Відэа "Рудабельскай паказухі", семінар па лічбавай бяспецы праваабаронцам: што ставіцца ў віну па артыкуле 342 КК Леаніду Судаленку
Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка ўтрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 ужо пяць месяцаў. Папярэдняе следства па ягонай справе скончанае – цяпер ён знаёміцца з 77-томнымі матэрыяламі справы. Леанід распавёў з СІЗА калегам, што яму канкрэтна ставіцца ў віну па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), і каментуе абвінавачванні следства ў адносінах да сябе.
"Працягваю знаёміцца з матэрыяламі справы, новага для сябе нічога не выявіў, усе сказалі праўду, як усё на самай справе і адбывалася. Памочніцы мае [Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка] таксама нічога не прыўпрыгожылі, усё як ёсць. Яны абедзве таксама абвінавачаныя. Адна [Таццяна Ласіца] тут, дзе і я, другая [Марыя Тарасенка] – на падпісцы. Абедзве па другой частцы ідуць [ч.2 арт. 342 КК]", – піша праваабаронца.
Як распавядае Леанід, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) яму ставяць у віну тры эпізоды:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям, і ў якіх потым бацьку асудзілі за "беспарадкі”;
- відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак.
Што характэрна, пра ўсе гэтыя эпізоды распавядаў сам праваабаронца на сваёй старонцы ў фэйсбуку, суправаджая гэта адпаведнымі фотаздымкі, то бок інфармацыя была адкрытая.
"Усе гэтыя эпізоды лёгка аспрэчваюцца, калі суд захоча слухаць і чуць", – каментуе абвінавачванні сам Леанід.
Па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) ставіцца ў віну праваабаронцу:
- аплаты дзяржпошлін, штрафаў, адвакатаў;
- семінар па лічбавай бяспекі для праваабаронцаў.
"Мой семінар таксама запісалі ў навучанне пратэстоўцаў, проста вось так цынічна і нахабна, хоць усе апытаныя адназначна выдалі паказанні аб яго тэматыцы!" – абураецца Леанід.
Паводле ацэнкі палітвязня праваабаронцы, суд можа прайсці ўжо ў сярэдзіне ліпеня.
"Калі суд паставіць знак роўнасці паміж гуманітарнай дапамогай і фінансаваннем [пратэстаў], ён створыць небяспечны прэцэдэнт. З іншага боку, а каго сёння гэтыя прэцэдэнты цікавяць?" – задаецца рытарычным пытаннем Леанід.
Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |