viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 17 і 18 чэрвеня Дапоўнена

2021 2021-06-18T15:50:00+0300 2021-06-18T15:29:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tut.by_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Публікуем вядомыя факты палітычнага пераследу за 17 і 18 чэрвеня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 18 чэрвеня 

ГУБАЗіК хоча прызнаць экстрэмісцкім партал Tut.by і ўсе ягоныя сацсеткі. Гэта вынікае з заявы МУС Беларусі, накіраванага ў суд Цэнтральнага раёну Мінска, ТАА «Тут Бай медыя» і Мінінфарм, паведамляе сам Tut.by.

У заяве МУС гаворыцца пра тое, што ў ходзе маніторынгу інтэрнэту ў лютым гэтага году на партале і ў сацсетках партала знайшлі «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры аналізе матэрыялаў «выяўленыя прыкметы экстрэмізму».


Адваката Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі — пра гэта ён даведаўся на судовым пасяджэнні. У выніку суд па «кватэрным пытанні» з пракуроркай Касьянчык не адбыўся. 

Сёння Мачалаў абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык. Спачатку пасяджэнне закрылі, але пазней стала вядома, што суд увогуле не адбыўся. Суддзя абвесціла, што адвакат Мачалаў быў пазбаўлены ліцэнзіі яшчэ 30 траўня. У выніку паседжанне пачнецца зноў, але толькі 25 чэрвеня.

Сам адвакат пацвердзіў інфармацыю:

«Пра тое, што я пазбаўлены ліцэнзіі, я даведаўся сёння. Будзем разбірацца, калегія мне нічога не паведамляла. Адпаведна, прычыну я назваць таксама не магу».

Андрэй Мачалаў неаднаразова прымаў удзел у палітычных працэсах, напрыклад, абараняў журналістку Кацярыну Барысевіч.

Як удакладніў TUT.BY,  падставаю для гэтага стаў каментар, які ён даў у справе палітзняволенай Вольгі Залатар, інтарэсы якой абараняў. Адвакат распавёў, што ў дачыненні да Вольгі прымянялася псіхалагічны і фізічны гвалт. Дысцыплінарная камісія палічыла гэта парушэннем прафесійнай этыкі.


Як паведамляе МУС, яшчэ два чаты і канал у «Telegram» прызнаныя экстрэмісцкімі: «Солигорск для жизни чат», «СОЛИГОРСК ЧАТ» и «HOME Солигорск/Слуцк». Адпаведная пастанова прынятая 16 чэрвеня судом Салігорскага раёна. Падставай для гэтага сталі матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Мінскай вобласці.

Пераслед 17 чэрвеня

Да незалежнага журналіста і краязнаўцы з-пад Докшыцаў Кастуся Шыталя прыйшлі з ператрусам. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта адмініструе мясцовы Telegram-чат, у якім карыстальнікі «абражаюць» супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 

Кастусь Шыталь, архіўнае фота

«Быў ператрус, забралі ўсю тэхніку, — напісаў Кастусь Шыталь на сваёй старонцы ў Facebook. — Ператрус праводзілі ў рамках крымінальнай справы, заведзенай па арт. 369 на падставе некалькіх паведамленняў у чаце „Докшыцы для жыцця“. Паводле сілавікоў, там змешчаныя абразы трох супрацоўнікаў Докшыцкага РАУС».

Кастусь Шыталь удакладніў, што мае статус сведкі. У пастанове на ператрус пазначана, што ў яго як у «адміністратара чату» (гэта журналіст катэгарычна абвяргае) могуць быць матэрыялы, патрэбныя следству.


У 18-м інтэрнаце БНТУ затрымлівалі студэнта ФММП. Раніцай невядомыя прыйшлі ў інтэрнат і запыталіся ў вахцёра, дзе жыве непаўнагадовы студэнт першага курса Яўген Дзенісенка. Прычынай свайго візіту яны назвалі гутарку з Яўгенам. Аднак замест гутаркі невядомыя забралі хлопца. Раней Яўгена затрымлівалі за стужачкі на заплечніку. Паведамляецца, што хлопца адпусцілі пасля размовы.

Нагадаем, што гэта ўжо трэцяе затрыманне ў БНТУ за чатыры дні.


Таксама праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне ў Мінску Паўла Яіцкага, у Гродне — Максіма Барадаўкі. Прычыны іх затрымання высвятляюцца.


Супраць жыхаркі Мінску пачалі дзве крымінальныя справы за TikTok-відэа каля Вечнага агню.

У пастанове Следчага камітэту гаворыцца сутнасць абвінавачанняў:

«Накінуўшы на плечы сцяг бел-чырвона-белых колераў цынічна пазіравала і ўсаджвалася ягадзіцамі на мармуровую пліту, устаноўленую на рытуальнай пляцоўцы з Вечным агнём і абеліскам на плошчы Перамогі».

Дзяўчыну вінавацяць у «здзеку з помніка абаронцу Айчыны» (ч. 2 арт. 346 КК), а таксама ў «хуліганстве» (ч.1 арт. 339 КК). Санкцыя кожнага з артыкулаў прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі.


У Бэсце знішчаюць тэатр «Крылы Халопа». Пра гэта «Белсату» паведаміла кіраўніца тэатру Аксана Гайко, якая сёння атрымала ліст з адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця. Яго падпісаў першы намеснік кіраўніка Вячаслаў Мятліцкі.

Закрыць тэатр прапанавала 14 чэрвеня пракуратура гораду, а адміністрацыя адразу ж пагадзілася. Нібыта тэатр вядзе дзейнасць, якая не адпавядае заяўленым мэтам. У выніку адміністрацыя пастанавіла ліквідаваць «Крылы Халопа».

«Праводзілася фінансавая праверка, парушэнняў знайсці не ўдалося, і тады яны нас знішчылі проста ў загадным парадку. Прычым не прыводзячы ніякіх фактаў парушэння статуту», – кажа Аксана Гайко.

«Крылы Халопа» – гэта адзін з самых вядомых незалежных тэатраў Беларусі, творчая прастора і галерэя.


Увечары 17 чэрвеня на канцэрце «Кино» ў Мінску як мінімум аднаго гледача забраў АМАП.Падчас песні «Мы ждём перемен» адзін з гледачоў разгарнуў дзяржаўную сымболіку, чым выклікаў незадаволенасць некалькіх іншых прысутных — пачалася спрэчка. Пад канец выканання песні чырвона-зялёныя сцягі разгарнулі яшчэ трое гледачоў. Некалькі чалавек уступілі з імі ў кантакт, адзін з іх спрабаваў перашкодзіць выкарыстаньню сцягоў. У выніку як мінімум аднаго з гледачоў, якія выказалі незадаволенасць, вывелі з залі амапаўцы.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства