viasna on patreon

Паўтара года калоніі прысудзілі Максіму Ялканаву з Рэчыцы за тэлефанаванні сябрам і сваякам

2021 2021-06-18T16:36:16+0300 2021-06-18T18:14:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/elkanov_maxim_sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Ялканаў падчас прысуду. Фота "Гомельская Вясна"

Максім Ялканаў падчас прысуду. Фота "Гомельская Вясна"

У судзе Цэнтральнага раёна 18 чэрвеня скончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Максіма Ялканава, якога абвінавацілі ў арганізацыі ў Гомелі і Рэчыцы групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Пра гэта піша "Палеская Вясна".

Тое, што карныя органы цяперашняй улады ў Беларусі палічылі арганізацыяй нейкіх парушэнняў парадку – гэта некалькі тэлефанаванняў Максіма Ялканава сваім даўнім сябрам, роднаму і стрыечнаму братам з прапановай прайсціся ў цэнтр Рэчыцы і, магчыма, з’ездзіць у Гомель. Летась 10 жніўня Максім і некаторыя ягоныя сябры, прагледзеўшы відэаролікі з вуліцаў і плошчаў Мінску ды іншых гарадоў, былі дужа ўзрушаныя зверствамі сілавікоў супраць бяззбройных мірных дэманстрантаў у шортах і майках, якія выйшлі, каб выказаць сваю нязгоду з масавымі фальсіфікацыямі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі напярэдадні.

Максім прапанаваў пасля працы сустрэцца на альтанцы на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы і адтуль прайсці на плошчу ў цэнтры горада. Хлопцы хацелі пабачыць, ці сапраўды ў гарадах Беларусі адбываюцца гэткія жорсткія сутыкненні паміж насельніцтвам і ўрадавымі структурамі. Ужо на плошчы, дзе не адбывалася нічога, што можна было б лічыць парушэннем парадку, хлопцы вырашылі з’ездзіць у Гомель і пабачыць, як праходзяць пратэсты ў другім па велічыні горадзе краіны.

У Гомелі пяцёра сяброў паспелі толькі выйсці з прыпаркаванай машыны і прайсці некалькі соцень метраў, як былі затрыманыя сілавікамі. Яны нават не бачылі аніякіх пратэстных падзеяў.

"Апаненцікі едуць". У судзе над Максімам Ялканавым з Рэчыцы дапыталі сведкаў

На працягу трох судовых пасяджэнняў праходзіў допыт сведкаў. Усе, каго дапытвалі – сябры Ялканава, якія былі разам з ім 10 жніўня 2020 года.

Максім Ялканаў падчас судовага паседжання цалкам прызнаў віну. Дзяржабвінаваўца – намесніца пракурора Гомеля Ірына Курбацкая ў спрэчках адзначыла, што Ялканаў супрацоўнічаў са следствам, прызнае віну і, як ёй падаецца, шчыра раскайваецца. Але яна запрасіла ў суда ізаляваць Максіма Ялканава ад грамадства, прызначыўшы яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.

kurbackaia_prakuror.jpg
Дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая. Фота "Палеская Вясна"

У сваім апошнім слове Максім Ялканаў сказаў, што ён «шчыра шкадуе пра тое, што ўчыніў дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, тым самым здзейсніў злачынства», паабяцаў, што ў будучыні прыкладзе максімум намаганняў, каб прынесці карысць дзяржаве, выбачыўся перад маці за тое, што прымусіў яе хвалявацца, і папрасіў суд не ўжываць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, а «даць апошні шанец», выказаў абяцанні, што «больш ніколі не будзе здзяйсняць парушэнні закона». Звонку апошняе слова Ялканава выглядала як паўтарэнне завучаных штампаваных фразаў.

18 чэрвеня суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў справу, вынес Максіму Ялканаву прысуд. Ён пастанавіў прызнаць яго вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Салоўскі прызначыў Ялканаву пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін адбыцця пакарання залічваецца час знаходжання палітвязня пад вартай з 9 сакавіка 2021 года з разліку адзін дзень утрымання пад вартай за адзін дзень адбыцця пакарання. 


Максім Ялканаў быў прызнаны палітзняволеным. Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства