viasna on patreon

Гамельчука пачалі судзіць за "тры ўдары нагой" міліцыянту падчас аднаго з маршаў

2021 2021-06-21T15:05:02+0300 2021-06-21T15:12:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/larchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля пачаў разглядаць справу 24-гадовага Паўла Ларчыка.

Яго вінавацяць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава

"Нанёс тры ўдары нагой"

Паўла вінавацяць у гвалце над міліцыянтам — інспектарам Чыгуначнага АУСу Паўлам Шапавалавым на Маршы пратэсту 20 верасня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, калі Шапавалаў затрымліваў Ларчыка, хлопец "нанёс тры ўдары нагой Шапавалаву — у апошняга былі крывападцёкі".

"Бачыў на відэа, што брыкаўся"

Абвінавачаны пацвердзіў, што 20 верасня разам з палітвязнем Аляксеем Губічам браў удзел у Маршы пратэсту і меў дзяржсцяг узору 1994 года, рухаўся ў складзе калоны, паведамляе "Гомельская Вясна". Міліцыянты казалі праз гукаўзмацняльнік, што акцыя незаконная, перакрылі счэпкай рух, але натоўп прайшоў скрозь яе. Пасля гэтага пачаліся затрыманні ўдзельнікаў марша.

"Я быў побач з натоўпам, мужчына працягнуў руку, я яе ўзяў, — распавёў Павел Ларчык. — Але нехта схапіў мяне з-за спіны: гэты мужчына спрабаваў мяне скруціць. Я не бачыў, хто гэты чалавек і ці быў ён у форме. Я страціў раўнавагу і ўпаў на спіну. Нехта схапіў мяне за вопратку — я стаў вырывацца. Мяне цягнулі за ногі — я хацеў вызваліць ногу ад захопу. Я адчуў што датыкнуўся кагосці, але гэта быў не моцны ўдар. У мяне былі даўгія валасы, яны закрылі твар, я не бачыў, ці былі ў форме тыя, хто мяне цягнуў. Бачыў на відэа затрымання, што брыкаўся секунд пяць.

Я лічу, што ўсё было маёй вялікай памылкай, што так усё адбылося. Прашу прабачэння перад Шапавалавам. Раскайваюся. Пасля гэтага паехаў дадому, катаўся па горадзе. Мяне затрымалі па шляху ў Менск, думаў, што будзе адказнасць за брыканне, і з’ехаў". 

"Не магу сказаць, ці бачыў мяне абвінавачаны"

Пацярпелы Павел Шапавалаў кажа, што з 8-й раніцы 20 верасня быў на ахове грамадскага парадку ў камізэльцы "інфармацыйная група", у яго быў гукаўзмацняльнік: праз яго міліцыянт агучваў, што мерапрыемства несанкцыянаванае, за яго прадугледжаная адказнасць, паведамляе "Гомельская Вясна".

"Але ўдзельнікі не рэагавалі, ішлі далей, — распавёў Павел Шапавалаў. — Калі ўдзельнікі прарвалі ачапленне АМАПУ, пачаўся сумбур. Абвінавачаны выглядаў знешне інакш, у яго быў заплечнік, а на ім сцяг узора 1994 года. Калі ён пайшоў да амапаўца, я падбег да яго і схапіў за тулава, пасля адчуў удар ззаду па нагах і ўпаў на дарогу. Ён ляжаў на спіне, я трымаў яго ногі, ён нанасіў удары — два ці тры. У яго былі доўгія валасы, ён мяне не бачыў. Я стаў яго затрымліваць, бо Ларчык пайшоў у бок амапаўца, які стаяў спіной. Іншыя пратэстоўцы абвінавачанана адцягнулі.

Ларчык запомніўся, бо там былі толькі тры чалавекі са сцягамі, у абодвух сяброў — Ларчыка і Губіча — былі даўгія валасы ў хвасце. Я не магу сказаць, ці бачыў мяне абвінавачаны. Ня ведаю, якое пакаранне павінны панесці Ларчык — як вырашыць суд. Маральную шкоду я не маю намер спаганяць”.

"Перадала відэа"

Сведка па справе — Аляксандра Турчына. Яна распавяла, што ў той дзень убачыла скопішча людзей на вуліцы Пушкіна, якое "не кожны раз бачыць", таму пачала здымаць тое, што адбываецца. Яна не цікавілася гэтым відэа, пакуль у сацсетках не ўбачыла просьбу даслаць відэа за гэты дзень, у каго яно ёсць: яна перадала знятае відэа супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Якія вынікі медычнай экспертызы?

Згодна з высновамі медэксперта, у Шапавалава "меліся падцёкі, ранкі на галаве, якія ўтварыліся не менш чым ад трох траўміруючых уздзеянняў тупым прадметам". Пашкоджанні не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя і нязначнай страты працаздольнасці. Таксама агучана, што "не ўяўляецца магчымым" сказаць, ці маглі цялесныя пашкоджанні ўтварыцца пры абставінах, пазначаных Шапавалавым, таму што ён ў сваіх паказаннях не дэталізуе, у якія вобласці галавы наносіліся пашкоджанні.


Разгляд справы працягнецца другога ліпеня а 10-й гадзіне. Будуць прагледжаныя матэрыялы справы, пройдуць спрэчкі бакоў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства