Заява аб прызнанні Міхаіла Добыша палітвязням
Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі
Мінск, 16 чэрвеня 2021 г.
Прысудам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Міхаіл Добыш прызнаны вінаватым у тым, што 17 верасня 2020 года ў памяшканні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў маёра міліцыі І. Міцуры здзейсніў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да І. Міцуры, якая выказалася ў "псіхалагічным уздзеянні і запалохванні, падаўленні яго волі пры асабістым выказванні славесных пагроз аб прымяненні фізічнага гвалту, пры гэтым пацярпелы меў рэальныя падставы баяцца ажыццяўлення гэтых пагроз", і яму на падставе арт. 364 прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.
Вывучыўшы абставіны справы, прыходзім да высновы аб тым, што крымінальны пераслед М. Добыша мог мець на мэце дэманстратыўна жорстка спыніць любыя праявы пратэстнай актыўнасці, у тым ліку – дзеянні па дэананімізацыі супрацоўнікаў МУС, якія маюць дачыненне да катаванняў. Ацэнка доказаў па розных аспектах справы праведзена альбо супярэчліва, альбо няправільна, з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Прымяненне ўнутранага заканадаўства ў справе і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязацельства ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці. Такім чынам, парушана права абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе па абвінавачванні Міхаіла Добыша па артыкуле 364 КК
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Міхаіла Добыша палітычна матываваным, а яго самога палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.2 (A, b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагляду прынятых у дачыненні да Міхаіла Добыша мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а таксама яго вызвалення з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Ініцыятыва FORB";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларусі ПЭН-цэнтр;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".