Мужчына павесіў БЧБ-сцяг ля школы і пасварыўся з вартаўніком. Яго адправілі ў калонію на два гады
У судзе Мінскага раёна адбыўся разгляд крымінальнай справы супраць жыхара аграгарадка Замасточча Сяргея Міселі, абвінавачанага паводле ч. 1 артыкула 366 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы). Да суда Сяргей працаваў мэнэджэрам па продажах, ён жанаты, выхоўвае дзяцей трох і шасці гадоў.
Ноччу з 13 на 14 лістапада мінулага года Сяргей Міселя прыйшоў на тэрыторыю сярэдняй школы ў Замасточчы з бел-чырвона-белым сцягам і драбінамі, каб павесіць яго над уваходам у школу. Таксама пры сабе ў яго было мачэтэ. Сяргей змог павесіць сцяг, але на шум з будынка школы выбег вартаўнік. Ён запатрабаваў зняць сцяг, але Міселя адмовіўся гэта зрабіць, дадаўшы, што калі яму (вартаўніку) гэта трэба, то хай сам і здымае.
Вартаўнік узяў драбіны і пачаў здымаць сцяг. Пасля гэтага паміж Міселям і вартаўніком адбылася слоўная сварка, у ходзе якой, па версіі следства, у адрас вартаўніка прагучалі пагрозы прымянення гвалту, а таксама той замахнуўся на вартаўніка нажом.
Вартаўнік усё ж такі зняў сцяг, і Міселя сышоў. Але праз некаторы час прыходзіў да школы яшчэ раз з сабакам.
Праз два дні пасьля інцыдэнту ў дом, дзе жыве Міселя, прыехалі людзі ў масках і балаклавах, а таксама ў цывільным і патрабавалі адчыніць дзьверы, але сям'я Сяргея гэтага не зрабіла. Пазней Сяргей Міселя сам прыйшоў у міліцыю. Тады яго затрымалі на трое сутак па ўзбуджанай крымінальнай справе, але пазней адпусцілі па падпісцы аб нявыездзе. Да суда ён знаходзіўся на волі.
Сваю віну Сяргей Міселя прызнаў часткова. Ён пацвердзіў факт славеснай сваркі з вартаўніком, аднак адмаўляў пагрозу нажом. Вартаўнік таксама казаў на судзе, што пагрозы нажом не было. На відэа, прагледжаным на судовым пасяджэнні, відаць, што ў Міселі з сабой ёсць мачэтэ, але пры гэтым не відаць, што б ён як-небудзь пагражаў ім. Таксама абвінавачваны растлумачыў, што вяртаўся да школы, каб пагаварыць з вартаўніком, згладзіць канфлікт.
Вартаўнік, прызнаны па справе пацярпелым, заявы ў міліцыю не пісаў, проста перад тым, як выйсці са школы, націснуў на трывожную кнопку. На судзе ён казаў, што дараваў абвінавачанаму за тую спрэчку.
Пракурор запрасіла для Міселі два гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд вынес 16 чэрвеня суддзя Аляксей Крапачоў. Сяргея Міселю ўзялі пад варту ў зале суда.