viasna on patreon

Патрабуем перагляду прысуду і вызвалення палітвязня Сяргея Моніча

2021 2021-06-16T18:19:46+0300 2021-06-21T11:15:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/monich_siarhey.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі ў сувязі з асуджэннем да пазбаўлення волі Сяргея Моніча

Мінск, 16 чэрвеня 2021 г.

Сяргей Моніч прысудам суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 2.04.2021 г. асуджаны за нанясенне надпісаў «АМАП – забойцы», «3%» па ч. 1 арт. 339 КК да 1 года пазбаўлення волі, за нанясенне надпісу «Кубракоў – фашыст» па арт. 369 КК да 3 месяцаў арышту, а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку – марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту па ч. 1 арт. 328 КК да 2 гадоў пазбаўлення волі. Шляхам частковага складання пакаранняў яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дачыненні да пераследу Сяргея Моніча па арт. 339 і 369 за нанясенне надпісаў пратэстнага характару мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы неаднаразова выказаныя намі патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесная заява ад 22 снежня 2020 г.), лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Моніча па арт. 339 і 369 КК палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.

Адносна асуджэння Сяргея Моніча па ч. 1 арт. 328 КК мы прыходзім да наступных высноваў (падрабязна – у Заключэнні):

Вывучэнне практыкі судоў паказвае, што пазбаўленне волі па ч. 1 арт. 328 КК прызначаецца пры рэцыдыве злачынстваў або здзяйсненні гэтага злачынства ў сукупнасці з іншымі цяжкімі злачынствамі.

Такім чынам, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады за захоўванне без мэты збыту нязначнай колькасці наркотыку – марыхуаны масай 0,1 г з'яўляецца відавочна непрапарцыйным, неадэкватным правапарушэнню па працягласці і ўмовах пазбаўлення волі; мы таксама ўпэўненыя ў тым, што Сяргей Моніч быў пазбаўлены волі па гэтым складзе выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

У адпаведнасці з Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватым;
  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Моніча палітычна матываваным, а яго самога палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.2 (c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагляду прынятых у дачыненні да Сяргея Моніча мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а таксама яго вызвалення з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр " Вясна";

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве " Хьюман канстанта";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства