі з «1000 і 1 ноч», якія на памяць распавядаў дызайнер Ян з чатырма вышэйшымі адукацыямі.
«Для зручнасці я падкладваў туфлі пад галаву»
«У нас было пяць праверак у дзень: у 9:00, у 16:00, у 20:00 і дзве «пераклічкі» ў 2:00 і ў 4:00. Спалі мы на кафлянай падлозе. Для зручнасці я падкладаў туфлі пад галаву і дасцілаў пінжак так, каб не адмарозіць спіну. Днём у камеры было душна, бо вокны былі зачыненыя. Кожны дзень падчас ранішняй праверкі нам на падлогу разлівалі вядро з хлоркай, якую мы збіралі анучамі ў смеццевае вядро і вылівалі ў туалет для таго, каб яго таксама трымаць у чысціні. Над гэтым жа вядром мылі і посуд. Праз некалькі дзён нам прынеслі два кавалкі мыла. Пасля таго, як мы "збіралі" хлорку з падлогі, мы пачыналі махаць верхняй вопраткай, каб падлога хутчэй высахла і было не так душна», — распавёў Ілля.
У адзін з дзён да хлопца для гутаркі прыйшоў участковы з Фрунзенскага РУУСа і спытаў, як яму "тут сядзіцца", а потым патлумачыў, што негледзячы на той артыкул, які яму паставілі ў віну, яны «ўсё выдатна разумеюць, што сядзіць Ілля за пікет». А потым участковы дадаў, што «да Новага года яны перасаджаюць усіх, да каго дацягнуцца, а калі на хлопца знойдуць яшчэ што-небудзь, то і яго ў тым ліку».
«Па сценах цякла вада»
У камеры №6 Ілля прабыў шэсць начэй. Потым яго перавялі ў камеру «лепш за тую»: было чатыры ложкі на 10 метраў квадратных і ракавіна з гарачай вадой. Там ён змог памыцца і памыць рэчы. Але праз пару гадзін у камеру прывялі яшчэ некалькі чалавек, дзе, у выніку, на чатыры ложкі было 17 чалавек:
«У нас былі зачыненыя вокны, таму цяжэй рабілася з кожнай хвілінай. Мы клаліся спаць наступным чынам: самых "вялікіх" размясцілі па ложках, пад ложкамі ляжалі па два чалавекі, два чалавекі пад сталом, па чалавеку на лаўку, адзін пад дзвярыма, адзін пад ракавінай і тыя, што засталіся ў цэнтры, а я спаў паміж лаўкай і батарэяй, прама пад акном. У камеры была настолькі высокая вільготнасць, што па сценах цякла вада, візір у дзверы цалкам запацеў, па дзверы сцякалі ручаі, а з верху капала вада. Праз некаторы час адзін мужчына пачаў жаць на кнопку і патрабаваць адкрыць акно. Ахова сказала, што акно адкрыюць пасля абеду, але пакінулі нам адкрытую "кармушку". Пасля абеду нам нарэшце адкрылі акно і я ўпершыню ў камеры ўдыхнуў свежага паветру».
Праваабаронцы звяртаюць увагу, калі вы ці вашы блізкія сутыкнуліся са збіццём супрацоўнікамі міліцыі, фізічным або маральным ціскам, жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем, дрэннымі ўмовамі ўтрымання раскажыце пра гэта у тэлеграме @ViasnaDOC або на пошту: viasnadoc@spring96.org.
«Ён надзеў мне на галаву баксёрскі шлем, сабе – баксёрскія пальчаткі і пачаў біць…» Катаванні ў Фрунзенскім РУУС гэтай вясной