На тры гады "хіміі" асудзілі вакаліста гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава Відэа
У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 21 чэрвеня з апошнім словам выступіў абвінавачаны – вакаліст гурта Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў. Пасля перапынку суд вынес рашэнне. Пра гэта піша “Палеская Вясна”.
Музыку абвінавачвалі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса ў абразе прадстаўніка ўлады – старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.
Цікава, што сёння на пачатак працэса суддзя Сяргей Кармановіч, які разглядае справу музыкі, прыйшоў без мантыі, абвясціў спрэчкі бакоў, якія ўжо адбыліся на папярэднім пасяджэнні. Пракурорка Таццяна Гаркуша патлумачыла суддзі, што раней яна ўжо выказала сваю пазіцыю і запрасіла для Наважывала пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
Для музыкі Уладзіслава Наважылава за абразу старшыні выканкама запрасілі 3 гады "хіміі"
Тады Сяргей Кармановіч прапанаваў абвінавачанаму выступіць з апошнім словам.
“Я ў такой сітуацыі ўпершыню, таму не ведаю, што трэба казаць. Але я хацеў бы сказать толькі адзінае: ад вашага рашэння залежыць лёс маёй сям’і, таму што я на дадзены момант адзіны карміцель. Кватэру мы здымаем, і калі мяне не будзе, то фактычна сям’я апынецца на вуліцы.
Я б хацеў заставацца ў сям’і і далей працаваць”, - сказаў Уладзіслаў Наважылаў.
У судзе быў абвешчаны перапынак да 15.40 гадзін для вынясення прысуду.
Сваім рашэннем суддзя Сяргей Кармановіч прызнаў Уладзіслава Наважылава вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і асудзіў яго да абмежавання волі тэрмінам на тры гады з адбыццём пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.